13 лютага ў 23.21 у Дзяржынскае раённае падраздзяленне МНС ад мясцовых жыхароў паступіла паведамленне, што адбыўся выбух газу ў кватэры ў пасёлку Энергетыкаў (Негарэльскі сельсавет).
У аднапакаёвай кватэры, размешчанай на другім паверсе пяціпавярховага шматкватэрнага блочнага жылога дома, адбыўся выбух бытавога газу. Пажар пры гэтым не ўзнік. Гаспадар кватэры брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі быў дастаўлены ў раённую бальніцу з апёкамі твару і канечнасцяў 1-й і 2-й ступені (30% цела).
У выніку здарэння пашкоджаны чатыры кватэры.
Разбураны міжпакаёвыя перагародкі, пашкоджаны пліты перакрыцця, шыбы ў некалькіх кватэрах і пад'ездзе. Самастойна з 10 кватэр эвакуяваліся 23 чалавекі. Дзевяць жыхароў пяці кватэр рассяліліся ў сваякоў. Астатнім на меркаванне мясцовых уладаў будзе выдзелена часовае жыллё.
Магчымая прычына выбуху — парушэнне правілаў эксплуатацыі газавых прыстасаванняў і агрэгатаў (уцечка газу з-за негерметычнасці абсталявання).
На месцы выбуху працуюць будаўнічыя і жыллёва-камунальныя брыгады. Вядуцца аднаўленчыя работы.
Каментары