Архіў

Ігар Лялькоў. Краіна нашых няспраўджаных надзеяў

№ 29 (238), 16 ліпеня 2001 г.


 Краіна нашых няспраўджаных надзеяў

Беларусам Францыя й французы заўсёды ўяўляліся краінаю й людзьмі Надзеі. У пераломныя моманты гісторыі нашыя продкі зьвярталі свае позіркі да далёкіх берагоў Сэны й Люары.

 

Ягайла, заключаючы Крэўскую унію, браўся шлюбам з каралеваю Польшчы Ядзьвігай, прадстаўніцай слыннай францускай дынастыі д’Анжу. У канцы XVI ст., калі згас род Ягайлавічаў, першым абраным манархам Рэчы Паспалітай стаўся Генрык Валеза, будучы кароль Францыі Генрык ІІІ. У XVIІ ст. нашая дзяржаўная эліта шукала ратунку ад анархіі й развалу, што апанавалі краіну ў часе “швэдзкіх”, “казацкіх” і “турэцкіх” войнаў, запрашаючы на варшаўска-віленскі, а то й асобна на віленскі сталец нашчадкаў славутых францускіх фаміліяў. Прапановы такога кшталту атрымлівалі й знакаміты ваяр Люі ІІ дэ Бурбон, прынц дэ Кандэ (вядомы ў гісторыі як Кандэ Вялікі), і ягоны сын Анры-Жуль дэ Кандэ, і Франсуа-Люі дэ Бурбон, прынц дэ Канці, які быў нават законна абраны каралём Польшчы й вялікім князем Літвы ў траўні 1697 г. Частка літвінскай шляхты засталася вернай гэтаму гаспадару, нават калі ў 1698-м ён зьбег з Рэчы Паспалітай пад націскам войскаў саксонскага курфюрста Фрэдэрыка-Аўгуста. Апошні быў абвешчаны польска-літвінскім манархам Аўгустам ІІ ды адразу ж уцягнуў дзяржаву ў зьнішчальную Паўночную вайну. Менавіта на дапамогу Францыі абапіраліся рамантыкі Барскай канфэдэрацыі, якія ў 1768—71 г. змагаліся з акупацыйнымі расейскімі войскамі, спрабуючы захаваць незалежнасьць Рэчы Паспалітай. І кароткачасовае аднаўленьне ў ХІХ ст. Вялікага Княства Літоўскага таксама адбылося пры самым непасрэдным удзеле Францыі — Часовы Ўрад ВКЛ стварыўся ў 1812 г. у Вільні, занятай Вялікай Арміяй Напалеона Банапарта, і дзеяў пад кантролем імпэратарскага камісара Л.Біньёна. І паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64 гг. слалі сваіх эмісараў па дапамогу менавіта ў Парыж — туды, дзе ў 1643 г. Іван Ужэвіч склаў першую ў гісторыі граматыку беларускай мовы, дзе ў 1840-м Аляксандар Рыпінскі выдаў першую ў гісторыі кніжку, на тытульнай старонцы якой чытач мог пабачыць загадкавую назву — “Беларусь”, дзе ў 1841-м Адам Міцкевіч падчас лекцыі ў Калеж дэ Франс назваў мову беларусаў “самаю гарманічнай і з усіх славянскіх моваў найменш зьмененай”. Першым міжнародным дэмаршам першае беларускае палітычнае партыі — Беларускай Сацыялістычнай Грамады — быў ейны ўдзел у нелегальным зьезьдзе партыяў Расеі, што адбыўся ў 1904 г. у Парыжы.

Аднак, загадка адвечнага беларускага спадзяваньня на вырашэньне кардынальных праблемаў свайго Краю з дапамогаю далёкай і такой спакусьлівай Францыі здаецца яшчэ больш таямнічаю, калі ўспомніць пра канец усіх вышэйпералічаных захадаў. Успомніць, як кожны раз наша крохкая Надзея ўшчэнт разьбівалася аб каменны мур de la Politique réelle і du Pragmatisme national — рэальнае палітыкі нацыянальнага прагматызму.

І сапраўды, вынікі спробаў прымусіць гальскага пеўня пракрычаць нам сьвітанак гавораць самі за сябе. Генрык дэ Валюа прагаспадарыў у Рэчы Паспалітай толькі чатыры месяцы (люты—чэрвень 1574), на працягу якіх не знайшоў часу наведаць Вялікае Княства, а потым патаемна зьбег у Парыж, каб заняць спадчынны трон па сьмерці брата Карла ІХ. Кандэ Вялікі ўвогуле адмовіўся прыехаць у Рэч Паспалітую, а ягоны сын не пагадзіўся на карону ВКЛ, асобную ад польскай, калі “караняжы” не захацелі абраць яго спадкаемцам караля й вялікага князя Яна Казіміра. Прынц дэ Канці ня здолеў дабрацца да месца каранацыі, а сваёй нерашучасьцю за некалькі месяцаў распужаў усіх прыхільнікаў і бясслаўна пакінуў Край. Барскім канфэдэратам не хапіла мізэрнай францускай дапамогі, каб адужаць шматтысячнае расейскае войска, і іхная параза справакавала першы падзел Рэчы Паспалітай. Часовы Ўрад ВКЛ мусіў пакінуць дзяржаву разам з адступаючымі часткамі Вялікай Арміі ў сьнежні 1812 г., а ўся ягоная дзейнасьць зьвялася да арганізацыі харчовага й фуражнага забесьпячэньня францускага войска ды рэкруцкага набору ў тое самае войска — чамусьці, паводле расейскага заканадаўства. Інсургентам Касьцюшкі, Валовіча ці Каліноўскага Францыя нічым рэальна не дапамагла.

Ігар Лялькоў


Каментары

Цяпер чытаюць

«Я так далёка забралася. Шкада толькі, што не магу паказаць гэта тату». Як жыве дачка Паўла Шарамета праз 10 гадоў пасля яго гібелі1

«Я так далёка забралася. Шкада толькі, што не магу паказаць гэта тату». Як жыве дачка Паўла Шарамета праз 10 гадоў пасля яго гібелі

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхары Стаўрапаля пілі з унітазаў, каб выйграць грошы13

Шматдзетны бацька-айцішнік замовіў цацку на маркетплэйсе і атрымаў хімію21

СБУ атакавала чарговы карабель ценявога флоту РФ1

11‑гадовы хлопчык загінуў падчас спуску з Эльбруса5

Тры аўтамабільныя брэнды з найгоршымі кіроўцамі: ці ёсць вашая машына ў спісе?3

Мінтранс падлічыў сярэдні кошт паездкі на таксі ў Беларусі

Навукоўцы: азонавы слой пачаў разбурацца яшчэ да эпохі фрэонаў9

Чаму нават у спякотныя дні варта есці вострую ежу

У Віцебску прадалі будынак былога хедара, дзе вучыўся Марк Шагал

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я так далёка забралася. Шкада толькі, што не магу паказаць гэта тату». Як жыве дачка Паўла Шарамета праз 10 гадоў пасля яго гібелі1

«Я так далёка забралася. Шкада толькі, што не магу паказаць гэта тату». Як жыве дачка Паўла Шарамета праз 10 гадоў пасля яго гібелі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць