Архіў

Гастролі Янішэўскіх

Фота  OPERA NARODOWA WARSZAWA

5 лютага, у апошні тыдзень зімовых канікулаў, у пустым і змрочным вэстыбюлі Беларускай акадэміі музыкі завіравала жыцьцё. Нагодаю для гэтага сталася канцэртная імпрэза з удзелам маладых польскіх сьпевакоў Яцэка Янішэўскага і Ганны Мілеўскай-Янішэўскай, зладжаная Польскім інстытутам. Утульная заля Акадэміі музыкі, разьлічаная на паўтысячы слухачоў, запоўнілася амаль цалкам без аніякай рэклямы і продажу квіткоў. Выдатна спрацаваў наш «народны тэлеграф» — «з вуснаў у вусны». Нават у эпоху Інтэрнэту ён застаецца для менчукоў галоўным сродкам масавай інфармацыі.

Фота OPERA NARODOWA WARSZAWA
Працаўнікі й студэнты Акадэміі гэтую імпрэзу праігнаравалі. Апрача прафэсара Роўды, кампазытара Лыбіна і трох-чатырох канцэртмайстарак з вакальных клясаў не было відаць аніводнага прафэсіянала. Залю запоўнілі аматары — тыя, хто занудзіўся па яскравых музычных уражаньнях, бо Канцэртная заля Беларускай філярмоніі зачыненая з тае вясны. Муж і жонка Янішэўскія сьпявалі для мноства ўважлівых вушэй.

Іхны першы выступ у Менску адбыўся гадоў сем таму ў касьцёле Сьв.Роха. Уражаньне засталося пекнае, аднак касьцёл на Залатой Горцы — не найлепшае месца для камэрных канцэртаў. У ягоных акустычных умовах гучаньне галасоў скажаецца, дэталі выкананьня губляюцца. Заля Акадэміі музыкі ў гэтым сэнсе прыдатнейшая, але й значна большага патрабуе. Нездарма тут адбываюцца экзамены па ўсіх музычных спэцыяльнасьцях. У гэтай залі трэба сьпяваць у поўны голас, спадзеючыся толькі на свае сілы і талент, бо акустыка, антураж, асьвятленьне, суровая акадэмічная атмасфэра — усё працуе супраць артыста.

Сем гадоў таму Янішэўскія сьпявалі песьні Шубэрта. Цяперака ў першым аддзяленьні былі выкананыя шэдэўры нямецкага рамантызму — асобныя песьні з вакальнага цыклу Робэрта Шумана на вершы Генрыха Гайнэ «Каханьне паэта» (сьпяваў Яцэк Янішэўскі) і вакальны цыкл Рыхарда Вагнэра «Пяць вершаў Матыльды Вэзэндонк» (сьпявала Ганна Мілеўская-Янішэўская). За раялем была канцэртмайстарка БАМ Ала Трафімава.

Урыўкі з «Каханьня паэта» прагучалі амаль дасканала. Мяккі, прыгожа афарбаваны бас Яцэка Янішэўскага выявіўся дастаткова гнуткім. За мінулыя ад першага прыезду гады сьпявак выйграў конкурс імя Манюшкі ў Варшаве і славуты венскі вакальны конкурс «Бэльвэдэр», трапіў у фінал конкурсу імя Плясыда Дамінга ў Токіё, сьпяваў на опэрных сцэнах Нямеччыны і іншых краінаў Эўропы, стаўся салістам Нацыянальнай опэры ў Варшаве... У сьвеце цяпер вялікі попыт на галасы, прыдатныя для камэрных сьпеваў і барочнай опэры.

Янішэўскі добра выглядае на сцэне, паводзіцца жыва і вызначаецца непадробнай прыроднай музычнасьцю. Ён сьпявае сэрцам і не шкадуе намаганьняў, каб данесьці сваю задуму да публікі. Чаго ня скажаш пра ягоную жонку. У «Пяці вершах Матыльды Вэзэндонк» яна была цалкам бездапаможнай. І справа ня толькі ў тым, што ейнага сьціплага, амаль бястэмбравага, «лялечнага» мэца-сапрана не ставала для драматычных Вагнэравых песень. Не ставала найперш разуменьня музыкі, пранікненьня ў ейныя эмацыйныя глыбіні. Дый адкуль чакаць глыбокіх думак і пачуцьцяў, калі сьпявачка ўвесь час глядзела ў ноты?

У другім аддзяленьні, дзе гучала польская й беларуская музыка XIX—XX ст., спадарыня Янішэўская сьпявала значна лепей. Асабліва ўдалася ёй песьня «Пад яварам» у апрацоўцы нашага земляка Мячыслава Карловіча. Яцэк Янішэўскі сьпяваў бліскуча. Ён адкрыў нам сапраўдную прыгажосьць песень Манюшкі. Ня кажучы ўжо пра невядомыя беларускаму слухачу песьні Фрэдэрыка Шапэна, Мячыслава Карловіча й Ігната Падэрэўскага.

Яшчэ ў гэты свой прыезд Яцэк Янішэўскі з посьпехам паўдзельнічаў у спэктаклі Беларускае опэры «Князь Ігар», выступіўшы ў ролі Канчака. І хоць беларускія калегі ўспрынялі ягоную манеру сьпеву ў штыхі, гэткае супрацоўніцтва было карысным для абодвух бакоў. Аднак найболей выйграла ад гэтага нашая публіка, якую апошнім часам трымаюць на галодным пайку. Пакуль яна рэагуе нармальна — просіць духоўнае ежы. Але гэтую цікаўнасьць да духоўнага варта неяк стымуляваць.

Юлія Андрэева

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я не сустракаў ніводнага вайскоўца, хто б не паважаў Драпатага»: на чале УСУ стаў камандзір новага пакалення. Што ўяўляе сабой Міхаіл Драпаты?2

«Я не сустракаў ніводнага вайскоўца, хто б не паважаў Драпатага»: на чале УСУ стаў камандзір новага пакалення. Што ўяўляе сабой Міхаіл Драпаты?

Усе навіны →
Усе навіны

Адпачывальнікі: «Любанскія кар'еры пад забаронай, дарогі перакапаюць!» Ці сапраўды?

Сілавікі сталі больш маніторыць тыкток і трэдс6

У акупаваным Марыупалі пасля атакі дронаў загарэўся склад з палівам

Самы высокі прахадны ў БДУ склаў 395 балаў

Гібралтар адкрыў мяжу з Іспаніяй. Што гэта азначае для беларусаў і ці патрэбная цяпер брытанская віза2

Вячаслаў Даніловіч, які ганіў бел-чырвона-белы сцяг і хваліў Сталіна, стаў адным з кіраўнікоў Акадэміі навук11

Кот Лары на ганку Даўнінг-стрыт, 10 сустракае новага гаспадара ФОТАФАКТ6

Спакуснік з Каўказа пад выглядам «спецназаўца ГРУ» метадычна дурыў беларускую турыстку5

У беларускі ў пашпарце адарвалася палоска перад першай старонкай. Што кажуць у Дзяржпагранкамітэце

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я не сустракаў ніводнага вайскоўца, хто б не паважаў Драпатага»: на чале УСУ стаў камандзір новага пакалення. Што ўяўляе сабой Міхаіл Драпаты?2

«Я не сустракаў ніводнага вайскоўца, хто б не паважаў Драпатага»: на чале УСУ стаў камандзір новага пакалення. Што ўяўляе сабой Міхаіл Драпаты?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць