Новы ўрад Беларусі разумее, што адна з ключавых умоваў перадухілення блізкага дэфолту — выхад у найбліжэйшыядва-тры гады на дадатнае сальда замежнага гандлю. Аднак, дакладна вызначыўшы мэту, беларускія ўлады пакуль знаходзяцца ў страху, бо не бачаць гатовых рашэнняў, якім чынам яго можна дасягнуць за такі кароткі перыяд часу.
«Для выхаду на дадатнае сальда замежнага гандлю ў 2015 годзе неабходнае істотнае карэктаванне замежнагандлёвай спецыялізацыі краіны», — заявіў сёння прэм’ер Мясніковіч, прадстаўляючы праграму дзеянняў урада на пяцігодку (цытаты Interfax.by).
«Рост экспарту за пяцігодку ў 2,2 разу плануецца забяспечыць пры меншых тэмпах росту імпарту», — сказаў прэм’ер, зазначыўшы, што ў многіх узнікаюць сумневы ў планах урада ў 2015 годзе выйсці на дадатнае сальда замежнага гандлю.
«Гэтыя сумневы небеспадстаўныя. Мы палічылі, што калі нарасціць экспарт тавараў у 2,2 разу, а паслуг — у 3 разы за пяцігодку, але пры гэтым не змяніўшы структуру эканомікі, то ў 2015 годзе адмоўнае сальда будзе $4,7 млрд, нават у выпадку спрыяльнага прагнозу цэнаў экспарту і імпарту, росту замежнага попыту», — пагадзіўся Мясніковіч.
«Нашы апаненты сцвярджаюць, што рашэнне задачы нерэальнае, бо экспарт цягне за сабой высокатэхналагічны і сыравінны імпарт. Але акцэнт робіцца на мясцовыя сыравінныя рэсурсы і вытворчасць з высокім дабаўленым коштам і нізкай імпартаёмістасцю. Выключэнне складае інвестыцыйны імпарт», — запярэчыў прэм’ер.
Ён паведаміў, што спатрэбіцца павелічэнне інвестыцыйнага імпарту ў 4 разы для вырашэння пастаўленых задачаў, а значыць, спажывецкі і прамежкавы імпарт не можа павялічыцца за пяцігодку больш чым у 1,5–1,7 разу.
«Толькі такі падыход забяспечыць нулявое сальда ў 2014 годзе і рост долі машын, абсталявання ў інвестыцыях, — сказаў Мясніковіч. —
Магчыма, спатрэбяцца не зусім рынкавыя меры, а таксама адміністрацыйныя рашэнні».
Каментары