Архіў

Вялікая Сьляпня

№ 41 (303), 1 лістапада 2002 г.

 

Вялікая Сьляпня

 

З экранаў тэлебачаньня, з радыёпрыймачоў, з рэклямных плякатаў нясецца заклік: “Пабудуем бібліятэку разам!”. На вуліцах школьнікі пад наглядам настаўнікаў урачыста зьбіраюць грошы ў мінакоў, якія аднойчы ўжо ахвяравалі на гэтую справу свой дзённы заробак. Што бібліятэка будуецца, ведаюць амаль усе, а вось дзе менавіта яна будуецца і як — мала хто бачыў.

 

Зачыстка

4-ы Сьляпнянскі завулак, на месцы якога мусіць быць узьведзеная новая Нацыяналка, цяпер выглядае жахліва. Ягонае разбурэньне пачалося яшчэ ў жніўні: пасярод аднаго з гародаў, зламаўшы плот, нейкая вялізная машына пакінула сьляды колаў. Потым жыхары дому, што бліжэй да праспэкту Скарыны, разабралі й кудысь вывезьлі сваё жытло, яшчэ колькі дамоў апусьцелі, але большасьць насельнікаў не хацелі пакідаць абжытае месца. Яны зьвярталіся ў гарвыканкам, выступалі на радыё “Свабода”, толькі зьмяніць штосьці было ўжо немагчыма. Пры канцы верасьня зьявіўся экскаватар і дамы, якія не пасьпелі разабраць самі жыхары, пачалі руйнавацца работнікамі. Бліжэй да ночы хадзіць завулкам было вусьцішна: проста на вуліцу пустымі ваканіцамі глядзеў дом, у якім яшчэ нядаўна гарэла сьвятло, жылі людзі. Але й ён палохаў мінакоў нядоўга: цяпер там толькі здратаваная коламі ды гусеніцамі зямля.

Вечарамі на адваяваных у вёскі лапіках гараць вогнішчы, побач адпачываюць магутныя машыны, а бліжэй да дарогі ўзвышаецца забытая руйнавальнікамі прыбіральня. Нешта падобнае мы назіралі ўвесну на 1-м Беларускім завулку, дзе цяпер ідзе будоўля, а зусім побач, на вуліцы Беларускай (былой Верхне-Ляхаўскай), улетку быў зьнесены драўляны дом пачатку ХХ ст., які пэўны час лічыўся нават помнікам архітэктуры, а цяпер пачаў замінаць новаму гмаху.

Сярод дамоў 4-га Сьляпнянскага завулку помнікаў архітэктуры няма. Але нельга сказаць, што гэты квартал ня мае ніякай каштоўнасьці. Ён – тое нямногае, што засталося ад буйной некалі вёскі Вялікая Сьляпня, што ўвайшла ў межы гораду яшчэ ў 1959 г.

Вялікая Сьляпня – паселішча старажытнае. Аб гэтым сьведчыць ужо сама назва, што паходзіць не ад назвы інсэкты і не ад прыметніка “сьляпы”, як доўгі час лічылася, а ад балцкай асновы з сэнсавым значэньнем “ручай, вадасьцёк”. У гістарычных дакумэнтах назва сустракаецца з XVI ст. Шпацыруючы па 2-м і 4-м Сьляпнянскіх завулках, мы заўважалі, што дамы, нават ня дужа старыя, удала спалучаюцца, нават зьліваюцца з навакольным краявідам – такое магчыма толькі на добра абжытых месцах, дзе чалавек пасяліўся ня менш за сотню гадоў таму.

Абсэрваторыя і могілкі

Вялікай Сьляпні “шанцуе” на ўсенародныя будаўніцтвы. Яшчэ ў 1930-я ледзьве не на вясковых могілках рэкорднымі тэмпамі была ўзьведзеная абсэрваторыя. Могілкі гэтыя захаваліся й цяпер. Але іхны стан незайздросны. Надмагільлі павыварочваныя, скляпы зруйнаваныя (засталіся толькі падмуркі), усё спрэс зарасло густой крапівой, у якой п’юць і гнюсяць падазроныя брудныя асобы.

Між тым, некаторыя надпісы на камянях можна яшчэ прачытаць. Магілы датуюцца канцом XIX – 30-мі гадамі ХХ ст. Калі будавалася абсэрваторыя, тут яшчэ хавалі. Нават простая павага да памерлых патрабуе надаць могілкам прыстойны выгляд. Вось імёны, якія мы здолелі прачытаць на тамтэйшых помніках. Мо хтось з чытачоў раптам знойдзе ў гэтым сьпісе свайго прадзеда ці прабабу ды прыйдзе на Дзяды ў Сьляпню – давесьці магілку да ладу: Ганна Бацяноўская, дачка Аляксея (1891–1911); Іван Вярбіцкi, сын Міхаіла (1839–1899); Іван (1844–1896) і Аўдоцьця (1853–1914) Краўчанкі; Раман Кучмель (1850–1897); Марыя Маркоўская, дачка Васіля (1839–1899); Ігнат Маркоўскі, сын Францішка (1836–1906); Лявон Сацук, сын Мацея (1812–1898); Тамаш (1827–1910) і Кацярына (1814–1911) Сьлесаронкі; Марыя Хмялеўская (1866–1894); Сямён, сын Яфрэма (1851–1926), і Праскоўя (1855–1925) Шманаі; Вінцэнт Юронак, сын Хведара (1821–1901).

На сьляпнянскім цьвінтары яшчэ шмат надмагільляў, якія трэба адкопваць ці падымаць, каб прачытаць, хто пад імі пахаваны.

Размовы пра неабходнасьць захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны Менску вядуцца даўно, але яны тычацца гістарычнага цэнтру, тады як пра вёскі, якія праглынуў мэгаполіс, ніхто й ня згадвае. Яны зьнікаюць пад частаколам тыповых гмахаў, не пакідаючы па сабе сьлядоў, а часам нават і назваў. Магчыма, у гэтым заканамерным працэсе нічога страшнага няма? А можа, мы проста не адчуваем яшчэ, якія істотныя рэчы страцілі? Чалавек, які вырас і жыве сярод аднолькавых бэтонных прастакутнікаў, губляе сувязь з прыродай, адчуваньне еднасьці з тымі, хто жыў тут да іх. А калі мы застанёмся бяз гэтага, нам не дапамогуць ніякія бібліятэкі.

Віктар Жыбуль, Вера Бурлак


Каментары

Цяпер чытаюць

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў20

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў

Усе навіны →
Усе навіны

Мадзяр: Крым ізалюем у найбліжэйшай будучыні9

Як беларускія ўлады імкнуліся пашырыць свой удзел у вайне супраць Украіны9

У Новай Баравой бацькі першакласнікаў выстраіліся ў чаргу да новай школы за суткі да прыёму заяў у яе15

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны30

Беларускага шпіца навучылі асновам матэматыкі2

Аляксей Хлястоў звярнуўся да падпісчыкаў — упершыню пасля Акрэсціна13

У магілёўскім музеі запрашаюць сустрэцца з мастацтвам таемна

У дзіцячы садок — з чамаданам выбухоўкі. Гісторыя першага беларускага тэрарыста12

«Дык што вам яшчэ трэба, шаноўныя кіраўнікі ЕГУ?» Севярынец заклікаў беларусізаваць універсітэт, пакуль не позна37

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў20

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць