Як у 1942-м спрабавалі стварыць нацыянальную Беларускую армію. Піша гісторык Уладзімір Гуленка.
Беларуская армія ў поўным сэнсе гэтага слова была створана толькі ў 1992. Аднак
сенсацыйныя дакументы, адшуканыя ў Нацыянальным архіве сведчаць, што свая армія ў беларусаў магла з’явіцца на паўстагоддзя раней — у гады Другой сусветнай, у складзе Чырвонай Арміі.
24 сакавіка 1944 у Гомелі на Сесіі Вярхоўнага Савета БССР быў прыняты Закон «Аб утварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага Камісарыята Абароны БССР». Такім чынам, у 1944 на паперы ў Беларусі было створана, як мы прызвычаіліся сёння называць, Міністэрства абароны. І
звярніце ўвагу на дату: 24 сакавіка, менавіта напярэдадні даты 25 сакавіка, калі ў 1918 Трэцяй устаўнай граматай была абвешчана незалежнасць БНР. Супадзенне?
Можа і так, але, магчыма, бальшавікі хацелі паказаць беларусам, што толькі савецкая ўлада робіць рэальныя крокі да фарміравання беларускай дзяржаўнасці. Яшчэ больш цікавы факт — спробы стварыць Беларускую армію былі яшчэ раней, у 1942!
Нараджэнне ідэі
Пасля бітвы пад Масквой у кіраўнікоў Беларусі панаваў узнеслы настрой. Усе жылі ідэяй хуткага вяртання на Радзіму і рыхтаваліся да гэтай падзеі. Паўстала галоўнае пытанне — кадры.
Кіраўніцтва Беларусі праводзіць перапіс эвакуіраванага насельніцтва Беларусі і беларусаў-вайскоўцаў у Чырвонай Арміі. У тым ліку былі падлічаны беларускія генералы, афіцэры: хто дзе служыць, якія ўзнагароды мае. На ўлік таксама было ўзята 780 тыс. эвакуяваных з акупаваных тэрыторый беларусаў.
Для чаго рабіўся такі перапіс, ды яшчэ ва ўмовах вайны? Такая акцыя дала адказ наконт магчымых крыніц камплектавання будучай Беларускай арміі.
У выніку было высветлена, што беларусаў па ўсіх магчымых параметрах хопіць на стварэнне не адной, а нават пяці армій!
Масква ўважліва сачыла за палітыкай нямецкіх акупантаў. Па-першае, тыя не распусцілі калгасы, гэтую зручную для іх форму адбірання сельгаспрадукцыі. Па-другое, сачылі за нацыянальнай палітыкай: што ж прапануюць немцы?
У суседняй Украіне, калі АУН-УПА паспрабавалі абвесціць самастойную дзяржаву, то па асабістым загадзе Гітлера было пакарана смерцю 720 бандэраўцаў.
Так немцы нажылі сабе яшчэ аднаго ворага: у лясах супраць іх ваявалі як савецкія партызаны, так і бандэраўцы.
Гаўляйтар Беларусі Кубэ быў хітрэйшы — навошта з беларусаў рабіць ворагаў, калі іх можна эксплуатаваць з выкарыстаннем прынады.
Хочаце бела-чырвона-белы сцяг — калі ласка; хочаце адкрыць цэрквы — калі ласка; беларускі тэатр і школы — калі ласка… Але мэта ўсё роўна была ў фашыстаў адна — максімальная эксплуатацыя.
29 чэрвеня 1942 Кубэ апублікаваў праект загада аб Корпусе беларускай самааховы. Корпус павінен быў складацца з трох дывізій (у Мінску, Баранавічах, Вілейцы), штаб — размяшчацца ў Мінску. 16 ліпеня быў дадзены ўжо канчатковы загад аб фарміраванні КБС.
Каб стварыць бачнасць таго, што корпус знаходзіцца пад беларускім кіраўніцтвам, немцы на вышэйшыя камандныя пасады дазволілі прызначыць беларусаў:
Івана Ермачэнку, Іосіфа Гуцько, Франца Кушаля, былі адкрытыя курсы каманднага скаладу, дзе стала вучыцца 120 афіцэраў. Добраахвотна і прымусова было мабілізавана каля 15 тыс. чалавек.
Ідэя Корпуса самааховы правалілася, а ў красавіку 1943 г. ён быў распушчаны… Але ўсё гэта паўплывала на тое, што ідэя аб стварэнні беларускага войска пачала актыўна распрацоўвацца ў Маскве.
Ініцыятарамі былі Панамарэнка, іншыя дзеячы кампартыі Беларусі, якія знаходзіліся ў Маскве. І ім патрэбна была канкрэтная праца. Вось і ўзнікла ідэя беларускай арміі, тым больш што
ў тыя часы ствараліся літоўскае, латышскае, эстонскае нацыянальныя фарміраванні, польская армія Андэрса. Гэта рабілася з дазволу Сталіна, магчыма, вуснага.
Бо субардынацыя ва ўмовах вайны была жорсткая, без ведама і згоды Сталіна такія дзеянні нельга было сабе ўявіць: і перапіс правесці, і рэсурсы падлічыць.
На чым грунтавалася задума? Тут на першае месца высунулася нацыянальнае пытанне.
Глядзіце: 1938 год, польскія ўлады зачынілі апошнюю беларускую школу. Не варта забываць і пра канцлагер у Бярозе-Картузскай, куды без суда і следства маглі кінуць кожнага беларуса. З пачаткам вайны кіраўніцтва Польшчы распрацавала аперацыю «Вахляж». Яе сутнасць сфармулявана ў загадзе генерала Сікорскага №499 ад 5 лютага 1942: «На абшарах на ўсход ад польскай мяжы распачаць дыверсійна-сабатажныя дзеянні ў як мага большым маштабе». За любое забойства, раненне немцаў жыхары бліжэйшых населеных пунктаў падлягалі знішчэнню. Падстаўляючы беларусаў і ўкраінцаў, польскае кіраўніцтва помсціла ім за тое, што тыя ў 1939 падтрымалі савецкую ўладу. Што ж тычыцца польскіх земляў, дык там, наадварот, кіраўнік «Вахляжа» палкоўнік Адам Грахольскі цвёрда загадаў: «За кожны стрэл на нашым баку мяжы будзе суд». Беларусы не ведалі гэтых загадаў, але рабілі правільныя высновы з рэальных дзеянняў польскай партызанкі.
За першыя паўгода акупацыі Беларусі палітыка нацыстаў прывяла да зменаў у поглядах беларускіх нацыяналістаў, шмат з якіх былі гатовыя ўжо выступіць і супраць немцаў, і супраць камуністаў.
На акупаванай тэрыторыі Беларусі ўзнікла Партыя беларускіх нацыяналістаў. Адзін з яе лідараў, прафесар Вацлаў Іваноўскі, шмат зрабіў для польскага падполля ў Мінску. Дзясяткі членаў Арміі Краёвай дзякуючы яму былі легалізаваныя і атрымалі зручныя для разведчыкаў пасады ў калабарацыянісцкім апараце Беларусі. Партыя была гатовая не толькі пашыраць супрацоўніцтва, але і ўліцца ў шэрагі акаўцаў, але пры адной умове: калі польскія ўлады пісьмова гарантуюць, што пасля вайны ў рамках польскай дзяржавы беларусы атрымаюць культурна-нацыянальную аўтаномію. Але тыя, нават ва ўмовах вайны, на гэта не пагадзіліся.
А што зрабілі камуністы? У 1940—1941 у Заходняй Беларусі пры савецкай уладзе дзейнічала амаль 6 тыс. школ, 25 тэхнікумаў, 5 інстытутаў, 5 драмтэатраў, 100 кінатэатраў, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк.
У 1940 для ўсяго партыйна-дзяржаўнага апарата Беларусі былі набытыя падручнікі па беларускай мове, замацаваныя настаўнікі, і ўвесь апарат павінен быў здаць іспыты па беларускай мове.
Нават дакументы СНК БССР падчас знаходжання ў Маскве ў гады вайны вяліся па-беларуску! Але, нягледзячы на ўсё добрыя справы савецкай улады,
варта не забывацца і пра рэпрэсіі… Тым не менш, мы бачым, што польскае кіраўніцтва ў ідэалагічным плане канкурэнцыі савецкай уладзе не магла стварыць.
П.Панамарэнка пісаў, што трэба актывізаваць беларускіх артыстаў, пісьменнікаў, вучоных, партызанаў, камандзіраў, герояў вайны дзеля таго, каб «больш шырока прадстаўляць беларусаў па радыё, у друку, на сходах, у розных формах і праявах. Трэба папрасіць Купалу і Коласа напісаць баявую песню беларускіх партызан. Выбраць найлепшую музыку і папрасіць спевакоў выканаць яе. А выкананне Александроўскай прайграваць на магнітафоннай стужцы і пускаць па радыё».
У савецкім тыле аднаўляецца дзейнасць беларускага тэатра оперы і балета, Акадэміі навук Беларусі, рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия». Выдаюцца дзве новыя газеты — «За Савецкую Беларусь» і для партызанаў «За вольную Беларусь». На беларускай мове тыражом 200 тыс. асобнікаў быў выдадзены даклад Сталіна «Аб актуальнай палітычнай і ваеннай сітуацыі», зварот П.Панамарэнкі да беларусаў (100 тыс. ас.).
Панамарэнка патрабаваў, каб адказныя за прапаганду людзі ў ЦК намагаліся ўплываць на цэнтральныя савецкія газеты і рэдакцыі радыё, мабілізуючы іх на інфармаванне аб укладзе беларускага народа ў барацьбу з фашызмам
У жніўні 1942 з’явіўся праект пастановы Дзяржаўнага камітэта абароны «Аб фарміраванні Беларускіх армій».
Размова ішла пра дзве арміі! Кожная павінна была налічваць 84 560 чалавек.
Да 10 лістапада 1942 арміі мусілі быць гатовыя ў бой. Укамплектаваць іх планавалася «беларусамі і грамадзянамі іншых нацыянальнасцяў, якія пражывалі раней на тэрыторыі Беларускай ССР».
Але ўжо ў кастрычніцкім праекце пастановы гаворка ішла пра адну армію.
Неабходнасць стварэння Беларускай арміі Панамарэнка абгрунтоўвае ростам самасвядомасці беларусаў, а таксама прагай да вызвалення акупаванай тэрыторыі.
У дакладной запісцы ён піша: «У час вайны моцна вырасла нацыянальная самасвядомасць беларусаў, умацаваліся глыбокія сувязі і любоў да рускага народа. Даўняя нянавісць беларусаў да немцаў, крывавая палітыка акупантаў у Беларусі выклікалі ў народзе разуменне вялізнай небяспекі нацыянальнаму існаванню беларусаў. Узрасло вялізнае адлюстраванне, пачуццё непрымірымай нянавісці да немцаў. Гэта знаходзіць выражэнне ў шырока разгорнутым партызанскім руху ў Беларусі і ў баявой устойлівасці чырвонаармейцаў-беларусаў на франтах. ЦК КП(б) Беларусі ўносіць прапанову аб утварэнні нацыянальнай Беларускай арміі. Такая армія, укамплектаваная з беларусаў, людзей, якія ненавідзяць немцаў, прагнуць помсты, будзе арміяй вялікага наступальнага парыву і ўдарнай сілы. Гэтая армія ўсімі імкненнямі будзе скіраваная на захад, на вызваленне родных мясцінаў. Пры вызваленні хаця б часткі Беларусі армія будзе мець вялізную крыніцу папаўнення».
Касцяком арміі павінны былі стаць 6 стралковых дывізій па 10374 чалавекі, а агульная колькасць арміі павінна была скласці 84 тысячы чалавек.
Што тычыцца камандавання і ўкамплектавання афіцэрамі, дык, як піша Панамарэнка, «Гэтых кадраў хапіла б і на пяць Беларускіх армій. У вышэйшым саставе Чырвонай Арміі маецца 66 генералаў-беларусаў. З іх камандуюць арміямі — 6, камандзіраў карпусоў і дывізій — 12, начальнікаў штабоў армій — 8».
Беларуская армія першапачаткова павінна была дыслацыравацца на тэрыторыі Маскоўскай Ваеннай Акругі, яе фарміраванне і ўкамплектаванне планавалася скончыць да 15 снежня 1942 г., а цалкам падрыхтаваць у бой да 1 мая 1943.
Дывізія імя Каліноўскага
Шэсць дывізій Беларускай арміі павінны былі насіць імёны герояў-беларусаў, першыя пяць — Герояў Савецкага Саюза (Мікалай Грыцавец, Леў Даватар, Мікалай Гастэла, Ціхан Бумажкоў, Фядосій Смалячкоў), а 6-я стралковая дывізія — імя Кастуся Каліноўскага.
У больш раннім дакуменце пад назвай «Пытанні палітычнага выхавання і дысцыпліны» прапаноўваецца назваць армію Беларускай асобай арміяй, а дывізіям даць назвы імя таварыша Сталіна, а таксама па геаграфічных прыкметах — Мінская, Віцебская, Гомельская, Палеская, Магілёўская і Баранавіцкая. А вось імёнамі герояў-беларусаў прапаноўвалася назваць брыгады. Што тычыцца палкоў, то тут і імёны, і геаграфія выглядалі наступным чынам:17-ы пяхотны Мінскі полк, 3-і пяхотны Гомельскі полк, 7-ы пяхотны Полацкі полк, 15-ы пяхотны імя Героя Савецкага Саюза Сільніцкага, Суражскі полк, а таксама стралковы Вілейскі імя Янкі Купалы.
У тым жа дакуменце адзначалася: «Кожны полк мае сцяг палка, кожная дывізія мае сцяг дывізіі. Для дывізіі палка вызначаецца прыняты у Чырвонай Арміі ў гвардзейскай часці фармат: колер чырвоны, у правым куце лозунг: «Смерць нямецкім акупантам, свабоду Беларусі!», у цэнтры нумар часці і прысвоенае найменне, у левым куце герб Беларускай ССР. Для ўсяго асабовага складу арміі ўстанаўліваецца нарукаўны або нагрудны знак-эмблема і ўносіцца некаторае адрозненне ў форму, якое адрознівае армію, дывізіі і палкі. Кожны полк, дывізія павінны мець прысвоеную форму. Гэта не павінна быць складана, за аснову бярэцца ўведзенае ў Чырвонай Арміі абмундзіраванне — форма, яна дапаўняецца толькі знешнімі адрозненнямі (нагрудны знак, павязка, кант, колер фуражкі і г.д.). Армія мае свой традыцыйны марш. Кожная дывізія — сваю традыцыйную песню». Таксама планавалася ўвесці нагрудны знак адрознення, які б паказваў прыналежнасць да Беларускай арміі — з надпісам «Смерць нямецкім акупантам, свабоду Беларусі!»
Аднак Беларуская армія не была арганізавана.
Восень 1942 — самы напал баёў пад Сталінградам. Яшчэ не было яснасці — будзе перамога ці не. На ўліку было кожнае баяздольнае падраздзяленне, і адклікаць генералаў-беларусаў, адклікаць афіцэраў, салдатаў,
рэарганізоўваць войска было складана. Прапанова выспела несвоечасова.
Другая спроба
У Нацыянальным архіве захоўваецца дакумент, датаваны сакавіком 1944, дзе намеснік вайсковага аддзела ЦК КП(б)Б Прохараў піша свайму начальніку Панамарэнку: «Пасля дэталёвага вывучэння ў ЦК ВКП(б) і Беларускай ваеннай акрузе пытання аб утварэнні нацыянальных вайсковых фарміраванняў, лічу неабходным выкласці Вам меркаванне Вайсковага аддзела ЦК КП(б)Б. У ЦК ВКП(б) і ва Упраўленні кадраў Чырвонай Арміі (са словаў т. Смародзіна) ніякіх указанняў аб камплектаванні вайсковых фарміраванняў няма. Незалежна ад гэтага, ёсць простая неабходнасць прасіць дазволу ДКА (Дзяржаўнага камітэта абароны. — заўв. аўт.) прыступіць да стварэння вайсковых фарміраванняў у Беларусі». Тут жа ідзе і абгрунтаванне таго, навошта ствараць Беларускую армію:
«1) Утварэнне Беларускага вайсковага злучэння ў перыяд Айчыннай вайны, якое будзе змагацца за вызваленне беларускай зямлі ад нямецкіх захопнікаў, будзе мець вялікае ваенна-палітычнае і гістарычнае значэнне. Гэтае злучэнне стане асновай і пачаткам вайсковага фарміравання ў Беларусі. На баявых традыцыях будуць выхоўвацца новыя фарміраванні.
2) Такія рэспублікі, як Прыбалтыйскія, Казахская, Грузінская і інш., якія маюць значна менш сваіх магчымасцяў, аднак маюць свае нацыянальныя вайсковыя фарміраванні, пры тым некаторыя з іх створаны ў перыяд Айчыннай вайны. У Беларусі, на тэрыторыі якой разгарнулася бітва за вызваленне ад нямецкіх захопнікаў, пытанне стварэння зараз жа беларускай нацыянальнай арміі становіцца актуальным і мэтазгодным.
3) Вайсковае злучэнне, якое будзе створана з беларусаў за кошт рэзерву і партызан, пры вялізнай дапамозе, якую будуць аказваць ЦК КП(б)Б і Беларускі ўрад, стане значнай сілай на адным з франтоў Беларусі. Гэта Вы выказвалі ў 1942 годзе, калі ўносілі прапанову аб стварэнні Беларускай Арміі».
У тым жа сакавіку 1944 на сесіі Вярхоўнага Савета БССР прымаецца Закон «Аб утварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага Камісарыята Абароны», гэта значыць, у сённяшнім разуменні — свайго Міністэрства абароны.
Дарэчы, у архіве захаваліся і прамовы дэпутатаў на гэтай сесіі Вярхоўнага Савета, дзе яны абмяркоўвалі, прыняць закон ці не. Вось, напрыклад, словы з прамовы старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Наталевіча: «Да сучаснага моманту наша Чырвоная Армія стваралася як агульнасаюзная. Саюзныя рэспублікі ўдзельнічалі ў агульнай справе арганізацыі і ўмацавання сіл Савецкага Саюза. Чырвоная Армія загартоўвалася ў баях, увасабляючы магутнасць многанацыянальнай Савецкай дзяржавы. Зараз, у мэтах далейшага ўмацавання абароннай магутнасці СССР уводзяцца вайсковыя фарміраванні Саюзных Рэспублік як састаўныя часткі Чырвонай Арміі. Зараз задачы нашай Рэспублікі ў справе абароны краіны пашыраюцца, пашыраецца адказнасць…»
Наталевіч апісвае гераічнае мінулае беларускага народа: Грунвальдскую бітву 1410, бітву пры Лясной са шведамі, вайну 1812 г., войны з нямецкімі і польскімі войскамі ў 1918 і 1920. Акцэнт ён робіць на тое, што беларусы змагаліся толькі ў саюзе з «брацкім рускім народам». Пасля дакладчык выказвае ўпэўненасць, што многія падрыхтоўчыя мерапрыемствы можна пачаць ужо зараз: напрыклад, «перакласці некаторыя ўставы і настаўленні Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі на беларускую мову», а таксама пачаць выкладаць вайсковую справу ў школах і пашырыць удзел моладзі ў «масавым спорце». У заключэнне прамоўца адзначыў: «Пераўтварэнне Наркамата Абароны і стварэнне вайсковых фарміраванняў Саюзных Рэспублік, бясспрэчна, яшчэ больш павысіць абаронную магутнасць СССР, гэта ўразуміць і папярэдзіць ворагаў нашай Радзімы ад легкадумных і сквапных намераў нападаць на Савецкі Саюз».
На тым жа пасяджэнні Вярхоўнага Савета выступіў пісьменнік Міхась Лынькоў. Ён у прыватнасці зазначыў:
«Праз нацыянальныя фарміраванні мы зможам яшчэ больш арганізаваць патрыятычнае выхаванне нашых воінаў. Воін, ведаючы гісторыю свайго народа, ведаючы подзвігі сваіх продкаў, ведаючы ўсе гераічныя старонкі свайго мінулага, — гэта свядомы воін, гэта бясстрашны воін,
бо ён ведае, што любы вораг заўжды расплачваўся сваёй галавой за спробы паланіць нас, скарыстацца нашым дабром, нашымі здабыткамі. Ці ёсць жа ў нас кадры для нацыянальных фарміраванняў? Беларусы ваююць на фронце, беларусы ваююць у партызанскіх атрадах. Беларускі народ набыў за гады Айчыннай вайны вялікі ваенны вопыт, выразна вызначыліся яго баявыя звычаі і традыцыі. Такім чынам, ёсць у нас і багацейшы вопыт, і традыцыі, ёсць і багатыя воінскія кадры».
Былі зачытаны рапарты і звароты ад камандзіраў партызанскіх злучэнняў, выступалі іншыя дэпутаты.У выніку Закон «Аб утварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага Камісарыята Абароны» быў паспяхова прыняты.
На той жа сесіі Вярхоўны Савет прыняў і Закон «Аб утварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага Камісарыяту Замежных Спраў БССР» — гэта значыць, Міністэрства замежных спраў у сучасным разуменні. Але калі МЗС, хаця і з фармальнымі функцыямі ў Беларусі потым сапраўды стварылі, то Народны Камісарыят Абароны БССР так і застаўся толькі на паперы. Але цікавым парадоксам з’яўляецца тое, што
няма звестак, каб гэты, прыняты ў 1944 закон, потым адмянілі. Выходзіць, што яго проста не выканалі.
А чаму?
— Магчыма было вырашана, што Беларусь як дзяржава выканала свае задачы: Польшча і БССР заключылі дамову аб беларуска-польскай мяжы; Беларусь стала заснавальніцай ААН, тым самым беларуская дзяржаўнасць была вызнаная 51 краінай — заснавальніцай гэтай арганізацыі; і, такім чынам, галоўная мэта рашэнняў ад 24 сакавіка 1944 года была выканана.
* * *
Уладзімір Гуленка
гісторык, кандыдат гістарычных навук.
Каментары