Гісторыя22

Як Зэльва хавала Ларысу Геніюш + унікальныя фоты

Піша Міхась Скобла.

Калі нейкую зьяву немагчыма растлумачыць, кажуць, што адбыўся цуд. 10 красавіка 1983 году, у дзень пахаваньня Ларысы Геніюш, ён адбыўся ў нясхільнай да цудаў Зэльве.

Я апытаў дзясяткі відавочцаў, і ніхто мне ня змог уцямна растлумачыць, як тады, пры моцнай яшчэ савецкай уладзе, у савецкім запалоханым і дарэшты кантраляваным мястэчку на вуліцу Савецкую прыйшлі тысячы савецкіх людзей, каб правесьці ў апошні шлях несавецкую грамадзянку. Ніхто ж нікога з хаты ня гнаў, з працы арганізавана не адпускаў. Наадварот, бралі на ўлік тых, хто падпісваў па-беларуску вянкі, хто зьбіраўся прысутнічаць на адпяваньні ў царкве. І ўсё ж людзі прыйшлі. Як на маўклівую маніфэстацыю, перамогшы вонкавы і ўнутраны страх, усім сваім выглядам нібы пацьвярджаючы словы Ларысы Геніюш: «Мы вам ня племя слугаў, мы — народ!»

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Марыс Мэтэрлінк, які быў яшчэ і выдатным прыродазнаўцам, у сваёй кнізе «Разумныя кветкі» апісаў паводзіны расьлінаў у самых розных умовах існаваньня. Аказваецца, асобная кветка можа памыліцца, зацьвісьці не ў пару і загінуць, можа несвоечасова высеяць у зямлю насеньне, якое не дасьць працягу роду. Але ў цэлым кветкавы род ніколі не памыляецца, ён разумны і ведае, як дзейнічаць у надзвычайных сытуацыях.

Магчыма, падобная сыстэма паводзінаў характэрная і для людзей. Асобна ўзяты жыхар Зэльвы мог не чытаць кніг Ларысы Геніюш і ня ведаць, з кім жыў побач на адной вуліцы.
Але настаў момант ісьціны, і ён уліўся ў шматлюднае жалобнае шэсьце, якое ў той дзень і ў той час уяўляла зь сябе менавіта народнае рушаньне, над якім ня мела сілы ўсемагутная тады савецкая ўлада.

Дарэмна прадстаўнікі гэтай улады запалохвалі сьвятара зэльвенскай Сьвята-Троіцкай царквы і настойвалі, каб не было адпяваньня. Айцец Васіль Чыкіда пры паўнюткай царкве адпяваў рабу Божую Ларысу чатыры гадзіны. А ў сваёй пропаведзі назваў Ларысу Геніюш чалавекам «з крыштальна чыстай душой, чые творы будуць жыць вечна».

Дарэмна афіцыйныя распарадчыкі пахаваньня, упаўнаважаныя той жа ўладай, падганялі пад царкву грузавік з апушчанымі бартамі. Труну ад храма да самых могілак людзі несьлі на плячах.

Дарэмна пісьменьнікаў з Горадні і Менску па чарзе выклікалі ў райвыканкам і папярэджвалі, каб «никаких речей» тыя не прамаўлялі. На могілках выступілі Адам Мальдзіс і Ўладзімер Арлоў, які прачытаў верш Сержука Сокалава-Воюша, напісаны на сьмерць паэткі.

Дарэмна ў Зэльву панаехала «службоўцаў у цывільным» з Ваўкавыску і Горадні, якія мусілі кантраляваць сытуацыю. Наўрад ці нехта зь іх здабыў чарговую зорку на пагоны за тое сапраўды народнае пахаваньне.

«Дома сьвечкі даўно пагашаны, / і магілкі пад сьнегам сьпяць. / Дык няўжо і мяне, няшчасную, / пад канвоем будуць хаваць?» — пыталася Ларыса Геніюш у адным з апошніх сваіх вершаў. Спасьцярога паэткі ня спраўдзілася. Хавалі яе пад аховай любові ў атмасфэры шчырага чалавечага смутку.

Калі я гляджу на здымкі з таго пахаваньня, мне міжволі хочацца параўнаць разьвітаньне з Ларысай Геніюш з праводзінамі ў апошні шлях Васіля Быкава. І 10 красавіка 1983 году ў Зэльве, і 25 чэрвеня 2003 году ў Менску, за труной ішоў Народ, дзеля якога гэтыя творцы жылі і пісалі.

Каментары2

Цяпер чытаюць

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна

Усе навіны →
Усе навіны

Польскі дыпламат расказаў, як Лукашэнка ўмее «ачароўваць суразмоўцаў» і хто робіцца ягонымі ахвярамі13

Два беларусы абкрадвалі расійскія крамы і прадавалі здабычу каля заправак. Цягнулі і свініну, і каву, і нават твікс7

«Беларуская народная забава». Як працуе новая сістэма запісу на польскую візу5

У Крупскім раёне затрымалі 17‑гадовага серыйнага падпальшчыка1

Ці павінны кавярні і рэстараны бясплатна наліваць наведвальнікам ваду?3

У брэсцкім парку паставілі аўтамат для кармлення вавёрак

У Расіі чакаюць звальнення Набіулінай ды Мішусціна і пераходу да «мабілізацыйнай эканомікі»6

Мадзяр: Крым ізалюем у найбліжэйшай будучыні9

Як беларускія ўлады імкнуліся пашырыць свой удзел у вайне супраць Украіны9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць