Грамадства1919

Суд за сцяг, суд за Багінскую — рэпартаж

2,5 мільёна штрафу выпісала суддзя Мотыль за сцяг, узняты 67-гадовай Нінай Багінскай.

Што спадарыню Багінскую апраўдаюць, то ніхто не спадзяваўся. Такога пры Лукашэнку ніколі не бывала, каб апраўдалі таго, хто публічна ўзняў бел-чырвона-белы сцяг, калі ўжо пратакол складзены. Але пытанне ў памеры штрафу.
Таксама пытанне ў вяртанні сцяга. Ніна Багінская нашыла тых сцягоў сотні, ейныя сцягі мае не адна мінская сям’я. Аднак і гэты ёй хочацца вярнуць: кожны хочацца вярнуць, каб ён ізноў уздымаўся.

На справу, як і на кожную іншую адміністрацыйную, прызначаецца паўгадзіны.
Аднак стопрацэнтова разгляд будзе цягнуцца даўжэй — так заўжды з «гэтай апазіцыяй».

Справу разглядае суддзя Мотыль — невысокая жанчына сярэдніх гадоў з капіцай трохі завітых, падсветленых валасоў, сабраных ззаду ў кароткі, несур’ёзны хвосцік, у чорнай мантыі, прытомленая, з тварам, які даўно не бачыў сонца — зрэшты, хто з нас калі яго бачыў? — і вечна падціснутымі вуснамі затурканага вяршыцеля лёсаў, як амаль ва ўсіх суддзяў беларускіх раённых судоў.

Разгляд пачаўся а 10-й гадзіне.

Людзей сабралася амаль два дзясяткі, таму працэс з кабінета суддзі вымушаныя былі перанесці ў вялікую залу для крымінальных пасяджэнняў. Неабсяжная, з жоўтымі лавамі, разлічаная на сотню прысутных, яна дыхае паражнечай. Нібы сонца, у цэнтры гэтай пустаты сядзіць круглатвары вечны аптыміст — былы палітвязень Павел Вінаградаў, што таксама прыйшоў падтрымаць Багінскую.

Падыходзіць і яшчэ пара спозненых наведнікаў, суддзя загадвае ім выйсці, бо пасяджэнне распачатае ўжо.

Супраць Багінскай сведчыць міліцыянт Сяргей Савугін. Гэта малады чалавек гадоў 30-ці, рана лысеючы, падкачаны, штыўнай паставы, светлавалосы.
На ім джынсы і светлая, жаўтаватая скураная куртка, у руках у яго арганайзер й тэлефон. Даўшы паказанні, ён адразу сыходзіць пружыністай хадой, хуткім поглядам абвёўшы прысутных. Спн.Багінская кажа, што ніколі з ім не сутыкалася. І пратакол не ён складаў, а супрацоўнік Маскоўскага РУУС Давыдзік. І тым не менш, ён сведка. Гэты факт асабліва абурае Багінскую.

67-гадовая спадарыня Багінская тонкая, маленькая, як дзяўчынка, яе голас гучыць звонка, хоць валасы сівыя. Яна апранутая ва ўсё самавязанае: спадніца, кофта з карункавымі манжэтамі. Паверх кофты — майка з выявай Алеся Бяляцкага.
«Гэта ж тут, у Маскоўскім судзе, судзілі Бяляцкага, — нагадвае яна. — Таму я і прыйшла ў гэтай майцы».

Маскоўскі суд — прыземісты, два паверхі ўсяго, шэры, акон мала, між гандлёвым цэнтрам «Кірмаш» і хай-тэкавымофісна-забаўляльным цэнтрам «Тытан».

На шыі ў спн. Багінскай — самавязаны бел-чырвона-белы шалік. Дужка яе круглаватых, амаль бітлоўскіх акуляраў падпаяна на правым воку.

Чаго дабіваецца Багінская? «Я хачу, каб улада прыпыніла супрацьпраўныя дзеянні супраць свайго народа, — з запалам кажа яна.
— Каб шанавалі сімвалы і не хлусілі на кожным кроку. Каб вярнулі сцяг і перасталі забіраць яго, каб перасталі ламаць вуды, на якіх я яго ўздымаю. Якая амаральнасць, які цынізм — мала таго, што міліцыя кажа няпраўду, дык яшчэ і на працягу працэсу мяняюць сведкаў. Іх начальнік пры мне лаяўся матам», — звініць яна.

«Для мяне бел-чырвона-белы сцяг — гэта святыня, — кажа яна і сама сабе абяцае. — І надалей буду хадзіць са сцягам на малітвы!».

Яна яркая, не па гадах. На плячы ў яе бардова-чорная самаробная сумачка. Яна магла б быць дызайнеркай адзення.

З боку спн. Багінскай ёсць сведка — Ганна Шапуцька.
Гэта іншая ўдзельніца малітваў за палітвязняў, якія штовечар а 20-й адбываюцца каля Чырвонага касцёла. На Ганне ліловы шаль. Злева, дзе сэрца, прышпілены бел-чырвона-белы значак.

Калі быць дакладным, гэта не суд, а працяг суда.

Ніна Багінская разгарнула бел-чырвона-белы сцяг падчас малітвы каля Чырвонага касцёла. Там моляцца штонядзелю за палітвязняў. А тая малітва 25 Сакавіка была прымеркаваная яшчэ і да 95-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пенсіянерку схапілі, адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна Там у яе забралі палотнішча і пашпарт, а пасля адпусцілі — так не раз бывала.

Калі 26 сакавіка Багінская пайшла забраць пашпарт, у РУУСе на жанчыну склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і адвезлі ў суд.

Ад стомы на тым працэсе актывістка страціла прытомнасць і трапіла ў шпіталь. Сёння суд паводле арт. 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу (несанкцыянаваная масавая акцыя) працягнуўся.

Пенсія ў спн. Багінскай 1,8 мільёна. Колькі з іх яна заплаціць штрафу?

У перапынку, абвешчаным для вынясення рашэння, пытаюся ў прысутных жанчын, чаму яны прыйшлі. «Прыйшла, каб падтрымаць, — кажа 50-гадовая Алена. — Я таксама вельмі люблю бел-чырвона-белы сцяг, толькі я не такая смелая, як Ніна. Вось і прыйшла падтрымаць смелую».

«І я прыйшла падтрымаць, — кажа 20-гадовая (на выгляд) Кацярына Цыгельская. — Мяне саму выгналі з працы за ўдзел у малітвах за палітвязняў. А тут я сядзела і смяялася. Спектакль!».

Іншая жанчына гадоў сарака, з добрымі шэрамі вачыма, дакарае сябе, што спазнілася на працэс: «Вось такія мы, беларусы. Вечна нам пяці хвілін бракуе».

Перапынак зацягнуўся амаль на гадзіну — от «гэтая апазіцыя». Нарэшце суддзя Мотыль вяртаецца. Шырокія абцасы яе замшавых чаравічкоў глуха цокаюць па шэрай керамінаўскай плітцы доўгага судовага калідора.

Прысутныя стоячы выслухоўваюць рашэнне:

«Прызнаць вінаватай, прызначыць штраф у памеры 25-ці велічыняў, або 2 500 000 рублёў».
«Дарагова стоіт» сцяг у перыяд мадэрнізацыі, ад якой «залежыць выжыванне і незалежнасць» Беларусі.

Каментары19

Цяпер чытаюць

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі5

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі

Усе навіны →
Усе навіны

Зянон Пазняк прыехаў ва Украіну ФОТАФАКТ91

У Латвіі прыбяруць дарожныя знакі, якія ўказваюць на Беларусь і Расію26

«Я нарэшце знайшла яго!» Як найлепшыя сябры выявілі, што яны — брат і сястра3

У Германіі мужчына «наняў» ChatGPT у якасці адваката. Яму ўдалося выйграць справу2

Буйны і прэстыжны Зальцбургскі фестываль адкрые прамовай Марыя Калеснікава10

У гандлёвым цэнтры заўважылі воцат па цане аўтамабіля2

Мінчанка прывезла ў чамадане з Занзібара гекона і шукае яму новы дом2

У наездзе на ЛГБТ-прайд у Берліне падазраюць 21‑гадовага ісламіста, яго шукаюць па ўсёй Германіі18

Сын беларускіх оперных спевакоў стаў чэмпіёнам свету па фехтаванні

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі5

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць