Архіў

Тайваньскае пытаньне

Супярэчнасьці між камуністычным Кітаем ды ўрадам Тайбэю могуць перарасьці ў ядзерную вайну. Камэнтар Сержука Вінаградава.

Канфлікт вакол Тайваню мае доўгую й заблытаную гісторыю. У міжваенным часе выспа знаходзілася пад японскай акупацыяй. Пасьля паразы Японіі ў Другой сусьветнай вайне і перамогі камуністычнай рэвалюцыі ў Кітаі ў 1949 г. выспа стала прытулкам для двух мільёнаў уцекачоў з кантынэнту, якія не пакінулі спадзеваў на перамогу над камуністамі ды заснавалі ўрад Кітаю ў выгнаньні на чале з Чан Кайшы.

Зь іншага боку, камуністычны ўрад КНР ніколі не пакідаў прэтэнзій на выспу. І ўсе гэтыя гады статус Тайваню застаецца нявызначаным — спачатку з прычыны геапалітычнага супрацьстаяньня дзьвюх дзяржаў, а таксама дзеля заблытанасьці і эмацыйнае насычанасьці пытаньня. Да апошняга часу галоўныя бакі канфлікту збольшага прытрымліваліся пазыцыі захаваньня статус-кво. Стабільнасьці таксама паспрыяў Пакт пра дачыненьні з Тайванем, прыняты ЗША ў 1979 г. Пакт вызначыў вырашэньне тайваньскага пытаньня мірнымі сродкамі, стаў перадумовай узнаўленьня амэрыкана-кітайскіх дыпляматычных узаемаадносін і фактычна азначаў гатоўнасьць Амэрыкі стаць гарантам бясьпекі для Тайваню.

Аднак апошнім часам сытуацыя вакол выспы выяўляе новыя тэндэнцыі. Некалькі фактараў спрыяюць росту незалежніцкіх настрояў сярод тайваньцаў. Тайвань, які дзякуючы ягоным эканамічным посьпехам адносяць поруч з Ганконгам ды Паўднёвай Карэяй да «азіяцкіх тыграў», у выніку палітычных пераўтварэньняў пачатку дзевяностых зрабіўся паўнавартаснай дэмакратыяй з выбарным прээзыдэнтам, парлямэнтам ды павагай да правоў асобы. У палітычнай эліце Тайваню ўсё больш вагі набіраюць мясцовыя выхадцы з поўдня выспы, якія не зьвязаныя з кітайскай эміграцыяй і маюць тайваньскую сьвядомасьць. Важным таксама падаецца адмоўны прыклад Ганконгу, які ў выніку перадачы яго Вялікабрытаніяй Кітаю страціў значную частку правоў на самакіраваньне. У выніку ў тайваньскай унутрыпалітычнай барацьбе перамагаюць прыхільнікі тайваньскае самаідэнтыфікацыі і фармальнага абвяшчэньня незалежнасьці, на чале якіх стаіць цяперашні прэзыдэнт Чэн ды ягоная Дэмакратычная прагрэсіўная партыя. На мінулым тыдні Чэн атрымаў важную перамогу на выбарах у парлямэнт краіны, які мае зацьвердзіць канстытуцыйную рэформу і прадугледзець магчымасьць рэфэрэндумаў у лёсавызначальных пытаньнях.

Рэакцыя Кітаю на рост незалежніцкіх настрояў на Тайвані пакуль што выяўляе няздольнасьць камуністычнага рэжыму да гнуткай і прадуманай палітыкі. У Пэкіне традыцыйна спадзяюцца на застрашэньне і выкарыстаньне нацыяналістычнае гістэрыі як прылады ціску на Тайвань. На працягу дзесяцігодзьдзяў адной з галоўных мэтаў кітайскае дыпляматыі была ізаляцыя Тайваню на міжнароднай арэне. Вынік гэтых высілкаў — фармальнае непрызнаньне выспы пераважнай большасьцю краін сьвету. З другога боку, непрадстаўленасьць Тайваню ў міжнародных арганізацыях ускладняе рэгіянальнае супрацоўніцтва ў гуманітарных праблемах. Так, падчас эпідэміі сьмяротна небясьпечнага вірусу вугліку кітайскія ўлады блякавалі супрацоўніцтва Тайваню з Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя, што значна ўскладніла барацьбу з хваробай як на Тайвані, так і ў самім Кітаі. А ў сакавіку бягучага году Народны сход КНР зацьвердзіў так званы «Антысэпаратысцкі закон», паводле якога Кітай пакідае за сабой права на вайсковы напад на Тайвань «дзеля захаваньня адзінства краіны». Дэмагагічная і прапагандысцкая сутнасьць закону праяўляецца ўжо ў яго назьве, таму што насамрэч Тайвань ніколі не кантраляваўся ўрадам КНР і таму наўрад ці можа разглядацца як сэпаратысцкая правінцыя. І без таго напружаная сытуацыя ўскладняецца таксама жаданьнем Францыі і Нямеччыны адмяніць эмбарга на гандаль зброяй з камуністычным Кітаем, што без сумневу паспрыяла б перамозе агрэсіўнае парадыгмы ў кітайскай палітыцы.

Насамрэч Кітай і Тайвань найперш зацікаўленыя ў мірным суіснаваньні і эканамічным супрацоўніцтве. Так, Тайвань — галоўны эканамічны партнэр Кітаю з агульнай сумай інвэстыцый на кантынэнце каля 100 мільярдаў даляраў. Аднак жа жаданьне бакоў захаваць свае твары ды настаяць на сваім бачаньні сытуацыі можа разгарнуць сьпіраль напружанасьці, якая ўрэшце насуперак інтарэсам кожнага з бакоў можа прывесьці да вайсковага канфлікту з умяшаньнем Амэрыкі, а ў найгоршым выпадку — да абмену ядзернымі ўдарамі паміж Кітаем ды Злучанымі Штатамі.

У гэтай сытуацыі як ніколі важнай зьяўляецца прынцыповая і салідарная пазыцыя заходняе супольнасьці. Па-першае, краіны Эўразьвязу мусяць адмовіцца ад аднабаковага зьняцьця эмбарга на гандаль зброяй з Кітаем, якія б камэрцыйныя перавагі гэта ім ні абяцала. Па-другое, урады Злучаных Штатаў ды краін Эўразьвязу мусяць недвухсэнсоўна пацьвердзіць сваю апазыцыю да ўсялякіх спробаў гвалтоўнага вырашэньня тайваньскага пытаньня. Важным падаюцца гарантыі абароны дэмакратычна абранага ўраду Тайваню ў выпадку нападу з боку Кітаю. Па-трэцяе, урад Тайваню мусіць адмовіцца ад аднабаковых спробаў зьмены статус-кво. Фармальнае абвяшчэньне незалежнасьці Тайваню мусіць быць прывязанае да падпісаньня дамовы з Кітаем. І, самае галоўнае, урад Кітаю мусіць адмовіцца ад палітыкі застрашэньня і праявіць больш гнуткасьці на магчымых перамовах з Тайванем. Ці будзе сытуацыя вырашана на карысьць міру і дэмакратыі, будзе шмат у чым залежаць ад скаардынаванае дыпляматычнае працы Амэрыкі і Эўропы. Гэта якраз той выпадак, калі паўночна-атлянтычнае партнэрства — лёсавызначальны і адзіна магчымы адказ на выклік часу.

Каментары

Цяпер чытаюць

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол3

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол

Усе навіны →
Усе навіны

Расея стварае пляцоўкі для запуску баявых беспілотнікаў каля межаў Беларусі. Вось дзе1

Хто забараняе ў Беларусі кнігі — вось гэтыя 22 чалавекі37

Інфляцыя ў маі апусцілася ніжэй за 5 працэнтаў

Пад Мінскам мужчына наступіў на асу і памёр4

Беларускі прараб вырашыў дапамагчы падначаленаму таджыку — і выпадкова наткнуўся на расійскага паліцэйскага, які не ўзяў хабар1

«17 стабальнікаў у аднаго настаўніка». Віцебская гімназія пабіла рэкорд Ліды3

Амерыканскі экіпаж збітага верталёта Apache упершыню ў гісторыі выратавалі з дапамогай беспілотнага катара

Ціханоўская сустракаецца з прэзідэнтам Чэхіі3

Алесь Бяляцкі стварыў уласны фонд10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол3

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць