Архіў

Павал Бурдыка. Горкі кавалак хлеба

№ 10 (219), 5 — 12 сакавіка 2001 г.


 Горкі кавалак хлеба

эсэ

Раней, калі на стале селяніна ляжаў пад абрусам бохан хлеба, лічылася, што сям’я жыве ў дастатку, што гаспадар заможны. Але не заўсёды так бывала цягам таго часу, які мне ўжо пашанцавала пражыць.

Успамінаецца раньняе маленства, калі я мог схавацца ў жыце на асабістым бацькавым шнуры на паплавах, нарваць на мяжы васількоў і нават паласавацца каля вялікай грушкі.

Аднак хлеба на стале пад абрусам ня памятаю. “Чэкар” (гэтак называла маці нас, сваіх пяцёх нашчадкаў) не дазваляла яму залежвацца і чарсьцьвець. Тыя тры-чатыры “як жарон, буханкі хлеба”, якія пякла маці два ці тры разы на тыдзень, зьнішчаліся намі старанна да апошняй скарынкі. Час ішоў, мы падрасталі, “заместа палосак убогіх і вузкіх калгасныя нівы, як мора, ляглі”. Аднак мукі ў нас ад гэтага не пабольшала, і хутка хатні хлеб маці перастала выпякаць. Мы, дзеці, цяпер толькі ўспаміналі, як церліся ля прыпеку, замінаючы маці дастаць зь печы круглы, пахучы, пульхны, часам падгарэлы бохан, каб адкалупнуць пачарнелую скарыначку і паласавацца ёй. Цяпер хлеб, набыты ў краме, хаваўся ў куфар пад замок і прыносіўся да стала толькі падчас абеду. А каб купіць кілё ці два хлеба (у адны рукі больш не давалі), яшчэ трэ было кілямэтры два ісьці да крамы, займаць чаргу, лепей зь вечара, начаваць там. І тады ўжо, калі ня выціснуць з чаргі, можна было мець гарантыю, што сям’я пасьнедае з хлебам.

Калі ж не атрымлівалася, елі праснакі — прэсныя аладкі, замяшаныя на жытняй ці ячнай муцэ і вадзе, сьпечаныя на патэльні. Каб атрымаць муку, нам, дзецям, трэ было прыцемкам ісьці на калгасную ніву па каласкі. Іх потым сушылі на печы, выцярушвалі зярняткі, веялі і ішлі да суседа, у якога цудам захаваліся жорны (бо ў астатніх сяльчан калгасныя актывісты паразьбівалі іх на дробныя кавалкі), — змалоць на муку. Цяпер ужо думкі аб кавалку хлеба не пакідалі ні малых, ні старых.

Хто мог купіць, купляў, хто не — пераходзіў на “другі хлеб”, ці, як цяпер кажуць, — “бульбяную дыету”. Адсюль, відаць, і ганебная нашая мянушка — “бульбашы”.

Гэта адбывалася ў тыя часы, “калі мы былі багатыя мясам, і хлебам, і рыбай”, а некаму ўжо “па трубах да хат прыбягала вада”. Цяжка ўспамінаць пра лусту хлеба і ў ваеннае ліхалецьце. Хай яно сабе! На вайне, як на вайне, як цяперака ў Чачэніі...

А жыцьцё людзкое бяжыць і часам зьмяняецца, людзі нараджаюцца і паміраюць, а хлеб, як і спрадвеку, для простага чалавека застаецца асноўным харчам.

У найноўшыя часы, калі за цюменскія нафтадаляры пачалі купляць зерне за мяжой, хлеб у крамах можна было набыць і без чаргі. Быў і такі працяглы пэрыяд, калі звычайна адзіны гатунак хлеба завозіўся ў сельскія крамы для людзей другога гатунку, якія набывалі яго без чаргі на 2-3 сутак для сябе і свойскай жывёлы.

У гарадах цывілізацыя пайшла значна далей, асабліва за апошняе дзесяцігодзьдзе. У Полацку ў вітрыне можна ўбачыць некалькі гатункаў хлеба, адрозных паводле тэхналёгіі, складу, формы, ну і, вядома, якасьці і цаны.

Учора жонка прынесла з крамы кавалак падавога хлеба вагою 350 г, нарэзанага скібкамі і адмыслова запакаванага, праўда, даражэйшага. Дзіўлюся і пытаю: “Ці не замежны?” “Можа і так, — адказвае, — на Задзьвіньні ўжо больш за месяц прадпрымальнікі гандлююць таньнейшым за наш расейскім хлебам. Аднак паспытаем маю пакупку”. Распакавалі і пакаштавалі. Хлеб надзіва быў сьвежы, з водарам кмену і пасьпелай, але яшчэ ня зжатай, жытняй нівы.

Калі зьелі па скібцы смачнага хлеба і дасталі па другой, з-пад упакоўкі выпала цыдулка, зь якой даведаліся, што хлеб “весенний староборисовский, подовый, дата изготовления – 2001, энергетическая ценность 221 ккал. Полоцкого хлебзавода”.

Другая скібка “смачнага хлеба” падалася ўжо трохі гаркаватай, быццам бы чэрствай і як бы засядала ў горле.

А назаўтра жонка зноў, як і да гэтага, заняла сорак пятае месца ў чарзе былых будаўнікоў камунізму па таньнейшы хлеб і, пасьля гадзіннага выпрабаваньня холадам, прынесла дадому бохан яшчэ цёплага хлеба, таго гатунку, якім колісь кармілі сьвінчо.

Павал Бурдыка, Полацак


Каментары

Цяпер чытаюць

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска2

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска

Усе навіны →
Усе навіны

З’явілася відэа няшчасця ў Асіповіцкім раёне, дзе загінулі двое вайскоўцаў, а 14 параненыя7

20‑гадовы шафёр вайсковага МАЗа не ўпісаўся ў паварот пад Асіповічамі. Два салдаты загінулі, яшчэ 14 параненыя15

Дэпутаты выпадкова злілі дакумент пра катастрафічны падзеж жывёлы ў сельскіх гаспадарках30

Беларус у 82 гады пераплыў Басфор1

Беластоцкага актывіста Вайцяхоўскага, які вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні і інтэрв'ю БТ, абвясцілі яшчэ і тэрарыстам10

Манашкі разбурылі ў Навагрудку школу, якую пабудавалі святыя мучаніцы, і цяпер просяць грошы на навабуд22

У Кіраве быў атакаваны завод «Авітэк»

200 чалавек за дзень. Што вядома пра страты Расіі ва Украіне да канца ліпеня?8

Новы трэнд сярод падлеткаў — расшпіленыя джынсы30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска2

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць