Літаратура99

Уладзімір Рабіновіч. Дзве бутэлькі «Сталічнай» гарэлкі і 300 грам «Доктарскай» каўбасы. Апавяданне

 

— Якая ў цябе адукацыя? — спытаў начальнік аддзела кадраў завода Леніна.

— Вышэйшая.

— Дыплом ёсць?

— Так, калі ласка.

— Для гісторыкаў у мяне працы няма.

— А я і не хачу гісторыкам.

— Навошта тады пяць гадоў вучыўся?

— З­за ромбіка. Я значкі калекцыяную.

— Пойдзеш грузчыкам у АГЗ?

— Пайду.

— Тады афармляйся.

— Што такое АГЗ? — спытаў я цётку ў сініх нарукаўніках, якая мяне афармляла.

— Аддзел гаспадарчага забеспячэння, — адказала яна.

— Што гэта значыць?

— Заводскі сметнік.

 

— Вось, — сказаў майстар, — гэта звалка. Сюды звозяць смецце з цэхаў. Дрэва, метал. Пластмасу асобна, з туалетаў асобна. Праца брудная. Я табе раю пераапрануцца. На гэтых не глядзі. Яны ўжо па дваццаць гадоў працуюць.

— Брэўс, — спыніў ён бамжа, які ішоў міма з рыдлёўкай на плячы, — даю вам маладога, пакажаш яму, што рабіць.

— З барадой, — сказаў, агледзеўшы мяне, Брэўс.

— З барадой.

— Мастак?

— Не, проста з барадой.

— Калі пойдзеш назапашвальнікі ў сталярны цэх чысціць, там казеінавы пыл — склеіцца твая барада.

 

— Вось, — прадставіў мяне Брэўс двум тыпам, калісьці апранутым разнастайна, а цяпер, за кошт бруду і зношанасці адзення, цалкам аднолькава, — будзе ў нас працаваць.

— Праца не цяжкая, смецце валяць, — сказаў адзін з двух. — Як наконт уступных?

— Дзе і калі? — выказаў гатоўнасць я.

— А хоць цяпер, — сказаў Брэўс.

— Да абеду не выпусцяць, — ведаючы рэжым ваеннага завода, сказаў я.

— Гэта тых, у белых халатах, не выпусцяць, а мы возьмем рыдлёўкі і пойдзем тэрыторыю прыбіраць.

«Прыбіраць тэрыторыю» пайшлі мы ўдвух з Брэўсам. У «Сталічным» гастраноме купілі тры бутэлькі мацаванага віна «Акдам».

— Як пранесці віно праз ахову? — спытаў я.

— Адну вып’ем зараз, а гэтыя я пранясу сам, — ён паказаў мне спецыяльнае прыстасаванне ў штанах у выглядзе дзвюх глыбокіх унутраных кішэняў.

— Чым закусім?

— Ты што, паўбутэлькі будзеш закусваць?

— Не, так я не магу, давай хоць піражкоў з мясам вазьму.

Мы выпілі бутэльку «Акдама» ў двары «Сталічнага», закусілі піражкамі. Брэўс пацяплеў, папляскаў мяне па плячы і сказаў:

— Добры ты хлопец, Барада, будзеш у нашай кампаніі. Табе спадабаецца.

Да абеду мы з Брэўсам чысцілі назапашвальнікі ў сталярным цэху. Драўнянае пілавінне і пыл у велізарных цыліндрах вышынёй з трохпавярховы дом ляжалі шчыльна, і я павінен быў прабіваць зляжалую масу доўгай трубой. Калі мне ўдалося выкалупаць ніжні пласт, пілавінне зляцела з назапашвальніка плыняю і засыпала мяне з галавой. Брэўс адкапаў мяне рыдлёўкай і дапамог выбрацца.

— Так з усімі бывае, — сказаў ён. — Таму чысціць ходзім заўсёды ўдвух. Хадзем у камрэсарную, абдзьмемся.

У кампрэсарнай ён клапатліва, як лазеншчык, пачысціў мяне струменем сціснутага паветра са шланга.

У абед усе сабраліся ў бытоўцы. Брэўс выставіў на стол дзве бутэлькі віна. Адзін са смеццевікоў расчаравана спытаў:

— Толькі дзве?

— У пацана фінансы абмежаваныя, — сказаў Брэўс. — У мяне яшчэ шклянка спірту ёсць. Выстаўляю з нагоды знаёмства.

— Гэта, — паказаў ён на калегаў, — Царук, гэта — Заяц, ён xаxол.

— Рабіновіч, — прадставіўся я.

— Ну, што там у нас на закусь? — спытаў Царук.

— Каўбаса з нутрыі, — сказаў Заяц.

— З пацука?

— Не хочаш — не еш, — сказаў Заяц.

— Ну, Заяц, — сказаў Царук, — калі атручуся тваім пацуком, я табе вока на сраку напну.

— З віном не атруцішся, — сказаў Брэўс. — Віно дэзынфікуе.

— І лечыць, — сказаў Заяц.

Калі выпілі ўсё віно, Царук дастаў спірт.

— Дзе ты спірт браў? — спытаў Заяц.

— У дзевятнаццатым цэху.

— Ох, — сказаў Заяц, — у іх спірт хяровы, тэхнічны.

— Не хочаш — не пі, — сказаў Царук.

Я ад тэхнічнага спірту адмовіўся.

Калі ўсе выпілі, трохі захмялелы Царук спытаў у мяне:

— Ты ў тэхніцы што­небудзь петрыш?

— Трохі, — сказаў я. — У дзяцінстве прымачы збіраў. Да арміі рэгуліроўшчыкам у 19­м цэху працаваў. У мяне аперацыя была: ток анода, напружанне другога катода.

— Што гэта значыць? — спытаў Заяц.

— Не ведаю. За два гады так і не зразумеў. Мяне амаль кожны дзень токам біла.

— Слухай, — сказаў Царук, — я тут у 21­м цэху такую штуку сп**ў. Яе больш за ўсіх ахоўвалі, таму і ўзяў. У смецце скінуў і вынес.

— Дай паглядзець, — сказаў я.

Ён дастаў з жалезнай шафы кірзавы бот, а з бота выняў невялікі прыбор з пераключальнікамі.

— Там яшчэ скрынка была, але я выкінуў. Занадта шмат месца займала.

«ЗАСС», — прачытаў я на вечцы. — «Засакрэчаная Сістэма Сувязі».

— Ты адкуль ведаеш? — спытаў Брэўс.

— Я ў СПА служыў.

— А з кім сувязь? — спытаў Заяц

— Ды з кім хочаш, — cказаў Брэўс. — Давай, уключай.

З усіх ручак з тлумачальным надпісам была толькі адна: укл / выкл.

— Пачнём з гэтай, — сказаў я.

Прылада зашыпела.

— Белы шум, — сказаў я шматзначна.

Калегі­смеццевікі паглядзелі на мяне з павагай.

Пры наступным пераключэнні прылада загаварыла па­англійску.

— Пра што кажа? — спытаў Заяц.

— Не ведаю, я ў школе нямецкую вывучаў.

На трэцім дыяпазоне сядзела радыёстанцыя «Маяк». Калі я пераключыў ручку ў чацвёрты раз, прылада сказала:

— Другі слухае.

— А дзе трэці? — спытаў у прылады Брэўс.

— Трэці ў пошуку, — адказала прылада.

— А першы дзе?

— Першы — гэта вы, таварыш генерал.

— Малайчына, — сказаў Брэўс, — аб’яўляю падзяку.

— Служу Савецкаму Саюзу!

— Ну, што там? — спытаў Брэўс.

— За час майго дзяжурства здарэнняў не адбылося …

— Адставіць, — перапыніў Брэўс Другога. — Ёсць задача. Трэба дастаць дзве бутэлькі гарэлкі. «Сталічнай».

— Ёсць — дзве бутэлькі «Сталічнай» гарэлкі, — сказаў другі.

— І каўбасы, — шэптам падказаў Заяц.

— І каўбасы, «Доктарскай», трыста грамаў, — сказаў у прыладу Брэўс.

— І сыру «Расійскага», — падказаў Царук, — 300 грамаў.

— Удакладніце каардынаты дастаўкі.

— Прахадная завода Леніна з боку ЦУМа. Усё зразумеў?

— Дакладна, таварыш генерал.

— Паўтары.

— Дзве бутэлькі «Сталічнай» гарэлкі, 300 грамаў «Доктарскай» каўбасы, 300 грамаў «Расійскага» сыру да прахадной завода імя Леніна з боку ЦУМа.

— Выйдзе мужык у ватоўцы з рыдлёўкай. Пароль — «Сокал», адказ — «Радзіма». Колькі табе трэба часу?

— Дваццаць хвілін.

— Выконвай.

Я схапіўся за галаву.

— Не сцы, — сказаў Брэўс. — Гусь не сцыць — і ты не сцы.

Ён апрануўся, закінуў на плячо рыдлёўку і пайшоў.

Праз паўгадзіны Брэўс вярнуўся.

— Чорт, — пачаў ён з парога, — гарэлка «Сталічная» ў экспартным варыянце. А каўбаса. Паглядзі на гэтую каўбасу, — ён выклаў змесціва сакрэтных кішэняў на стол. — А кажуць роўнасць. Якая ж гэта нах.. роўнасць, калі для адных «Доктарская» каўбаса такая, а для гэтых зусім іншая.

Дзве бутэлькі экспартнай «Сталічнай» зрабілі сваю справу.

— Ты думаеш, чаму я ў брудным ўвесь час хаджу? — абняўшы мяне за шыю, казаў Брэўс. — Таму, што ў мяне няма чыстага адзення? У мяне цэлы гардэроб чыстага адзення. У мяне ёсць паліто і строй. Гэта ж ахраненна — быць брудным, калі ўсе такія чыстыя вакол. Ведаеш, што я больш за ўсё люблю? Ездзіць пасля працы ў грамадскім транспарце. Трэшся і штурхаешся сярод іх, наступаеш ім на ногі, смярдзіш. Калі месца вольнае ёсць — сядаеш, і хрэн хто побач з табой сядзе. Каля маладой цёлкі прыемна пастаяць. Яна б’ецца, круціцца ад агіды, а натоўп яе да мяне прыціскае. Калі кіроўца тармозіць — я не трымаюся, падаю на ўсіх. Ведаеш, як смешна. Крычыш, падаеш — і ўвесь тралейбус разам з табой.

— Усё! — усклікнуў Царук. — Я не магу тут больш знаходзіцца! У іх калючы дрот на плоце і сігналізацыя. Мяне гэта прыгнятае. Пайшлі нах.. з гэтага завода.

Мы ішлі па Ленінскім праспекце, па праезнай частцы, з рыдлёўкамі на плячах. Наперадзе я з Брэўсам, а ззаду, спрабуючы трапіць у нагу, Царук і Заяц. Каля Батанічнага сада побач спынілася машына міліцыі.

— О, — сказаў Царук, — ракавая шыйка прыехала.

— Давай капаць, — запанікаваў Заяц, — зараз забяруць.

— Нах… ты нікому не патрэбны, — сказаў Брэўс. — Табой мянты грэбуюць. Вось яго забяруць, — Брэўс паказаў на мяне. — Ён чыста апрануты.

— Не аддадзім, — сказаў Царук. — Хай забіраюць усіх.

 

— Вы не маеце права! Я член партыі з 1898! У мяне двухпакаёвая кватэра ў Доме 1­га з’езду РСДРП! — крычаў мянтам Брэўс.

Мы назіралі сцэну скрозь тоўстае куленепрабівальнае шкло камеры папярэдняга зняволення.

— Чаго ён з імі залупаецца? Навошта мянтоў цвеліць? Зараз яны яго пад малаткі пусцяць, — сказаў Заяц.

— Ён, калі напіваецца, заўсёды такі, — адказаў Царук.

Нервы ў аднаго з дзяжурных мянтоў не вытрымалі, ён ударыў Брэўса дубінкай па твары, схапіў за каўнер і ўпіхнуў у нашу камеру.

— Баліць? — спытаў я ў Брэўса спачувальна.

— Не, — сказаў ён і пакратаў апухлую шчаку, — мяне бруд бароніць. Я ім спецыяльна мазгу лячыў, яны мяне нават не абшукалі. Яшчэ паўбутэлькі ёсць і сыр. Хто хоча?

Ён палез у схованку.

— О, і яшчэ сёе-­тое.

Ён дастаў прыладу ЗАСС.

— Ну, б…, цяпер мы ім пакажам.

— Другі слухае, — адказала прылада.

— Стаўлю задачу, — сказаў Брэўс. — Групу захопу да Першамайскага аддзялення міліцыі. Здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да нашых супрацоўнікаў. Супрацоўнікаў вызваліць. Дзейнічаць жорстка, зброю не ўжываць. Аператыўныя мянушкі супрацоўнікаў. Запісвай.

— Я запомню, таварыш генерал.

— Брэўс, Царук, Заяц і Рабіновіч. І яшчэ. Перадасі нашым людзям дзве бутэлькі «Сталічнай» гарэлкі і 300 грам «Доктарскай» каўбасы.

— І сыру, — падказаў Царук.

— І трыста грамаў «Расійскага» сыру.

Пераклаў Стась Карпаў

***

Уладзімір Рабіновіч

у часы Брэжнева ён быў у Мінску асноўнай крыніцай самвыдату. Гэта было прычынай пастаянных ператрусаў у ягоным доме ў мінскім сельгаспасёлку. За распаўсюд замежнай музыкі атрымаў 2,5 года зняволення. Пра сябе піша: «Нарадзіўся ў ліпені 1950. Да 1987 года прайшоў усе асноўныя пункты савецкага жыцця: дзіцячы сад, школа, праца, турма, эміграцыя. Пражываю ў ЗША на востраве. Апавяданні пачаў пісаць зусім нечакана восенню 2013 года. Габрэй».

 

Каментары9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Усе навіны →
Усе навіны

12‑гадовую іспанскую дзяўчынку згвалцілі пяць аднакласнікаў на дні нараджэння. Ім за гэта нічога не будзе28

Двухмесячнае дзіця выпадкова атруцілася лімоннай кіслатой з чайніка

На «Беларуськаліі» загінуў рабочы, яшчэ двое атрымалі траўмы

Памерла тайская прынцэса Баджракіціябха — старэйшая дачка караля і абаронца правоў вязняў. Тры гады яна была ў коме

Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў здзеклівае віншаванне з Днём Расіі36

«Большая частка сядзіць сумленна, але ціха». Павел Вінаградаў пра палітвязняў, чые прозвішчы невядомыя6

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў46

Як замяніць старыя сапсаваныя аўтамабільныя нумары на новыя5

Шакіра — першая спявачка, якая выступіла на чатырох чэмпіянатах свету1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць