БелаПАН: Штогадовая вялікая прэс-канферэнцыя Лукашэнкі плануецца 29 студзеня
Паводле звестак БелаПАН, штогадовая вялікая прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі беларускім і замежным СМІ плануецца 29 студзеня. Афіцыйна гэтая інфармацыя пакуль не пацвярджаецца.
Штогадовыя сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх і замежных СМІ кіраўнік дзяржавы звычайна праводзіць у канцы ці пачатку года. Так, у 2011 годзе вялікая прэс-канферэнцыя адбылася 23 снежня, на яе былі запрошаныя прыкладна 400 прадстаўнікоў больш як 300 СМІ. Наступная прэс-канферэнцыя прайшла 15 студзеня 2013 года з удзелам больш як 350 прадстаўнікоў 285 СМІ.
У 2014 годзе мерапрыемства адбылося 21 студзеня, прычым яго фармат быў зменены: на сустрэчу з Лукашэнкам у Палац Незалежнасці запрасілі кіраўнікоў найбуйнейшых беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Акрамя таго, у адрозненне ад прэс-канферэнцый, прамой трансляцыі не было — у вячэрнім эфіры была паказаная толькі тэлеверсія. Сам Лукашэнка растлумачыў фармат мерапрыемства так: «Адкрыта скажу: мне даводзіцца праводзіць у такім маштабе мерапрыемствы з журналістамі, але яны мне не вельмі падабаюцца, таму што гэта падобна на нейкую лекцыю. Усё ж у вузкім крузе зацікаўленых і дасведчаных людзей можна больш падрабязна абмеркаваць тыя ці іншыя пытанні, якія сёння хвалююць людзей, і паспрабаваць, калі гэта атрымаецца, зазірнуць у недалёкую будучыню».
Фармат і месца правядзення прэс-канферэнцыі пакуль не вядомыя.
Каментары