Літаратура33

Хронікі 19: ад цішыні да Плошчаў

Нарыс пра Плошчу-2010. Піша Андрэй Расінскі.

Пасля імшы ў касцёле - на Плошчы. У руках - свечка з бэтлеемскім агеньчыкам.

Палова на восьмую. Людзей яшчэ няшмат.

Пытаюцца:

-- Гэта што?

-- Раство блізка.

Адпачывальнікі, як быццам нічога і не здараецца, катаюцца на коўзанцы. Ілюмінацыя атрутная, чырвона-зялёная. З рупараў гучыць шальная фальклорна-савецкая музыка.

Агеньчык гасне.

Людзей усё болей. Скандуюць: "Жыве Беларусь!" Але што кажуць на прыступках не чутно.

Становіцца зацесна. Вельмі замерзлі ногі.

Пераходжу на другі бок вуліцы -- на балюстраду; шмат людзей ля яе. Зверху можна ацаніць Плошчу: аж чорна ад натоўпу ля ходнікаў Белсаўпрофу, занятыя ходнікі й да будынка мэтро. Часткова заняты каток, але ля ёлкі шчэ катаюцца.

Мужчына побач са мной сплёўвае: "Гэты будзе кіраваць, пакуль не здохне!" На Плошчы крыху меней людзей, чым у 2006. Але ля прыступак вялізная шчыльнасць; ДАІшнікі стрымліваюць натоўп. Машыны сігналяць.

-- Холадна! Холадна! - надрываецца пад вухам музыка, якая стала шчэ гучнейшай і проста б'е па вушах.

Неяк Сіняўскі сказаў, што ў яго не палітычныя, а "эстэтычныя разыходжанні з савецкай уладай".

У мяне - эстэтычныя разыходжанні з лукашызмам. Назаўжды.

Я -- ізноў ля Палаца прафсаюзаў. Нешта чутно праз мегафон; кажуць - Някляеў збіты і ў шпіталі. Фармуецца ўрад народнага даверу. Але -- дакладна разабраць не магу.

Бачу Вячаслава Сіўчыка.

- Слава, што адбываецца?

- Глядзі, перакрылі праспект.

Людзі рухаюцца ў бок плошчы Незалежнасці.

Даўно я не хадзіў па праспекце! Якое прыемнае пачуццё!

Сустрэў Валерку Булгакава. Ён кажа, што "лібералізацыя" згортваецца й пачынаюцца таталітарныя зачысткі.

Па вуліцах плыве аграмадны натоўп. Я не бачу канца і краю; такога даўно не было. Дэманстрацыю сустракаюць падсвечаныя знізу, халодныя дамы гораду. Іррэальнае пачуццё.

Плошча Незалежнасці.

Толькі мітынгоўцы, сцягі, прэса. Няма ні міліцыі, ні машынаў. Бачу аператараў з тут.баю. Тэлефаную дадому, каб глядзелі анлайн-рэпартаж. Тэлефон, як ні дзіўна, працуе.

Гучыць звон Нагасакі, што ля Чырвонага касцёлу. Людзі падцягваюцца пад крыжы.

Выступае Віталь Рымашэўскі.

Пераходзім бліжэй да Дома ўрада.

Кандыдаты выступаюць з ленінскае трыбуны (!) У тым ліку й Калякін ад камуністаў-назіральнікаў (!) Дзядуля Ленін аслупянеў.

Белы Дом урада з чорнымі вокнамі. Унізе гарыць святло.

- Эх, каб наш сцяг быў! Каб улада памянялася да Новага года! -- кажа мужчына побач.

-- У Кіргізіі і меншая колькасць людзей скінула Бакіева, -- кажу я.

"Кандыдаты ідуць у Дом урада! На перамовы".

Цішыня й чаканне. Вэлкамаўскія тэлефоны адключаныя. Сустракаю многіх знаёмых; эх, варта ўдзельнічаць у рэвалюцыі, каб пабачыць добрыя інтэлігентныя твары.

У знаёмага сябра быў назіральнікам -- прычым афіцыйным. Кажа, што на тым участку Лукашэнка набраў 62%, Кастусёў на другім месцы -- 16%. Але, думаю, калі ўлічыць датэрміновае галасаванне, то ў "элегантнага" толькі 42%.

-- Еўропа нам здрадзіла. А пра Расію няма чаго і казаць, -- уздыхаю я.

-- Галоўнае, каб мы самі сабе не здрадзілі, -- кажа жанчына ў цёплым футры. -- Я вось з вёскі прыехала.

Дарэчы, калі шмат людзей -- то не так холадна; але, калі меней -- адразу сцюжна.

Шум ля будынку.

Усхваляваны Рымашэўскі кажа пра восем п'яных правакатараў, якія разбілі шыбы й атакавалі міліцыю.

-- Мы мірныя людзі! Мы супраціўляемся негвалтоўна!

Бачу Хадановіча. Крыкі, што міліцыя набліжаецца.

-- Няўжо гэта разгон?

-- Шчэ не ведаю - філасафічна адказвае Хадановіч.

"Міліцыя сыходзіць!"

З'яўляецца прадчуванне пераломнае кропкі. Няўжо перамаглі?

Хадановіч на трыбуне. Чытае каталонскі верш пра падзенне турэмных муроў.

Мы скандуем гэты верш.

І тут -- як жамяра -- пасыпаліся статуі ў касках.

Шум і крыкі. "Застаемся!" -- яшчэ спрабуюць крычаць кандыдаты. Людзі пабеглі.

Я стаіўся ля пераходу, на другім баку вуліцы. Праспект ужо вольны. Ходзіць транспарт.

Ля ўваходу ў метро нейкі чорны хмыр (у штацкім) камандуе: "Што стаіце, праходзім!"

Моладзь залезла на занесеныя снегам зэдлікі, што насупраць метро, задыхаецца: "Жыве, Беларусь!"

Да Плошчы Незалежнасці падагналі аўтазакі. 14 штук. Ваенныя й міліцыя дэсантуюцца. На самой плошчы - ля касцёлу й Дому ўраду - адбываецца нешта страшнае.

На тварах дзяўчынак -- сполах, але яны здымаюць убачанае на тэлефоны. Я глядзець не магу.

-- Ну, што вы маўчыце? -- крычыць юнак. -- Ён не перамог. Жыве Беларусь!

У метро тэлефоны ізноў працуюць. Раптам сутыкаюся з Хадановічам -- і вельмі ўсцешаны, бо думаў, што яго схапілі.

Але Андрэй паспеў уцячы. Нягледзячы на высокую тэмпературу, здолеў прачытаць верш.

Мне неверагодна сорамна за зімнюю сцюжу. Штучнае святло мільгаціць у падземцы.

Гэта самыя доўгія ночы. Неўзабаве мусіць развіднець.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: чацвёрты і шосты па велічыні33

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: чацвёрты і шосты па велічыні

Усе навіны →
Усе навіны

У расійскай калоніі затрымалі ката-наркакур'ера9

Навукоўцы прымацавалі відэакамеры да найбуйнейшых рыб у свеце і даведаліся пра іх шмат цікавага1

Са схемы дастаўкі дызелю для аграрыяў выключылі чыгунку2

Лукашэнка правёў новыя прызначэнні сярод генералаў7

Сталі вядомыя падрабязнасці крушэння мотадэльтаплана пад Мінскам7

Фірма Modum захоўвала на складах Wildberries у Электрасталі і Катоўску траціну сваёй касметыкі17

Паглядзелі тую самую «Адысею» — якім выйшла самае спрэчнае кіно года44

У Мінску заўважылі ядомы грыб, занесены ў Чырвоную кнігу

У Мінску адкрылі першы дыяганальны пешаходны пераход4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: чацвёрты і шосты па велічыні33

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: чацвёрты і шосты па велічыні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць