Беларуская блаґасфера22

Як Марыйку заманалі

Адным з самых яскравых уражаньняў ад Арменіі сталі мае кантакты з дэлегацыямі краін Сярэдняй Азіі.
Па‑свойму кранальным было знаёмства з прыгожым таджыкам Сухробам, які ў Матэнадаране (Інстытуце старажытных рукапісаў) падвёў мяне да вітрыны з армянскай гравюрай нейкага запамарочна раньняга стагодзьдзя і, паказваючы на німбы Ісусіка і Панны Марыі, спытаўся: «А штой та?». І я хвілін пяць расказвала, што такое німб, чаму ён сьвеціцца, што бачна яго толька есьлі паглядзець вааружонным — «духоўным» глазам, у дадатак выдавала эксурсаводніцкія перлы: «Дзеву Марыю мы всегда узнаём па сіняй юпке». Затое пасьля, калі я тупіла перад вітрынай з пэрсыдзкімі манускрыптамі, Сухроб галянтна пераклаў, пра што там гаворка. Гэта магло б быць началам бальшой любві, але наступнага дня выявілася, што фокус зь німбам не да канца быў пікапэрскім прыёмам. Толькі я ўвечары намерылася піць каньяк з узбекамі, Сухроб запрасіў мяне па пільнай справе за свой столік, на якім не стаяла ані віна, ані каньяку, ані какавы з чаем. Пасярод століка салідна і ўнушальна ляжаў Каран.

Сухроб апынуўся тыповым рэлігійным нэафітам. Год таму ён згадаў, што ён мусульманін, і ўдарыўся ў іслам. З нагоды чаго прачытаў Каран, а заадно і Біблію. І таго вечара захапіў у палон армянскага студэнта ды практыкаваўся на бедным хлопцы (перакананым верніку, сьпеваку царкоўнага хора) у падкопваньні асноваў хрысьціянскай веры. Мяне запрасілі як кампэтэнтную (пасьля сцэнкі зь німбамі) знаўцу хрысьціянства для разьвязаньня тэалягічнага дыспута. Дыспут мне разьвязаць не ўдалося, бо Сухроб апынуўся адзіным з нас траіх, хто нядаўна чытаў Біблію. Паабараняўшы, як магла, Хрыста, за тое, што ён ператварыў ваду на вясельлі ў Кане менавіта ў віно («700 літраў! Ён стварыў 700 літраў віна!!!» — не сунімаўся Сухроб), я зьбегла назад да ўзбекаў, якія ўжо разьлівалі каньяк.

Узьбекі — другія па ліку сярэднеазіяцкія мае знаёмцы, апынуліся проста харошымі. Мы зь імі разам чыталі вершы, гулялі ў тэніс ды проста гулялі. Сумныя аповеды пра палітычны рэжым ва Ўзбэкістане дапамаглі зрабіць выснову, што Беларусь і Ўзбэкістан шмат у чым падобныя краіны.

Але вянцом новых сустрэчаў сталася кыргызская дэлегацыя. Яна складалася з двух пэрсанажаў. Першы зь іх — Талан — заявіў пра сябе ўжо падчас першай урачыстай вячэры, выйшаўшы на сцэну і сказаўшы: «А ўвогуле я манасчы. І зараз я вам, паколькі сёньня сёмае, пачытаю сёмую частку эпаса пра Манаса. Сын Манаса ідзе сватацца».

І Талан увайшоў у транс і пачаў чытаць Манаса. Гэта быў слэм! Такога я ніколі ня бачыла. Празь пяць хвілін няспыннага манасу стала ясна, навошта ў кыргызскай дэлегацыі другі таварыш — для вывядзеньня першага з трансу падчас чытаньня.

Манас чырвонай ніткай прайшоў праз маю паездку ў Арменію. Трэба сказаць, я калі і чула пра гэты старажытны эпас — то толькі краем вуха. У школе ды ўнівэры, вядома ж, не праходзілі, а кантактаў з братнім кыргызскім народам у мяне да таго не было. Дакладней, быў адзін віртуальны кантакт, але бішкекскі блогер Бектур ня надта падобны да чалавека, які зь першых жа словаў пачынае расказваць вам пра Манаса.

Даведалася я наступнае. Манас — самы даўгі эпас у сьвеце, што зафіксавана нават у кнізе рэкордаў Гінэса. Гэта больш, чым эпас, — гэта кыргызскі дыскурс. Калі ў савецкія часы настаўніца рускай літаратуры задавала дзецям чытаць басьню «Воўк і ягня» па ролях, усе хацелі чытаць за ваўка і ніхто — за ягня. «Дзеці, вы што, воўк жа кепскі!!!» — жахалася руская настаўніца. «Як жа кепскі? — зьдзіўляліся дзеці. — Воўк дужы і высокародны. У Манасе ён — харошы». Паколькі Манас (Манас, дарэчы, гэта паўміфічны хан, які стварыў нацыю кыргызаў) крута замяшаны на шаманізме, носьбітаў і дасьледчыкаў традыцыі Манаса ў сталінскія часы высылалі ў ГУЛАГ ды расстрэльвалі. Але традыцыя не перапынілася, яскравым сьведчаньнем чаго было наша знаёмства з Таланам.

Для эйрманьяка fiumicina цікава будзе ўведаць, што Нацыянальны аэрапорт у Бішкеку называецца Манас, што, безумоўна, дэманструе ўсю веліч і значнасьць эпасу для кыргызаў.

Усе мае спробы «пачытаць рускі пераклад Манаса з арыгіналу» былі высьмеяныя: Манас дагэтуль існуе толькі ў вуснай традыцыі, і гэта анбелівэбл, як сказала б мая нямецкая бляндынка Кёрсьцін. Існуе некалькі сучасных запісаў, але трушным Манасам лічыцца толькі Манас, прачытаны вусна. Кожны манасчы абірае сваю інтэрпрэтацыю, памер ды мэтафарычныя сродкі. Я такі прачытала Манас па‑руску — гэта была жудасная махровая графаманія. Але Талан вельмі ганарыўся гэтай кнігай, бо яе каштоўнасьць у тым, што яе, няхай і па‑руску, запісаў кыргыз.

‑ Як вы сталі манасчы? — спыталася я ў Талана падчас абеду.

‑ Духі прыйшлі да мяне і сказалі несьці людзям веду Манаса, — важна адказаў Талан. Ён сядзеў у сталоўцы ў чорна‑белай кыргызскай шапцы.

‑ Вось так прама прыйшлі і сказалі?

‑ Ува сьне. Увогуле, дачыненьне з Манасам адбываецца ўва сьне. Напрыклад, вядомы вучоны Жырмунскі хацеў дасьледаваць Манаса і паехаў з гэтай мэтай вакол возера Ісык‑Куль. У адну з начэй яму явіўся Манас і сказаў, лепей трымайся ад мяне падалей. І Жырмунскі сабраў рэчы і паехаў з Кыргызстану.

‑ То бок, тэарэтычна, калі я прыеду ў Кыргызстан, засну — і мне явіцца Манас, я буду мець права напісаць Манас па‑беларуску памерам, скажам, хіп‑хопу? — задала я наступнае, па‑мойму, вельмі лягічнае пытаньне.

Талан не адказаў нічога. Абед скончыўся. Я пайшла гадзінку паспаць.

Засынала я трывожна. А што, калі аўра Талана спрычынілася да таго, што я вось зараз засну — а мне явіцца Манас і скажа, а едзь ты, Марыйка, у Кыргызстан, нясі беларусам праўду аб Манасе. Тады ж усё кідаць давядзецца. І «Новы час», і пераклады, і рамoнт у кватэры, і аўташколу... Але ўрэшце сон перамог.

І прысьніўся мне этымалягічны слоўнік.

Дзе слова «заманаць» наўпрост паходзіла ад Манаса. Чaлавек, што дасьледуе Мaнас, у маім сьне быў манахам. Месцам дасьледваньня Манасу, адпаведна, быў манастыр. Мэтадалягічныя сродкі дасьледваньня Манаса былі манаткі. Сума ведаў пра Манас была мана. Права дасьледваць Манас, якое атрымлівае чалавек, заснуўшы і пабачыўшы ўва сьне Манаса, — манаполія. Кыргызстан, адпаведна, быў Манархіяй, а месцам групаваньня кыргызскай дыяспары ў сьвеце — Манака.

Прачнулася я ў вужасе. І адразу пайшла на шпацыр, дзе падзялілася сваімі філялягічнымі адкрыцьцямі з узбэкамі.

‑ Ня бойся, Марыйка, — супакоілі тыя. — Права чытаць Манас атрымліваюць толькі мужчыны. Усходняя культура, каб яе.

Такім чынам, хоць Манас пэўным чынам апанаваў мой розум, паездка ў Кыргызстан адкладаецца. Хоць ехаць туды беларускім паэткам і перакладчыцам можна абсалютна бязбоязна.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Усе навіны →
Усе навіны

12‑гадовую іспанскую дзяўчынку згвалцілі пяць аднакласнікаў на дні нараджэння. Ім за гэта нічога не будзе28

Двухмесячнае дзіця выпадкова атруцілася лімоннай кіслатой з чайніка

На «Беларуськаліі» загінуў рабочы, яшчэ двое атрымалі траўмы

Памерла тайская прынцэса Баджракіціябха — старэйшая дачка караля і абаронца правоў вязняў. Тры гады яна была ў коме

Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў здзеклівае віншаванне з Днём Расіі36

«Большая частка сядзіць сумленна, але ціха». Павел Вінаградаў пра палітвязняў, чые прозвішчы невядомыя6

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў46

Як замяніць старыя сапсаваныя аўтамабільныя нумары на новыя5

Шакіра — першая спявачка, якая выступіла на чатырох чэмпіянатах свету1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць