ГУР: Расія вырабляе каля 40 новых ракет у месяц, у яе іх застаецца яшчэ на тры-пяць вялікіх абстрэлаў
З пачатку вайны Расія зрабіла 240 крылатых ракет Х-101 і каля 120 марскіх ракет «Калібр», то-бок расійская ваенная прамысловасць вырабляе за месяц каля 40 ракет, якімі з пачатку кастрычніка абстрэльваюць украінскую энергетычную інфраструктуру, паведаміў New York Times намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі.

«Па нашых разліках, у іх засталося ракет на тры-пяць хваляў удараў. Гэта калі ў кожнай хвалі па 80—90 ракет», — цытуе газета Скібіцкага.
У некаторых абстрэлах выкарыстоўвалася менш ракет — так, тыдзень таму, 5 снежня, прыляцела каля 70 ракет.
Расія не раскрывала аб'ёмы ні запасаў, ні вытворчасці ракет. За апошнія месяцы аналітыкі прыйшлі да кансэнсусу, што даваенныя ацэнкі гэтых велічынь аказаліся заніжанымі. Разам з тым, большасць экспертаў усё яшчэ лічыць, што тэмпы вытворчасці гэтых боепрыпасаў не паспяваюць за іх расходаваннем.
На мінулым тыдні ў дакладзе групы Conflict Armaments Research апісваліся абломкі ракеты, выпушчанай 23 лістапада, з маркіроўкай, якую спецыялісты (без 100-працэнтнай упэўненасці) расшыфроўваюць, што яна была зробленая не раней за кастрычнік.
Каментары