Грамадства77

Галоўны рэдактар «Прэсбола» звярнуўся да прадстаўнікоў сілавых структур

Фота Надзеі Бужан

Галоўны рэдактар «Прэсбола» Дзмітрый Герчыкаў звярнуўся да прадстаўнікоў сілавых структур. Зварот напісаны па-беларуску.

Любое спартыўнае мерапрыемства — гэта свята, якое нават у самыя цёмныя часіны здольнае ратаваць людзей. Ратаваць ад горычы, безвыходнасці, тугі ды смутку. У моманты, калі гульцы з'яўляюцца з падтрыбунных памяшканняў ці атлеты ўшчыльную падыходзяць да стартавай лініі, быццам адчыняюцца дзверы ў паралельную рэальнасць. Тую, дзе ўсе, хто знаходзяцца побач, сябры і аднадумцы. Тады як надзея на поспех улюбёнцаў натхняе верай і спадзяваннем, ад якіх матылькі віруюць у душы.

Спартыўны журналіст — быццам той апостал Пётра, што валодае ключамі ад сакральнай брамы. І кожны раз, калі душы заўзятараў прагнуць патрапіць у свет дабрыні і святла, адмыкае дзверы. Праз голас у падкасце, літары ў тэксце ці фота ў інтэрнэт-артыкуле ён накіроўваецца разам з натоўпам у чароўны свет. І звяртае ўвагу ўсіх вандроўнікаў на асаблівасці наваколля на працягу чароўнага маршруту.

Аднак сёння ва ўсіх нас перахапіла голас.

Знікла жаданне варушыць пальцамі па клавіятуры. Зацягнула вочы заслонай слёз ад немачы і бяссілля так, што не бачна манітораў нават памерам з LED-панэль. Усё таму, што Беларусь накрыла хваля неапраўданай, бесчалавечнай жорсткасці. Яна не ведае межаў, не падзяляе ахвяраў па ўзросце, поле ці прафесіі. Яна ігнаруе ўсе адэкватныя катэгорыі, якімі акрэсліваюцца стасункі між людзьмі. Ад яе пакутуюць нашыя калегі, дзейныя (у тым ліку і зорныя) асобы спартыўнай суполкі, чытачы «Прэсбола» і анлайн-версіі газеты, нашы родныя, блізкія ды сваякі…

Гэты боль нельга сцішыць інакш, як адмовіцца ад катаванняў ды вербальных прыніжэнняў, а таксама забараніць фізічную расправу ў дачыненні да тых, хто мірна стаіць паабапал праспектаў, вулачак правінцыйных гарадоў ці сельскіх гасцінцаў. Таму як галоўны рэдактар я звяртаюся ад імя ўсіх супрацоўнікаў — былых ці актыўных — выдання «Прэсбол» з просьбай цалкам спыніць агрэсію супраць простых людзей!

Ведаю, што нас чытаюць і тыя людзі ў мундзірах с зоркамі на пагонах, што аддаюць суворыя загады з кабінетаў, і тыя маладзёны, якія толькі-толькі атрымалі першыя лычкі ў ваенным жыцці. Спыніцеся, спыніцеся, калі ласка! Няма больш каштоўнага на зямлі, чым жыццё і здароўе людзей. Тым больш вашых землякоў — беларусаў, што сэрцам адданыя не толькі роднай зямлі, але і міру.

…Гэты нумар мы рабілі з велізарным цяжарам на душы. І былі моманты, калі адчуванне вырачанасці ды безвыходнасці падштурхоўвала спыніцца, выйсці з белымі аркушамі замест тэкстаў. Аднак журналісцкае сумленне ўсё ж вымагала перасіліць сябе і дарабіць прафесійную справу — так, як гэта рабілі ўсе прэсболаўцы цягам 30 год. Спадзяюся, што і людзі, якім па абавязках трэба абараняць грамадзян і вартаваць іх спакой, ад сёння і надалей таксама будуць дзейнічаць па сумленні, з прафесійным гонарам.

Бо інакш слова «свята» мы не згадаем яшчэ доўга — якія б спартыўныя мерапрыемствы ў свеце ні ладзіліся

Каментары7

Цяпер чытаюць

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя9

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя

Усе навіны →
Усе навіны

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках4

Случ у Слуцку так зарасла, што плыні месцамі ўжо амаль і не відаць

Літоўская сям'я пайшла ў грыбы і сустрэла ў лесе страуса16

У Мінску затрымалі расійскага арганізатара буйной махлярскай схемы з «папяровым ПДВ». Што за яна?1

Наваполацкі макрушнік палічыў, што калі Расія плаціць за забойствы ўкраінцаў, то трэба наймацца. Але прагадаў8

Андрэй Пачобут папрасіў прэм’ера Польшчы выдаваць беларусам дакумент замежніка мінімум на тры гады26

Знайшла сяброўку і пераехала ў публічны вальер. Як цяпер жыве яноціха-нелегалка Ясенія?2

«Жахліва смярдзіць». У Брэсце масава скардзяцца на ваду з-пад крана1

Беларусь папярэдзіла Польшчу пра нібыта рыхтаваны на яе тэрыторыі тэракт3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя9

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць