Грамадства2222

«Такі загад». Хворай на каранавірус доктарцы з Вілейкі не давалі бальнічнага і не рабілі тэстаў. У яе захварэла ўся сям'я

Стаматоляг Вялейскай цэнтральнай раённай лякарні Кацярына Зімніцкая апынулася ў валожынскім шпіталі з дыягназам COVID-19 пасьля кантакту з заражанай пацыенткай. Яна сьцьвярджае, што, нягледзячы на яўныя сымптомы ў яе, мужа і іхных траіх дзяцей, адміністрацыя вялейскай лякарні адмаўлялася рабіць усім ім тэсты на COVID-19, ёй не давалі бальнічнага і доўгі час не прапаноўвалі шпіталізацыі, піша «Радыё Свабода».

«Не ўсякае ВРВІ — гэта каранавірус», — кажа Ірына Макарава, галоўны доктар Вялейскай цэнтральнай раённай лякарні. Яна тлумачыць, што рашэньне не рабіць тэсту прымалася тэрапэўтамі, бо Зімніцкая працавала ў сродках індывідуальнай аховы. Лісткі непрацаздольнасьці такім дактарам не прадугледжаныя.

«Я буду скардзіцца ў пракуратуру, як толькі выйду са шпіталя. Чаму са мной так абыходзяцца? — абураецца Кацярына Зімніцкая. — Дальнабойнік, які прыяжджае з-за мяжы, прыходзіць у прыёмны пакой, патрабуе ўзяць мазок, і яму тут жа яго робяць. А ў нас ёсьць клінічныя праявы, мае дзеці сталі кантактамі першага ўзроўню, і ім не бяруць мазкоў! Дзе праўда?!»

«Цяпер нікому з мэдыкаў бальнічныя лісты не выдаюцца»

Кацярына Зімніцкая 12 гадоў працуе стаматолягам-тэрапэўтам і артадонтам. У яе сям’і трое дзяцей — дзевяці, двух з паловай і аднаго году. Паколькі артадонтаў у вялейскай лякарні не было, 2 сьнежня Кацярына выйшла на працу на паўстаўкі.

«26 сакавіка ў мяне была пацыентка. Яна мэдык у 3-й гарадзкой лякарні ў Менску, але жыве ў Вялейцы. 28 сакавіка ёй зрабілі мазок на COVID-19, 29 сакавіка прыйшоў станоўчы вынік. Яе шпіталізавалі ў Менску, — расказвае Кацярына. — Яна знаёмая маёй сьвекрыві, таму патэлефанавала ёй і сказала, што мае станоўчы тэст. Мая сьвякроў пазваніла мне, папярэдзіла».

Кацярына кажа, што адразу пазваніла ў лякарню. Яе накіравалі да загадчыцы паліклінікі Тацьцяны Рамэры — у Вялейцы паліклініка ўваходзіць у структуру цэнтральнай раённай лякарні (ЦРЛ).

«Я пазваніла ёй, яна мне сказала, што яны яшчэ нічога ня ведаюць, а я мушу заставацца дома. Я пытаюся, як я буду заставацца дома? Яна кажа: «Пішыце за свой кошт». Я кажу: «Чаму? У мяне ёсьць тэмпэратура, клінічныя прыкметы хваробы», — працягвае аповед Кацярына. — Я абзваніла ўсё кіраўніцтва, размаўляла з намесьнікам галоўнага доктара, старшынёй лекарска-кансультацыйнай камісіі наконт бальнічнага. Яна мне сказала, што шпіталізаваць яны мяне ня могуць, «бо загад». Хаця тэмпэратура ў мяне ў той дзень была 37,5, і я ім пра гэта казала.

Я размаўляла з галоўным доктарам ЦРЛ Ірынай Макаравай. Яна мне сказала, што гэта ня вельмі высокая тэмпэратура, маўляў, «гэта ж не 38 і вышэй». Таму бальнічны яны мне выдаць ня могуць. І калі Рамэра мне раіла сядзець дома, то Макарава сказала, каб я ішла на працу. Усе спасылаліся на «загад».

Пад «загадам», на які ў размовах зь Зімніцкай спасылаліся чыноўнікі ў Вілейцы, падобна, маецца на ўвазе рэкамэндацыйны ліст Міністэрства аховы здароўя.

Паводле намесьніцы міністра Алены Богдан, міністэрства «лічыць, што мэдработнікі, якія былі кантактамі 1-га ўзроўню, мелі мінімальную рызыку заразіцца, бо былі ў ахоўных касьцюмах. Разам з тым за мэдработнікамі, якія былі кантактамі 1-га ўзроўню, устаноўлены кантроль, — 3 разы вымяраюць тэмпэратуру, праводзяць апытаньне, ці ёсьць клінічныя праявы хваробы. Тэставаньне на каранавірус праводзіцца на 1-ы і 13-ы дзень. Калі будуць выяўленыя сымптомы, неабавязкова рэсьпіраторныя, мэдработнік будзе шпіталізаваны».

Кацярына Зімніцкая сьцьвярджае, што ў выпадку зь ёй кіраўніцтва лякарні і паліклінікі зрабілі насуперак гэтаму распараджэньню:

«Тэмпэратура ў мяне была, мазка мне не зрабілі, ніхто на мяне не зьвярнуў увагу», — кажа яна.

«Прасіла, каб мне далі кварцавую лямпу, мне адмовілі»

«30 сакавіка да мяне прыйшоў дахаты тэрапэўт, — працягвае Кацярына. — Ён ня меў поўнай засьцярогі, толькі пальчаткі і маска. Больш на ім нічога не было, хаця ўсё кіраўніцтва ведала, што я кантакт першага ўзроўню. Ён паслухаў, паглядзеў горла, сказаў: пнэўманіі няма, дыханьне чыстае».

Лістка непрацаздольнасьці Кацярыне так і не далі, але яна пайшла на бальнічны ў сувязі з хваробай малодшай дачкі. Мужа, які працуе ў міліцыі, на працы адправілі ў водпуск. 2 красавіка ў Кацярыны цалкам зьніклі нюх і адчуваньне смаку. Пра гэта яна паведаміла кіраўніцтву.

«Калі мы дома сядзелі зь дзецьмі, я прасіла, каб мне далі кварцавую лямпу, — расказвае Кацярына. — Я разумела, што я хварэю, і перажывала за сваіх дзяцей. Але мне адмовілі, сказалі: «Мы нічым вам ня можам дапамагчы».

4 красавіка тэмпэратура ў Кацярыны паднялася да 38 градусаў. Таксама тэмпэратура і кашаль зьявіліся ў яе мужа. На выклік зноў прыходзіць тэрапэўт без сродкаў засьцярогі, толькі ў масцы і пальчатках, апісвае Кацярына. Мужу выпісваюць бальнічны. Кацярыне — не.

«У суботу ўначы я прачнулася, бо мне было вельмі кепска. Я страціла прытомнасьць. Муж выклікаў «хуткую». Мэдыкі «хуткай» таксама прыехалі ў звычайным адзеньні, у іх былі толькі маскі і пальчаткі. Мне ўкалолі «трайчатку» і паехалі, шпіталізаваць мяне ніхто не прапанаваў», — кажа Кацярына. Два наступныя дні тэмпэратура трымалася больш за 38, агульны стан быў кепскі.

«У панядзелак 6 красавіка я званю Рамэры [загадчыцы паліклінікі] і кажу, што мне вельмі кепска, зрабіце нешта. Чую паблажлівае: «ладна, зробім вам мазкі». Мы прыяжджаем у прыёмны пакой, нас адпраўляюць на здымак. Заключэньне рэнтгеноляга ў мяне: «ня выключана ніжнядолевая правабаковая пнэўманія». У мужа — «востры бранхіт». Яны адразу пачалі мітусіцца».

Кацярына кажа, што пакласьці яе ў вялейскую лякарню адмовіліся.

«У Вялейцы стаіць апарат КТ. Паўсюль напісана, што рэнтгеналягічнае дасьледаваньне ў гэтай сытуацыі не зусім інфарматыўнае, што сапраўдную карціну пакажа толькі КТ-дасьледаваньне. Мне кажуць, што КТ мне рабіць ня будуць. Я пытаюся, чаму. Чую адказ: «Таму»».

«Хуткая» па Кацярыну прыехала ўжо ў поўным ахоўным рыштунку. 6 красавіка яе шпіталізавалі ў Валожынскую раённую лякарню.

«Яшчэ тыдзень пасьля гэтага ў мяне нічым не зьбівалася тэмпэратура, парацэтамол не дапамагаў. Мне па 4 кропельніцы на дзень рабілі антыбіётыкаў. 4 разы рабілі здымкі — поўнай папраўкі ў мяне дагэтуль, паводле здымкаў, няма», — кажа доктарка.

Першы тэст на каранавірус Кацярыне зрабілі 6 красавіка яшчэ ў Вілейцы, перад шпіталізацыяй. Вынік прыйшоў толькі 10 красавіка і быў адмоўны.

«16 красавіка ў мяне ў валожынскай лякарні ўзялі другі тэст, — кажа Кацярына. — 17 красавіка ён пацьвердзіў, што ў мяне каранавірус».

Першы раз мы размаўляем з Кацярынай Зімніцкай у нядзелю ранкам 19 красавіка. Доктарка абураецца, што настойліва і неаднаразова казала мэдычнай адміністрацыі Вялейскай ЦРЛ пра сымптомы ў сябе і сваёй сям’і, аднак дагэтуль нічога не было зроблена.

«Калі мне пісалі накіраваньне ў Вялейку, Рамэра сваёй рукой напісала, што COVID-верагодны выпадак. Вы ж ужо меркавалі, але чаму траім маім дзецям не зрабілі тэст дагэтуль?! Я званіла пэдыятру, казала, што нехта зь іх кашляе, у малодшай тэмпэратура, ёй прызначылі антыбіётык азітраміцын. Старэйшая не адчувае ўжо паху і смаку тыдзень. А Вялейка ўчора адмовіла ў правядзеньні тэстаў маім дзецям!! Кажуць: «Пачакаем да панядзелка»! Чаго ж чакаць?!» — пытаецца Кацярына.

Яна кажа, што пазваніла кляснай кіраўніцы старэйшай дачкі і расказала, што шпіталь адмовіў у правядзеньні тэстаў дзецям, таму дачка ў панядзелак прыйдзе ў школу. Кажа, папрасіла, каб гэта перадалі кіраўніцтву і тое са свайго боку запатрабавала правядзеньня тэстаў.

«Я не разумею, чаму да мяне такое стаўленьне. Я з гэтымі дактарамі ніколі не сутыкалася ані ў працы, ані ў жыцьці. Хіба можна ставіць пад пагрозу маё жыцьцё і здароўе? Жыцьцё і здароўе маіх дзяцей? Майго мужа? Магчыма, сама сыстэма — каб не псаваць статыстыкі? — задаецца пытаньнем Кацярына.

«Чамусьці ўсе тэсты адмоўныя, — зьдзіўляецца яна. Але калі я прымала тую пацыентку, са мной у кабінэце была другая доктарка. У яе празь некалькі дзён паднялася тэмпэратура, а яшчэ пазьней яе шпіталізавалі. КТ пацьвердзіла двухбаковую вірусную пнэўманію, але кажуць, што тэсты ў яе адмоўныя. Кіраўніцтва таксама ведае, што яна ў той момант была са мной у адным кабінэце».

Па словах Кацярыны, цяпер яна пачуваецца лепш, але на апошнім здымку ўсё яшчэ ёсьць зацямненьні ў лёгкіх. Кажа, што перад ёй маглі папрасіць прабачэньня яшчэ перад шпіталізацыяй, зрабіць кампутарную тамаграфію, узяць тэсты ў дзяцей. Аднак нічога гэтага не было зроблена, і яе да таго ж адвезьлі ў лякарню, дзе няма апарата КТ.

Цяпер яна настроеная рашуча і зьбіраецца скардзіцца ў пракуратуру.

«Я разумею, што мне ўжо працы ў Вялейцы ня будзе. Калі людзі маглі такое ўчыніць з маім здароўем, то мне цяпер шмат хто гаворыць: «Каця, калі ты будзеш сварыцца, то табе працаваць не дадуць»».

У другой палове дня 19 красавіка ў дзяцей і мужа Кацярыны ўзялі тэсты на каранавірус. Мужу таксама загадалі знаходзіцца ў самаізаляцыі да 20 красавіка.

«Цяпер нікому з мэдработнікаў лісткі непрацаздольнасьці не выдаюцца»

Ірына Макарава, галоўны доктар Вялейскай цэнтральнай раённай лякарні, да якой Радыё Свабода зьвярнулася з просьбай патлумачыць сытуацыю, адказала так:

«Як толькі паступіў такі сыгнал, мы пракансультаваліся з Цэнтрам гігіены. Калі доктарка працавала ў сродках індывідуальнай аховы, а яна пацьвердзіла, што менавіта так працавала — маска, акуляры, чапец, халат, нарукаўнікі, — то гэты мэдработнік ня лічыцца нават кантактам першага ўзроўню, а толькі кантактам другога ўзроўню паводле нашых крытэраў», — тлумачыць яна. — Яна [Зімніцкая. — РС] паведаміла, але цяпер нікому з мэдработнікаў бальнічныя лісты не выдаюцца. Нават калі мэдработнік зьяўляецца кантактам першага ўзроўню, ён усё адно ходзіць на працу і аказвае мэдычную дапамогу ў сродках індывідуальнай аховы».

Макарава зьвяртае ўвагу, што кантакт з каранавіруснай пацыенткай у Зімніцкай быў 26-га, а сымптомы ў яе самой зьявіліся 28-га сакавіка. У каранавіруснай інфэкцыі інкубацыйны пэрыяд нашмат большы, кажа яна.

«Сымптомы ў яе былі нязначныя, мы яе адправілі на самаізаляцыю, я ёй рэкамэндавала. Але бальнічны ліст ёй ня мусіў давацца, мы яго ёй і не выдавалі», — тлумачыць галоўная доктарка.

На пытаньне, чаму Зімніцкай адмовіліся рабіць тэст на каранавірус, хоць яна сама прасіла пра гэта, Ірына Макарава тлумачыць:

«Тэрапэўты прынялі такое рашэньне, бо яна была ў сродках індывідуальнай аховы і на той момант адносілася да кантактаў другога ўзроўню. Ня ўсім запар мы робім аналізы. Шмат хто хоча. Мы ў кантактаў другога ўзроўню мазкі на той момант ня бралі. Стаматолягі заўжды ў ахове, бо любы пацыент можа быць патэнцыйным носьбітам любой інфэкцыі. Цяпер гэта каранавірус, з такім жа посьпехам гэта можа быць і іншая хвароба. Тым больш што адразу яны не паказальныя, мазкі трэба браць на 7-ы і 13-ы дзень».

Сям’я Зімніцкай — муж і дзеці — да моманту яе станоўчага аналізу на каранавірус не лічылася кантактамі першага ўзроўню, таму тэстаў ім таксама не рабілі. Таму для тэрапэўтаў, якія наведвалі іхную сям’ю, пальчаткі і маска — гэта адпаведныя сродкі засьцярогі, кажа Макарава.

Ірына Макарава як лекар выказала думку, што станоўчы аналіз самой Зімніцкай на каранавірус — гэта вынік знаходжаньня ў інфэкцыйным шпіталі. Але, кажа яна, у яе дзяцей і мужа ўжо ўзялі тэсты і адправілі ў Менск, паводле іх вынікаў можна будзе меркаваць аб агульнай сытуацыі.

«Яна не засталася адна: і тэрапэўт, і пэдыятар да яе дзяцей прыходзілі. Першыя мазкі ў яе былі адмоўныя. Ня кожнае ВРВІ ёсьць каранавірус. Яна назіралася ў дактароў. Калі ўжо стан не праходзіў, мы прынялі рашэньне адправіць яе ў Валожын на стацыянарнае лячэньне», — кажа Ірына Макарава.

Куды разьмяркоўваць пацыентаў з падазрэньнем на каранавірус, па яе словах, вырашае цэнтар мэдычнай дапамогі. У Вялейскай ЦРЛ на гэты момант інфэкцыйнага аддзяленьня няма, і пацыенты з каранавірусам там ня лечацца.

Каментары22

Цяпер чытаюць

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол5

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол

Усе навіны →
Усе навіны

«Чакалі 2 гады. Віза — на 9 дзён». Як беларусы цяпер прабіваюцца ў Еўропу8

У Клімавічы прывезлі васковага Пуціна ФОТАФАКТ18

Галоўная беларуская пляцоўка Беластока пад пагрозай закрыцця і просіць дапамогі8

«Прыкінь, сістэма!». Мужу Насці Туман у Беларусі за перавышэнне хуткасці заблакавалі арэндную машыну7

У клубным доме на Язмінавай прадаюць выдатную чатырохпакаёўку

Беларускую доктарку звольнілі з працы ў Вялікабрытаніі. Яна не разумела звычку брытанцаў абмяркоўваць з ёй надвор’е24

Стала вядома пра вынікі праверкі па скарзе аб збіцці вучня ў полацкай спартыўнай школе4

Вагнераўцы на расійскім «ценявым флоце» — не толькі для аховы грузаў. Вынікі новага расследавання2

«Не». Джон Коўл пракаментаваў паведамленні, што вызваленне беларускіх палітвязняў запаволілася5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол5

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць