ЗША просяць Бразілію выдаць расійскага разведчыка. Ён спрабаваў уладкавацца ў Міжнародны крымінальны суд
Вашынгтон накіраваў запыт Бразіліі аб экстрадыцыі меркаванага супрацоўніка ГРУ Сяргея Чаркасава, якога амерыканскія ўлады абвінавачваюць у шпіянажы на карысць расійскай разведкі. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Дождь» са спасылкай на The Washington Post.

ЗША перадалі свой запыт у Вярхоўны суд краіны, які звычайна займаецца пытаннямі экстрадыцыі. Пры гэтым у Бразіліі не выключаюць, што пытанне давядзецца разглядаць на ўзроўні прэзідэнта.
Масква таксама просіць выдаць ёй Чаркасава па абвінавачванні ў гандлі наркотыкамі. Аднак, як у ЗША, так і ў Бразіліі ўважаюць гэты запыт расійскага боку за «відавочныя хітрыкі».
Аб затрыманні Чаркасава абвясціла Служба агульнай разведкі і бяспекі Нідэрландаў у чэрвені 2022 года. Па сцвярджэнні выведкі, расіянін выдаваў сябе за грамадзяніна Бразіліі Віктара Ферэйру і спрабаваў уладкавацца на працу ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. У нідэрландскім прэс-рэлізе яго назвалі «разведчыкам-нелегалам».
У лістападзе 2022 года Bellingcat і The Insider выказалі здагадку ў сваім расследаванні, што расійскія ўлады сфабрыкавалі супраць Чаркасава крымінальную справу аб гандлі наркотыкамі з мэтай вярнуць яго на радзіму. Следчыя матывавалі гэта тым, што ў абвінаваўчым акце супраць Чаркасава былі несастыкоўкі.
Акрамя таго, як высветлілі The Insider і Bellingcat, падчас сваёй меркаванай злачыннай дзейнасці Чаркасаў нават не быў у Расіі. Пры гэтым ён трапіў у расійскую базу вышуку за некалькі дзён да таго, як у Генпракуратуры склалі запыт на яго экстрадыцыю, а да гэтага ніхто яго вышукам не займаўся.
У сакавіку 2023 года стала вядома, што ЗША выставілі Чаркасаву абвінавачванні ў шпіянажы і махлярстве. Паводле версіі амерыканскага Мінюста, Чаркасаў пачаў працаваць у якасці расійскага агента ў Бразіліі ў 2012 годзе, а праз шэсць гадоў пераехаў у ЗША пад выглядам студэнта, дзе збіраў звесткі для расійскай разведкі.
Каментары