Свет

Місія «Артэміда»: капсула НАСА «Арыён» дабралася да Месяца. Наступны палёт будзе з людзьмі

Касмічная капсула «Арыён», запушчаная на мінулым тыдні ў рамках праекта НАСА «Артэміда», прайшла за 130 кіламетраў ад паверхні Месяца і цяпер выходзіць на больш высокую арбіту, піша Бі-бі-сі.

Гэта блакітная кропка — планета Зямля. Фота: NASA

Падчас гэтага манеўру сувязь з апаратам перапынілася на 34 хвіліны, паколькі модуль знаходзіўся з адваротнага боку Месяца.

Пасля выхаду на сувязь карабель паслаў у цэнтр кіравання палётамі здымак Зямлі, на якім яна выглядае маленькім блакітным шарыкам на фоне чорнага космасу.

Па словах спецыялістаў НАСА, пакуль што місія пераўзыходзіць усе чаканні.

«Гэта адзін з тых дзён, аб якіх доўга-доўга думаеш і марыш, — прызнаўся кіраўнік праграмы палётаў НАСА Зебулон Сковіл. — Раніцай мы правялі вакол Месяца чарговы касмічны карабель, здольны несці экіпаж, і праз некалькі гадоў будзем зноў гатовыя адправіць туды людзей. Гэта сапраўдны прарыў».

Калі капсула пралятала над Месяцам, яна прайшла над месцамі пасадкі караблёў «Апалон-11-12-13».

Пачатак місіі «Артэміда» паклаў пуск самай магутнай на сённяшні дзень ракеты-носьбіта з Касмічнага цэнтра імя Кенэдзі ў Фларыдзе.

Паколькі гэта выпрабавальны палёт, у капсуле, тэхнічна прызначанай для экіпажа, размясціліся тры манекены, абвешаныя разнастайнымі датчыкамі і прыборамі.

«Усе гэтыя прыборы дапамогуць высветліць, ці падыходзяць для людзей умовы на борце, — тлумачыць кандыдат у астранаўты НАСА Зена Кардман. — Там ёсць датчыкі радыяцыі, сэнсары руху, акселераметры — увогуле, усё тое, што мае вялікае значэнне для людзей».

Калі гэты пробны палёт пройдзе нармальна, то ў наступны рэйс да Месяца адправяцца ўжо не манекены, а жывыя астранаўты.

За палётам уважліва сочыць і Еўрапейскае касмічнае агенцтва, якое адказвае за будаўніцтва тэхнічнага адсека «Арыёна», у якім размешчаны энергетычная і сілавая ўстаноўкі.

ЕКА «дамовілася» і аб адпраўцы да Месяца свайго пасажыра — знакамітага брытанскага мульцяшнага героя баранчыка Шона, які ляціць прышпілены па ўсіх правілах у крэсле. Кампанію яму складае амерыканскі герой коміксаў і мультфільмаў, талісман НАСА сабачка Снупі. Той, праўда, не прышпілены і свабодна лётае па капсуле.

Прайшоўшы побач з Месяцам, «Арыён» зараз павінен выйсці на больш высокую арбіту і 26 лістапада пабіць рэкорд далёкасці, усталяваны «Апалонам-13», аддаліўшыся ад Зямлі на 400171 км.

А праз два дні капсула пераадолее мяжу ў 430 тыс. кіламетраў — так далёка не залятаў яшчэ ніводны касмічны карабель, прызначаны для экіпажа.

Пасля гэтага «Арыён» адправіцца ў зваротны палёт, зноў пройдзе побач з Месяцам і 11 снежня павінен прывадніцца ў Ціхім акіяне.

Каментары

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны21

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Усе навіны →
Усе навіны

«Зладзілі маленькі Кітай». Што вядома пра новую вытворчасць халадзільнікаў у Баранавічах3

«Галоўная крыніца выдаткаў — гэта часта адносіны». Айцішнік расказаў, як за тры гады купіў кватэру ў Тбілісі з заробку5

У Мінску на Партызанскім праспекце аўтамабіль збіў 21‑гадовага хлопца на самакаце4

Прызначаны новы міністр прыродных рэсурсаў3

Прызначана галоўная рэдактарка «СБ. Беларусь сегодня»7

Чаму нафта каштуе менш за $100, нягледзячы на вайну на Блізкім Усходзе? Адказ трэба шукаць у Кітаі

У Гродне дзяўчатам 14 і 15 гадоў пагражае калонія за шопінг у інтэрнэце1

УСУ атакавалі масты, якія вядуць у Крым2

Што адбываецца цяпер у Пішчалаўскім замку і як ён выглядае ФОТЫ4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны21

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць