Грамадства44

Што адбываецца цяпер у Пішчалаўскім замку і як ён выглядае ФОТЫ

Сцен, суровейшых за гэтыя, у Мінску наўрад ці знойдзеш. На працягу амаль двух стагоддзяў Пішчалаўскі замак быў астрогам. І нічым іншым. Цёмным, халодным, палохаючым. Вось ужо як два гады некалі рэжымны аб’ект пустуе. Onlíner пабываў на адной з самых маштабных будпляцовак Мінска.

Пішчалаўскі замак усё яшчэ акружаны непрыступным плотам. Як і ў 1825 годзе, у 2026‑м на тэрыторыю астрога так проста не патрапіць: ахова. Толькі цяпер за высокай агароджай працякае зусім іншае, невядомае гэтай лакацыі жыццё.

— Ідэя вярнуць Пішчалаўскі замак гораду лунала дастаткова даўно, — распавядае начальнік вытворчага аддзела «Мінскай спадчыны» Алег Пілат. — Па сутнасці, пытанне было толькі ў адсяленні папярэдняй установы. Паколькі гэта быў рэжымны аб’ект, загадзя пачаць праводзіць нейкія работы мы не маглі. Першыя спецыялісты, якія даследавалі стан замка і іншых будынкаў, з’явіліся тут толькі пасля таго, як усе памяшканні апусцелі.

Тэрыторыя былога СІЗА №1 (яно ж «Валадарка») не такая і вялікая, як можа падацца: усяго 1,85 га. Некалькі пабудоў, якія адносяцца да савецкага перыяду і не маюць гістарычнай каштоўнасці, знеслі яшчэ мінулай восенню. Зараз за высокім плотам хаваюцца чатыры эфектныя будынкі. Яшчэ адзін будаўнікам трэба будзе аднавіць з нуля.

Але галоўная цікавасць, вядома ж, засяроджана вакол замка. Тынкоўка, якая адвалілася цэлымі пластамі, выветраная да швоў цэгла, глыбокія расколіны, што разбягаюцца па ўсім фасадзе… Будынак, які пачалі ўзводзіць яшчэ ў 1822 годзе пад кіраўніцтвам «генпадрадчыка» Рудольфа Пішчалы, выглядае сумна.

— Задавальняюча, — папраўляе Алег Уладзіміравіч, які за гады працы ў «Мінскай спадчыне» бачыў многае і якога не палохаюць пабудовы ў аварыйным стане. — Вядома, без мерапрыемстваў па ўзмацненні фундаментаў, перакрыццяў і іншага не абысціся. Праца чакае сур’ёзная, працаёмістая і вельмі крапатлівая: узмацненне будзе весціся захваткамі — метр праз два. Але няма нічога немагчымага.

Рэканструкцыя Пішчалаўскага замка — задача з зорачкай. Першыя сур’ёзныя рамонтныя работы былі праведзены ў ім ужо праз некалькі гадоў пасля заканчэння будаўніцтва.

Больш за тое, калі ў 1890‑м замку надбудоўвалі трэці паверх (месцаў для зняволеных не хапала), высветлілася, што сцены ўжо тады знаходзіліся ў аварыйным стане.

І гэта ўсяго за 68 гадоў эксплуатацыі. 

«Мінскі турэмны замак», магчыма, і не дажыў бы да нашых дзён, калі б у савецкія гады яго не «сшылі» металічнымі «ніткамі». Вось гэты зялёны пояс на фасадзе — не што іншае, як сцяжка, якая пранізвае (і змацоўвае) тоўстыя замкавыя сцены наскрозь.

Унутры будынка атосы выглядаюць так. У большасці выпадкаў яны «прыціснутыя» да сцен памяшканняў, але часам праходзяць ці ледзь не пасярэдзіне.

У некаторых памяшканнях ужо бачныя работы па расчыстцы перакрыццяў

Будаўнікі XXI стагоддзя ўжо паспелі падхапіць эстафету супрацьаварыйных работ. Алег Уладзіміравіч паказвае «класічны прыклад узмацнення фундамента»: з двух бакоў галоўную апору будынка «абдымаюць» магутныя металічныя швелеры. Яны паміж сабой сцягваюцца «шпількамі». Ніжэй, ужо з сучаснага моцнага бетону, заліты новы фундамент.

А так, таксама «шпількамі», умацавалі адзін з аварыйных кутоў: сур’ёзная вертыкальная расколіна не давала спецыялістам магчымасці адкласці работы.

Але не варта хвалявацца: усе гэтыя «манструозныя» канструкцыі (як старыя, так і новыя) у выніку знікнуць з фасада. Пасля пісьменна праведзенага ўзмацнення і замены перакрыццяў усе канструкцыі пачнуць працаваць самастойна, без «мыліц». У выніку будынак будзе максімальна набліжаны да яго гістарычнага аблічча, як архітэктар Казімір Хршчановіч завяшчаў.

Унутры ж замка пакуль усё выглядае па-ранейшаму: нідзе не адбітая тыповая плітка, не дэмантаваная штукатурка, пра перапланіроўку памяшканняў і заікацца няма чаго. Няўжо будаўнікам самім не хочацца хутчэй пачаць змяняць гэтае месца? Можа, і хочацца, але душэўныя парывы ўпіраюцца ў здаровы сэнс: любая вібрацыя — не на карысць замку. Таму спачатку — татальнае ўзмацненне ўсіх канструкцый, і толькі потым — унутраныя работы.

Як усё будзе праходзіць?

Калі гаворка заходзіць пра рэканструкцыю гісторыка-культурных каштоўнасцей, без дапамогі навукоўцаў не абысціся. Менавіта яны падымаюць усе дакументы, супастаўляюць выявы розных гадоў і ў цэлым аднаўляюць архітэктурную справядлівасць. Гледзячы на фасад замка, нават непрафесіяналу зразумела, што як мінімум «перапісваўся» малюнак вокнаў. А што яшчэ можа быць, калі капнуць у глыбіню стагоддзяў?..

— За дакладнасць будучага аблічча Пішчалаўскага замка адказвае навуковы кіраўнік праекта Аляксандр Вашкевіч. Так што можна быць упэўненым, што ўсё будзе зроблена на найвышэйшым узроўні. Мы з ім аднавілі ўжо не адзін аб’ект. А ў цэлым праект рэканструкцыі распрацоўвае УП «Мінскпраект». Як толькі дакументацыя будзе гатовая, мы прыступім да работ.

Каб вы разумелі: увага надаецца найменшым дэталям, аж да таго, што нават адценне фасада будзе дакладна такім жа, як 200 гадоў таму. Таксама будуць вернуты на месца ўсе дэкаратыўныя паяскі і карнізы: ужо вырабляюцца шаблоны (на аснове захаваных узораў), дзякуючы якім з рэстаўрацыйных матэрыялаў створаць адсутныя элементы, — тлумачыць Алег Пілат.

Вяртанне Пішчалаўскага замка да «свецкага» жыцця разбіта на тры этапы. Першы ўжо адбыўся: гэта быў знос непрывабных сучасных пабудоў. Другі куды больш цікавы. Ён уключае ў сябе будаўніцтва страчанага будынка побач з замкам і рэканструкцыю былога адміністрацыйнага будынка.

Трэці этап — што называецца, той самы: прадугледжвае рэстаўрацыю самога замка, вонкавых сетак і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Будаўнікам у тым ліку трэба будзе вярнуць замку чацвёртую вежу, якая разбурылася ў 2008 годзе.

— Ужо зразумела, што работы па нулявым цыкле чакаюць каласальныя, — адзначае Алег Уладзіміравіч. — Па маіх падліках, толькі на ўзмацненне фундамента замка спатрэбіцца не менш за паўгода. Ускрыццё падлогі, паніжэнне яе ўзроўню — усе гэтыя этапы будуць выконвацца ўручную, экскаватар на цокальны паверх не загоніш… Не сказаць, што гэта вельмі эксклюзіўная задача, але працаёмістая дакладна.

— Каля замка ўжо вырыты катлаван для будучага будаўніцтва будынка №3 па генплане. Можа, былі нейкія дзіўныя знаходкі?

— Толькі тры слаі асфальту, — усміхаецца спецыяліст. — Яшчэ да пачатку работ навукоўцы папярэдзілі нас, што ніякіх артэфактаў можна не чакаць. За папярэднія гады тут усё так перакапалі, што каштоўнасцей не засталося. Хіба што будаўнічае смецце сустрэнецца. Так і аказалася.

З турмы — у цэнтр прыцягнення?

Пішчалаўскі замак — гэта ні многа ні мала 4646 квадратных метраў, якія патрабуюць не толькі рэканструкцыі, але і поўнага пераасэнсавання.

Канцэпцыя развіцця замка і звязаных з ім будынкаў яшчэ будзе дапрацоўвацца, але ўжо зараз вядома, што музея турэмнага побыту ці чагосьці ў гэтым духу ў гістарычных сценах не з’явіцца. Гэта будзе «свецкае» месца. «Мне здаецца, вельмі правільнае рашэнне — надаць новы сэнс гэтаму месцу», — разважае Алег Пілат.

Калі высокі каменны плот упадзе (гэта адбудзецца ў самым канцы рэканструкцыі), Мінску адкрыецца новая пляцоўка для масавых гулянняў, прагулачная тэрыторыя і маштабны шматфункцыянальны комплекс. 

Чаго чакаць? Цяперашняя ўваходная група, якая ўключае два будынкі, будзе ператворана. Пабудовам вернуць гістарычную вышыню, а ўнутры размесцяць установы грамадскага харчавання, інфармацыйна-турыстычны цэнтр, асобны грамадскі санвузел.

Замак таксама будзе адкрыты і даступны для ўсіх. На цокальным і першым паверхах «паселяцца» аб’екты грамадскага харчавання. На другім і трэцім — адміністрацыйныя памяшканні. Верагодна, там адкрыюцца выставачная галерэя, музей, турыстычнае бюро.

За замкам адновяць будынак былой стайні. Яго прыстасуюць пад яшчэ адзін аб’ект грамадскага харчавання. У двухпавярховай пабудове, размешчанай на максімальнай адлегласці ад вуліцы Валадарскага, уладкуюцца адміністрацыйныя памяшканні і, магчыма, клуб гістарычнай рэканструкцыі.

— Вядома, гэта вельмі складаны аб’ект. Але рэальны. Існуюць метады і прыёмы, якія дазваляюць яго аднавіць. Так, абыдзецца гэта нятанна, але затое горад атрымае новую знакавую славутасць, — кажа начальнік вытворчага аддзела «Мінскай спадчыны».

Каментары4

  • Рэжым пітанія нарушаць нільзя
    11.06.2026
    О, клас, у Мінску можна будзе пажэрці ня толькі на месцы растрэлаў, але і ў турме! Што яшчэ вертухайскаму пузу трэба для шчасця?
  • Знесці і не марнаваць грошы
    11.06.2026
    Лепш бы гэтая трухлявая турма рассыпалася зусім і яе знеслі.
    Энергетыка там капец якая жудасная.
    Ванючы пах турмы будзе прабівацца скрозь зямлю новую штукатурку.


    За гэтыя грошы лепш бы рэстаўрвавалі замкі і храмы часоў ВКЛ.
    А не аблізвалі кожны кірпічык расейскай турмы.
  • Алесь.
    11.06.2026
    Брыдкая акупацыйная турма, усё так.
    Пры гэтым турму выкарыстоўвалі ўсе акупацыйныя ўлады. Перапоўненыя камеры былі і ў 1941-44 г.г. пры нацысцкай акупацыі. А колькі тысячаў палітвязняў сядзела на Валадарцы да лукашэнкаўскіх "судоў", то мы яшчэ і ня ведаем. Як ня ведаем, колькі ўсяго беларусаў прайшлі праз пакуты гэтай, як Вы слушна напісалі, брыдкай акупацыйнай турмы за два стагоддзя.

Цяпер чытаюць

Вучэбка ў Пскове, абяцаюць ануляваць крэдыты і судзімасці, але не кажуць самага важнага. Як беларусаў вярбуюць на вайну

Вучэбка ў Пскове, абяцаюць ануляваць крэдыты і судзімасці, але не кажуць самага важнага. Як беларусаў вярбуюць на вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Прапагандыст Баравік да Дня Расіі напісаў надзвычай бяздарны верш з яе праслаўленнем17

Якія прадуктовыя сеткі з'явіліся і зніклі ў Беларусі ў апошнія гады? Такіх нямала2

«Ён сапраўды дапамог украінскай арміі». Ва Украіне запусцілі насмешлівы флэшмоб пра Макса Каржа29

Расія будуе каля межаў з Нарвегіяй, Фінляндыяй і краінамі Балтыі вайсковыя базы на 115 тысяч салдат7

У Індыі будаўніцтва гіганцкай сонечнай электрастанцыі спыніла рэдкая птушка2

У Кобрыне дарожныя службы заасфальтавалі завулак Будаўнічы. Аказалася, што толькі на паперы2

У Глыбоцкім раёне 13‑гадовы хлопчык патануў у сажалцы1

Даішнікі на дарогах цяпер будуць выглядаць крыху іначай10

У маі ў Беларусі найбольш падаражэў праезд у цягніках

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вучэбка ў Пскове, абяцаюць ануляваць крэдыты і судзімасці, але не кажуць самага важнага. Як беларусаў вярбуюць на вайну

Вучэбка ў Пскове, абяцаюць ануляваць крэдыты і судзімасці, але не кажуць самага важнага. Як беларусаў вярбуюць на вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць