Меркаванні88

Беларуская глыбіня. Запаветны звер

    Звер, якога ты бачыў,
    Быў, і няма яго,
    І выйдзе з бездані,
    І пойдзе ў пагібель.

Апакаліпсіс 17:8

Вясна. Раніцай, яшчэ да праверкі, прачынаешся ад празрыстага птушынага шчабятання. Ціўкаюць так — аж шчыміць сэрца.
І пакуль не загалосіць а шостай аглушальны званок на пад’ём, пакуль не расплюшчыш вочы, пакуль не рассячэ акаём край верхняга шканара і краты на вокнах — можаш колькі заўгодна ўяўляць, што ты ў раі.

Птаства тут мора, разнайстайнага, меладычнага, порсткага — сініцы, гракі, крумкачы, зязюлі, ластаўкі, лёгкія, нібы вэлюм, сціжмы каралькоў. Пушча побач — і жывёла падбіраецца бліжэй да чалавечага жытла, каб пракарміцца.

Ідзеш на працу праз пералесак — а проста на дарожцы янот. Першы раз бачу жывога янота. Пухнаты, паласаты, як на паштоўках.
Пачакаў, пакуль я падыду, прысяду, абнюхаў, сунуўся да кішэняў — э, ядомага няма, — незадаволена крэкнуў, павярнуўся ды патэпаў сабе ўразвалачку.

Не баіцца. Можа, і шалёны — дык нейкі ціхі шал.

У двух кроках ад каменды, на спортгарадку, начамі рыецца дзік — зранку ўвесь дзірван пад каштанамі ўспораты моцным лычом. «Зусім ужо абарзеў», — напаўголаса кажуць «хімікі». Нягучна — каб не пачуў?

Інжынер з Роўбіцка, з­-пад самай Пушчы, расказвае пра зуброў: выходзіць з лесу статак, ламае загарадкі, вытоптвае ды выскубвае рунь — і што ты ім зробіш, тым махінам, грудзіна вісіць да зямлі, а над табой — гара аброслага поўсцю мяса!

Пушча паціху адваёўвае ваколіцы. Мясцовыя багачы будуюць тут паляўнічыя маёнткі — а звер і птушка рассяляюцца па бліжэйшых вёсках, якія выміраюць і зарастаюць быллём.

Сармацкі змешаны лес — у якім сярэдні ўзрост дрэваў складае ад 80 да 100 гадоў (і дагэтуль трапляюцца дубы, што памятаюць паляванні Вітаўта ды Жыгімонта Аўгуста), лес, якому паводле ўзросту ды разнастайнасці відаў раслінаў і жывёлаў няма роўных у Еўропе, дзе хаваліся героі сянкевічавага «Патопу» і дзе Шышкін пісаў эцюды для сваіх знакамітых лясных карцінаў, — быў зроблены запаведным яшчэ прывілеем Ягайлы ў 1409-м.

Але ў сённяшняй Пушчы, развярэджанай меліярацыяй, высахлай, здратаванай «санітарнымі высечкамі» пад выглядам барацьбы з караедам (па 100—120 тысячаў кубаметраў драўніны ў год — караед някепска харчаваўся), захламленай наступствамі «элітнага палявання» ды масавага турызму, усё больш звярэе сам чалавек.

І вось ужо з Пушчы, як дзікага звера, гоняць эколага-абаронцу Валерыя Дранчука.

Калісьці сярэднявечны аўтар пісаў: «У Вялікай Літве звера больш, чым ува ўсім астатнім хрысціянскім свеце». Ці варта здзіўляцца, што дрымучая Беларусь дагэтуль жыве паводле закона джунгляў?

Рэжым, у якога з ілба, хоць трэсні, пруць рогі, а калматыя лапы растуць проста з савецкага бязбожжа, зверу ў чалавеку дае поўную волю.
Зграя ў шэрым на асфальце — у нас ужо даўно частка краявіду, асабліва там, дзе сабралася больш за трое. Хочаш на вачах ва ўсіх беспакарана ганяць, быццам быдла, асоба вумных? Хочаш упівацца да страты чалавечага аблічча? Хочаш блуду і жывёльнага юру — не адно ў барах ды на канцэртах, але і на афіцыйнай тэлевізіі?.. Нават у клетцы — у «амерыканцы», у «зоне», на «хіміі» — мужыкоў, схільных да гвалту, усаджваюць перад чорнымі скрынямі на абавязковы прагляд: стрэлы, выбухі, вампіры, крыкі ды кроў пырскамі.

Галоўнае, каб звер у табе жэр, грыз, даядаў чалавека.

Свабоды?.. Мовы?.. Веры?.. О-о, ды тут чалавечынкай папахвае!..

Зрэшты, у капцюрах ГПУ мы з 1917-га ніколі не сумняваліся. А што наконт нас саміх?

У кожнага беларуса — чыноўніка, спецназаўца, абывацеля ці змагара — душа — Белавежская пушча.
Глыбокая. Таямнічая. Са сваімі скляпеннямі ды спляценнямі хараства змешанага сармацкага лесу ў гушчарах, затканых імглою.

І са сваім запаветным зверам.

Праз чалавечае грэхападзенне, першароднае адмаўленне чалавека ад Бога грэх увайшоў ува ўсю прыроду. На першабытную драпежнасць, лютасць, паяданне адно аднаго, смерць і тленне захварэла і ўсё тварэнне. І адначасна — звер увайшоў у нас.

Чалавек жыве, забаўляецца, змагаецца і баіцца звера ў сабе штодня. Па сутнасці, усё жыццё на зямлі зводзіцца да гэтага пытання: каго падтрымаць — Чалавека ці таго, хто «чалавек чалавеку»… Мы радыя павесціся. Наесціся. Падпіць. Заблудзіць. Раўнуць на слабейшага. Рвануць — і ў кусты. Не выпусціць з кіпцяў. Заблытаць сляды. Ну хоць на Месяц павыць ад безнадзёгі ў рэшце рэшт.

Днямі ў бліжэйшых ад Купліна Калядзічах мужчына з аўчаркай увайшоў у дом і натравіў сабаку на гаспадыню — на вачах дачкі і мужа.

Прыслухайся, прынюхайся да сябе. Пацікуй за ўласным позіркам — ці рэдка ён учэпіцца ва ўпадабанае, каб урваць і ўбок? Зазірні ў тую нару, заімшэлую, цёплую, улежную, смярдзючую, якую кожны з нас носіць у сваіх грудзях…

Нават беларусу з ягонай Белавежскай пушчай у сэрцы не ўпакорыць дзікага звера ў сабе самім.

Той запаветны звер зжываецца з табой, то задаволена вуркоча, то цяжка дыхае, то замірае, чуйна і аддана, схаваны ад старонніх вачэй, не дае гаспадару ўсумніцца, што ён з табою адно, цікуе, пільнуе, вычэквае, каб аднойчы выбухнуць вырашальным рыўком — і ў апошняй бітве, ашчэрыўшы зубы, раптам напароцца на смяротную рану, нанесеную яму Богам.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей6

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей

Усе навіны →
Усе навіны

Кітай абвясціў пра спецыяльную ваенна-марскую аперацыю паблізу Тайваня4

У Арменіі праходзяць парламенцкія выбары. Галоўным пытаннем на іх сталі адносіны з Расіяй5

Стваральнік «Зорных войнаў» рыхтуе да адкрыцця свой футурыстычны музей коштам мільярд даляраў ФОТЫ1

Сын Саннікава расказаў, чаму вучыўся ў Чарнагорыі: У Варшаве здалася неспакойнай сітуацыя з шавінізмам28

Украіна: Расіяне павялічылі колькасць дронаў, якія запускаюцца з Беларусі7

Расіяне атакавалі два ўкраінскія пошукава-выратавальныя судны

У Кеніі зноў пабачылі «прывіда лесу», які баяліся, што ўжо знік

Пасля дажджу над Мінскам паднялася незвычайная вясёлка ФОТАФАКТ1

У Арменіі ЦВК адмовілася здымаць з выбараў галоўны прарасійскі блок8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей6

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць