Архіў

Пошта рэдакцыі

№ 36 (192), 4 — 11 верасьня 2000 г.


 

Пошта рэдакцыі

 

Інтэграцыйныя стасункі

У нядзелю, 20 жніўня, блізка 9-е гадзіны раніцы на вайсковае летнішча 61-е зьнішчальнае авіяцыйнае дывізіі, што месьціцца ў крэсах Баранавічаў, сеў вялікавагавы лятак ІЛ-76 (EW 7876), які мусіў узяць на борт начыньне тэхнічнага кшталту й гэтаксама 30 чалавек тэхнічнага абслугоўваньня. Пасьля ён узяў шлях на вайсковы палігон Астрахань. Адтульсама ў панядзелак у тым самым кірунку сышлі два зьнішчальнікі МіГ-29 з поўным узбраеньнем. Усё гэта прымеркавана да маючых адбыцца на вышэйзгаданым палігоне супольных расейска-беларускіх вайсковых вышкалаў.

Гэткага буйнога пералёту летакоў нашыя УПС ня ведалі нават за саветамі. Пагатоў дзіўна, бо за апошні час шматкроць надараліся нараканьні ваякаў у «шалёмах» наконт дрэннага авіяначыньня й малых сродкаў на ўтрыманьне ў належным стане лётнага абсталяваньня.

Перадусім варта зацеміць, што адбываўся гэты чын у чарговыя ўгодкі сьвята ВПС Беларусі, вытрыманых, бадай, у тых самых савецкіх колерах: то бок нараканьні на суседзяў, маўляў, не адначасова «сьвяткуем» — гэта хутчэй вынятак, а так усё як мае быць: чырвоны сьцяг, чарговыя пасады і ўручаныя гадзіньнікі.

Квітнейце, нівы інтэграцыйных палеткаў — чамусьці ўсё спрэс вайсковых.

Жаўнер тэрміновае службы Ўладзімер Неслух, Баранавічы

 

Расейска-праваслаўны мэсіянізм

Нацыянальны мэсіянізм ёсьць уяўленьнем пра выключную блізкасьць аднаго народу да Хрыста, прызнаньне яго першынства ў Хрысьце. Істотная рыса нацыянальнага мэсіянізму — у нацыянальнай выключнасьці рэлігійнай сьвядомасьці.

Пасьля падзеньня «другога Рыму» – Канстанцінопаля, «трэці Рым» – Масква, выставіў сябе так, што ён нібыта адзіны ў сьвеце прытулак правай веры і сапраўднай набожнасьці. Нягледзячы на тое, што зараз праваслаўная царква быццам бы й бярэ актыўны ўдзел у экумэнічным руху, на самой жа справе яна лічыць Творцу сусьвету сваім уласным расейскім Богам, які нікому больш не належыць, і якога як бы ніхто й ня ведае.

Варта згадаць хаця вялікага расейскага пісьменьніка Дастаеўскага, які ставіў знак роўнасьці паміж усяленскім і праваслаўным, а на месца праваслаўнага так або інакш падстаўляў расейскае. Паводле Дастаеўскага, дык рымскі каталіцызм, кажучы яго словамі, «не Хрыста прапаведуе, а антыхрыста». Вялікі пісьменьнік сьцьвярджае, што каталіцызм у рымскай традыцыі зусім нават і ня вера, а працяг заходняй рымскай імпэрыі. Гэтым вось і вызначаецца пакліканьне Расеі — «Трэба, каб азарыўся, у адпор Захаду, наш Хрыстос, якога мы захавалі і якога яны ня ведалі». Паводле Дастаеўскага, абнаўленьне чалавецтва ў будучыні адбудзецца «адной толькі расейскай думкай, расейскім Богам і Хрыстом». Менавіта ў Расеі і нідзе больш, адбудзецца новае зьяўленьне Хрыстова. Народ расейскі — «на ўсёй зямлі адзіны народ-баганосец, закліканы абнавіць і ўратаваць сьвет імём новага Бога, — яму аднаму дадзеныя ключы жыцьця і новага слова».

Сьцьвярджэньні аб выключнасьці расейцаў і праваслаўя падхопліваў у Дастаеўскага і другі мысьляр — С.Булгакаў: «Нам, расейцам, бліжэйшы і даступнейшы менавіта наш расейскі Хрыстос, Хрыстос прыпадобнага Сэрафіма і прыпадобнага Сергія, чымся Хрыстос Бэрнарда Клервоскага альбо Кацярыны Сыенскай ці нават Францішка Асіскага».

Гэтыя вось сьцьвярджэньні, як Дастаеўскага, так і Булгакава, пярэчаць цьвярозаму сэнсу хрысьціянскага вучэньня, бо яшчэ апостал Павал на самым пачатку хрысьціянства даваў адпор гэткім меркаваньням. «Малю вас, брацьця, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб вы ўсе гаварылі адно і не было між вамі падзелу, але каб вы злучаныя былі ў адным духу і ў адных думках. Бо ад хатніх Хлоінавых стала мне вядома пра вас, браты мае, што паміж вамі ёсьць спрэчкі. Я разумею тое, што ў вас кажуць: я Паўлаў, я Аполасаў, я Кіфін, а я Хрыстоў. Хіба ж падзяліўся Хрыстос? Хіба Павал расьпяўся за вас, або ў імя Паўла вы хрысьціліся?» (1. Кар.1, 10-13).

Тое ж адказаў бы Апостал Павал і тым, хто думае, што нам бліжэй за ўсё Хрыстос сьв. Сэрафіма і Сергія. Апостал раіць усім хрысьціянам без нацыянальных адрозьненьняў злучыцца ў адных думках пра Хрыста. Сапраўды Хрыстос гуртуе вакол сябе ў адных думках і ў адным духу ўсе народы. Ён усюды, дзе зьбіраюцца двое або трое ў імя Яго. Але ж хто згуртуецца ў імя Хрыста расейскага?

Існаваньне нацыянальнага мэсіянізму магчымае толькі ў выпадку забыцьця Пяцідзясятніцы. Яна ня мела б месца, калі б апосталы праз сыходжаньне Сьвятога Духу не адмовіліся б ад сваёй блізкасьці да нацыянальнага габрэйскага мэсіянства. Два вялікія цуды зьдзейсьніліся ў Пяцідзясятніцы: па-першае, яна зацьвердзіла станоўчае пакліканьне кожнага народу праз скасаваньне натуральных межаў паміж нацыянальнасьцямі. Асноўнае адрозьненьне паміж нацыянальнасьцямі — мова — тут ня толькі не скасавалася, але атрымала вышэйшае сьцьвярджэньне і ўвасабленьне. Такім чынам, Бог церазь Пяцідзясятніцу ўзаконіў права кожнай нацыі праводзіць служэньне на сваёй роднай мове. Але мы бачым, што расейскае праваслаўе ня надта ўхваляе ўжываньня нацыянальных моваў у межах сваёй канфэсіі, такім чынам і адбываецца забыцьцё Пяцідзясятніцы.

Бог роўна ставіцца да нацыянальнасьцяў, і таму ніводзін з народаў ня мае права прэтэндаваць на самую галоўную ролю ў сьвеце, а тым больш — абвяшчаць Бога сваёй нацыянальнай уласнасьцю або сваім саюзьнікам ва ўсялякага роду нацыянальных спэкуляцыях. Царква не павінна зьяўляцца інструмэнтам насаджэньня прымусу мовы якой-небудзь адной нацыі на тэрыторыях іншых нацыяў, бо гэта ёсьць грахом.

Дыякан Антон Вахрамееў, Менск

 

Пазьняк і немцы

Рэдакцыя атрымала ліст нямецкага пасольства, у якім, у прыватнасьці, гаворыцца:

«Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ апублікавала 25 жніўня заяву, у якой яна ўжо другі раз неабгрунтавана і адмоўна выказваецца пра дзейнасьць у Беларусі «некаторых палітычных колаў Заходняй Эўропы, асабліва нямецкай дыпляматыі». Дакор наступны: гэтыя «палітычныя колы» падтрымліваюць «расейскую акупацыйную палітыку ў Беларусі». Гаворыцца, што гэта адбываецца, у прыватнасьці, у межах дзейнасьці Кансультатыўна-нагляднай групы АБСЭ ў Беларусі пад кіраўніцтвам нямецкага дыплямата Віка.

Пасольства Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны ў Менску рашуча адхіляе цьверджаньні, прыведзеныя ў заяве Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Нямецкае дыпляматычнае прадстаўніцтва таксама ўважае, што заявы КХП-БНФ «уяўляюць сабой гратэскавае скажэньне рэчаіснасьці». У заяве запэўніваецца, што «дзейнасьць нямецкай дыпляматыі ў Беларусі, як і яе супольнікаў, накіравана на тое, каб садзейнічаць працэсу ўзаемапаразуменьня паміж рознымі палітычнымі сіламі і дэмакратызацыі краіны».

 

«Слова целам сталася…»

ХV сусьветны дзень моладзі праводзіўся ў Рыме. Беларускія каталікі таксама не абмінулі гэтай падзеі. Сотні пілігрымаў з усяе Беларусі рушылі ў Італію. Пінчукі былі сярод іх.

Цуды пачаліся на беларуска-польскай мяжы. Многія з нас упершыню ўбачылі, як «сьпіртавозы» перавозяць свой незаконны тавар празь мяжу. Назіраючы за іхнай ліхаманкавай актыўнасьцю, мы пачалі баяцца, каб колаў у цягніка не паадкручвалі.

Першы прыпынак пілігрымы зрабілі ў духоўнай сталіцы Польшчы, Чэнстахове. На аўстрыйскай мяжы мы трохі забавіліся: нашыя візы былі сапраўдныя ад 10 жніўня, а мы прыехалі на мяжу 9-га. Аўстрыйцы знайшлі не бюракратычнае выйсьце са становішча, каб і нас не трымаць лішнія гадзіны на мяжы: узялі заўтрашні штэмпэль і праштампавалі нашы пашпарты. Начавалі мы ў парафіі невялічкага мястэчка Глёгніц. Альпы зачаравалі нас. Перш чым ехаць у Рым, пабывалі мы ў Вэнэцыі і Вэроне. Вэнэцыя – прыгожае, але абадранае места (вядома, вільгаць) з прыгожымі гандоламіі ды бруднаватымі каналамі. Спаткалі там багаценькіх расейскіх шоп-турыстаў з клумкамі закупленага. Прачытаўшы беларускія надпісы ў нас на кашульках, яны давай гукаць нас: «О, беларусы, привет!» — узрадаваліся. А тыя беларусы як ішлі, так і пайшлі далей. Ніхто нават не азірнуўся.

У Вэроне жылі ў гасьцінных сем’ях.

Так дабраліся і да мэты пілігрымкі – Рыму. Два мільёны маладых людзей прыехалі ў Вечны Горад з усіх частак сьвету. Адкрыцьцё мела адбыцца на плошчы Сьвятога Пятра. На пляцы і навакольных вуліцах сабралася столькі народу, што зборыска палівалі вадой з пажарных машынаў, каб людзі ня трацілі прытомнасьці, бо сьпёка была страшная. Увечары пасьля імшы такая вялікая колькасьць народу не магла выбрацца з цэнтру Рыму безь перашкодаў. Далёка за поўнач горад быў шматлюдны, як удзень. Выходзіць з гораду да школы, дзе мы атабарыліся, прыйшлося пешшу ісьці па бясконцых рымскіх вуліцах. Мы сьцерлі ногі і, каб лягчэй было ісьці, абмывалі іх у рымскіх фантанах. Спатканьне з Папам адбылося пры канцы пілігрымкі. «І слова целам сталася і пасялілася між нас…» – такі быў дэвіз спатканьня.

Яўген Салейчук, Пінск

 

Крамніца, крамарка, прадавачка

Зноў хацеў бы вярнуцца да тэмы «Фэмінізацыя беларускае мовы», бо дагэтуль непасьлядоўнае выкарыстаньне — то раптам слова ў жаночым родзе, то ў мужчынскім — працягваецца й, дарэчы, ва ўсіх беларускамоўных газэтах. У «Чырвонай Змене» сустракаецца «сакратарка-рэфэрэнтка», а ў «Нашай Ніве» выключна «сакратар-рэфэрэнт». У «Звязьдзе» (19.08.2000) на адной старонцы трапіў на «касірку» (бо хто яшчэ пойдзе працаваць у будку выдаваць грошы зь вялікай адказнасьцю й мізэрным заробкам, як не жанчына?) і на «прадстаўніка дыпкорпусу ў Мурманску Галіну Сьнягоўскую». Як бачна, ва ўсіх выпадках мелася на ўвазе жанчына, але ўлічваючы традыцыю падзяленьня працы на прэстыжную й ня надта (мужчынскую/жаночую), застаецца дзейсным патрыярхальны моўны стэрэатып.

Здаецца, Галіна Сьнягоўская можа быць прадстаўніцай дыпкорпусу ў Мурманску альбо жанчына ўсё яшчэ не чалавек? Калі мы імкнемся да дэмакратызацыі грамадзтва, трэба паважаць найперш асобу, а не пасаду ці прафэсію. Што тычыцца цікавай заўвагі сп. Вячкі Васілёнка зь Менску наконт назвы жанчыны, якая працуе ў краме, дык трэба згадзіцца, што ад слова «магазіншчыца» ці «прадаўшчыца» сапраўды разьвіваецца галавакружэньне. Беларуская мова нават у самых складаных, далікатных выпадках дэманструе ўнівэрсалісцкі характар, не абыходзячы ўвагай ані жанчынаў, ані мужчынаў.

Можна назваць жанчыну, якая працуе ў краме, па-першае, прадавачкай, па-другое — крамніцай, па-трэцяе — крамаркай.

Хаця ў народзе кажуць: «Хоць гаршком, абы ня ў печ», а ўсё ж такі ад нас залежыць, якое слова зойме месца ў слоўніках і нашай гаворцы.

Уладзіслаў Гарбацкі,
Віцебск


Каментары

Цяпер чытаюць

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць вежаў да неба: як вядзецца будаўніцтва міжнароднага фінансавага цэнтра ў Мінску8

Заміроўская: Пакуль я не пішу кнігі12

Трамп хоча, каб Інфанціна стаў генеральным сакратаром ААН13

Гэтая расліна адпужвае камароў не горш за самую папулярную хімію7

Егіпет уводзіць электронныя візы. Як сістэма будзе працаваць для беларусаў?

На Беларусі быў яшчэ адзін крыж, падобны да крыжа Еўфрасінні Полацкай. Што з ім стала?18

Сырскі: У якім бы статусе я ні быў, я буду служыць Украіне да Перамогі4

У Армавіры ў выніку атакі беспілотнікаў гарыць нафтабаза

У польскім Быдгашчы знайшлі мужчыну і жанчыну, якія напалі на сямейную пару з Беларусі14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць