Грамадства1515

Беларуска стала італьянскай кіназоркай і адкрыта выступае супраць дыктатуры Лукашэнкі

У сярэдзіне студзеня па адным з галоўных тэлеканалаў Італіі RAI3 паказалі мюзікл «Краіна мараў». Галоўная гераіня — італьянская імігрантка ў ЗША Эва, якая зарабляе мыццём посуду ў папулярным клубе і марыць стаць спявачкай. Яе ролю выканала беларуска Кацярына Шульга, якая ледзь не літаральна прайшла шлях сваёй гераіні і стала самай вядомай беларускай у Італіі, распавядае «Свабода».

Кацярына Шульга. Венецыянскі кінафестываль, 2017 год

Калі 12‑гадовая дзяўчынка эмігравала з Гродна ў Рым у 2005 годзе, то ведала на італьянскай толькі два выразы «Прывітанне» і «Дзе туалет?» Цяпер Кацярыне Шульзе 32. Яна мае за сабой кар’еру італьянскай мадэлі, грала ў тэатры, знялася ў дзясятках фільмаў і серыялаў. Некалькі гадоў таму яна зняла ўласны фільм пра Беларусь і стала адной з самых заўважных адвакатак сваёй радзімы ў Італіі.

Кацярына нарадзілася ў Гродне ў сям’і настаўніцы і міліцыянта. Аднак бацькі пазней развяліся. Яе дзяцінства праходзіла ў раёне Дзевятоўка. Калі дзяўчынцы было 10 год, мама вырашыла з'ехаць у Італію ў пошуках лепшага жыцця. Спачатку паехала сама, на «разведку». Кацю гадавалі бабуля з дзядулем. Праз два гады мама забрала дачку ў Остыю, пад Рымам.

Дарэчы, мама Кацярыны — дзяячка беларускай дыяспары ў Італіі Вольга Сурынава. Падчас пратэстаў у Беларусі і пасля іх яна ладзіла акцыі салідарнасці ў Рыме. А 2024 годзе яна стала кандыдаткай на выбарах у Еўрапарламент ад італьянскай партыі Più Europa.

«Удзельнічаю ў кампаніі ад імя беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю», — казала тады Вольга Сурынава. Тэму Беларусі яна актыўна прасоўвала падчас выбарчай кампаніі. За яе аддалі галасы больш за тысячу выбаршчыкаў, але гэтага не хапіла, каб атрымаць мандат еўрадэпутаткі.

У першыя гады эміграцыі Кацярына Шульга жыла ў Остыі, пад Рымам. Гэта мястэчка на беразе Міжземнага мора. Там яна пайшла ў італьянскую школу.

«Я размаўляла па-француску, але не па-італьянску, таму ў школе на мяне глядзелі звысоку. Гэта былі 2000-я, у модзе былі джынсы з адкрытай бялізнай, а я насіла зашпіленую блузку, як у Беларусі, і думала пра сябе: як я магу жыць у гэтай краіне, калі я нават не ведаю, як рэзаць піцу?» — расказвала некалькі гадоў таму Шульга італьянскаму выданню Oggi.

Але разгубленасць не трывала доўга. Яшчэ падчас вучобы ў школе, калі ёй было 15 год, дзяўчына пачала супрацоўнічаць з мадэльнымі агенцтвамі. Два дні ў месяц яна здымалася ў Рыме для рэкламы і часопісаў моды. Зарабляла каля 800 еўра і не мусіла прасіць грошы ў мамы.

Прыгода з кіно пачалася зусім выпадкова. Кацярына прыйшла на кастынг моднага часопіса. У суседнім пакоі адбываўся кастынг на ролю ў серыяле. Шукалі бландзінку з доўгімі валасамі.

«Я сядзела ў чарзе ў свой пакой. Побач праходзіла жанчына і прапанавала зайсці да іх. Мне далі сцэнар, я яго прачытала і адразу пачула, што я пасую. Але я да гэтага ніколі не грала, мне было ўсяго 16 год. Я мусіла граць вучаніцу ліцэя. Мяне спыталі, ці ўмею я ездзіць на матацыкле, бо гэта трэба для сцэны. Я як сумленная беларуска адказала, што так, мы ж усё ўмеем. Здымкі прызначылі праз 10 дзён і я адразу пайшла на ўрокі язды на матацыкле. Але калі прыйшла на працу, то не змагла затармазіць, мяне даводзілася даганяць. Але пасля гэтага ўсё пайшло добра. Рэжысёры мяне пазнавалі і запрашалі на іншыя здымкі», — расказвала Кацярына ў інтэрв'ю.

Кацярыну запрашалі здымацца не толькі ў кіно, але і ў музычных кліпах. Адной з самых паспяховых была супраца са спеваком Фрачэска Рэнгі. Кліп на ютубе сабраў 46 мільёнаў праглядаў.

Паспяховым быў таксама кліп міланскіх рэпераў з гурта Club Dogo.

У 2013 годзе Шульга атрымала прэмію «Найлепшая актрыса-пачаткоўка» ў рамках фестывалю незалежнага аўтарскага кіно ў Апуліі. Праз 10 год беларуску запрасілі ўжо ў прафесійнае журы гэтага фэсту.

У 2019 годзе яна знялася ў псіхалагічным трылеры «Чалавек у лабірынце» разам з Дасцінам Гофманам і італьянцам Тоні Сэрвіла, улюбёнцам рэжысёра Паола Сарэнціна, які граў у «Вялікай прыгажосці». Роляй мары Шульга называе дзяўчыну Джэймса Бонда.

Акцёрства звяло Шульгу з будучым мужам, кінапрадзюсарам Марка Белардзі. У Беларусі многія могуць ведаць ягоны фільм «Ідэальныя незнаёмцы». Гэта камедыя пра семярых сяброў, якія збіраюцца на вячэру і пачынаюць гульню: зачытваюць услых усе SMS і паведамленні ў сацыяльных сетках, а званкі ставіць на гучную сувязь. Шульга часта падкрэслівае, што муж не меў ніякага ўплыву на яе кар’еру. Першыя восем год яна не здымалася ў фільмах, якія прадзюсаваў яе муж. Апошні, да якога меў дачыненне яе муж, гэта акурат кінамюзікл «Краіна мараў».

У Кацярыны і Марка трое дзяцей: сын Ларэнца і блізняткі Ніна ды Футура. Ларэнца паспеў не раз пабываць у Беларусі, а дочкі нарадзіліся ў 2020 годзе. Пасля самых буйных у гісторыі Беларусі пратэстаў Кацярына Шульга не можа паехаць у Беларусь.

Яна часта падкрэслівае сваю беларускасць, у інтэрв'ю расказвае пра дыктатуру Лукашэнкі, а ў сацыяльных сетках дзеліцца інфармацыяй пра падзеі ў Беларусі. Калі ў адным з інтэрв'ю яе спыталі пра падабенствы і адрозненні беларусаў і італьянцаў, Шульга сказала: «Для мяне яны вельмі падобныя. Магчыма, беларусы спачатку больш насцярожаныя — з павагі і праз ветлівасць, але потым і беларусы, і італьянцы ўмеюць вельмі моцна давяраць».

У 2021 годзе, калі Святлана Ціханоўская была з візітам у Рыме, яна сустрэлася з Кацярынай Шульгой.

Святлана Ціханоўская і Кацярына Шульга. Рым, 2021 год

Праз год беларуска зняла дакументальны фільм Insultati. Bielorussia паводле п’есы Андрэя Курэйчыка.

Спачатку Кацярына хацела паставіць п’есу ў тэатры, але гэта было ў часы пандэміі кавіду. Было складана знайсці акцёраў і сабраць іх разам у Рыме. Фільм аказаўся ў той час адзінай магчымасцю. Шульзе ўдалося сабраць вядомых актораў. Па яе словах, яны «ні на хвіліну не вагаліся» і адразу пагадзіліся зняцца ў фільме.

Плакат фільма Insulati. Belorussia

«Для мяне неверагодна важна працягваць інфармаваць звычайных людзей пра сапраўдную гісторыю беларускага народа», — сказала Кацярына ў інтэрв'ю.

Тэксты ў фільме чытаюць тытулаваныя італьянскія акторы Лука Арджэнтэра, Амбра Анджаліні, Стэфана Фрэзі. Прэм’ера фільма адбылася на Трыесцкім кінафестывалі. Яго таксама паказвалі ў італьянскім парламенце.

У інтэрв'ю Шульга падкрэслівае, што «Мая Беларусь — гэта не краіна Лукашэнкі» і што «Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ, бо яго ніколі не абіралі».

У 2024 годзе ў рымскім Teatro Golden адбылася прэм'ера спектакля Insultati. Bielorussia, дзе Шульга была і рэжысёркай, і актрысай. У гэтай пастаноўцы яна расказала і пра свайго стрыечнага брата Мішу, прысвяціўшы прэм'еру яму.

Міхась Шавельскі быў беларускім добраахвотнікам ва Украіне, парамедыкам у беларускім батальёне «Тэрор». Ён загінуў 11 кастрычніка 2022 года падчас баёў у Херсонскай вобласці, між сёламі Безыменнае і Шчаслівае. Хлопцу быў 21 год. У інтэрв'ю Шульга расказвала, што гулялася з ім, калі яны былі дзецьмі. У сваім Інстаграме яна выставіла здымак, на якім трымае брата на руках. (Перагарніце здымак на апошні).

«Ён вучыўся на філасофскім факультэце, быў вельмі разумны. Я ведаю шмат людзей, якія пакідаюць Беларусь і едуць ваяваць ва Украіну. Беларускі народ з Украінай, а не супраць яе», — сказала Кацярына ў адным з інтэрв'ю.

Міланская газета Corriere della Sera пісала ў 2016 годзе, што біяграфія Кацярыны Шульгі выглядае «як сцэнар фікшн-сэрыялу». Яна пабудавала новае жыццё з нуля — без мовы, сувязяў і гарантый. У чужой краіне з цяжкой адаптацыяй яна паступова ўвайшла ў свет італьянскага кіно і тэлебачання, дзякуючы ўласнай настойлівасці. Выданне падало Шульгу як прыклад пакалення маладых мігрантаў, для якіх Італія стала домам, але мінулае — важнай часткай ідэнтычнасці. У матэрыяле акцэнтуецца, што Кацярына не адмовілася ад свайго паходжання і не спрабавала «растварыцца» ў італьянскай рэчаіснасці, а наадварот — прынесла з сабой іншасць, якая стала яе адметнасцю як актрысы.

Каментары15

  • бабруйчанін
    27.01.2026
    Павага Кацярына Шульга.
    Маці дзядуле бабуле за выхаванне
  • Ну
    27.01.2026
    Як жа прыемна было чытаць гэты артыкул пра Кацярыну! Гонар і павага!
  • Ну
    27.01.2026
    Буду вельмі чакаць "Краіну мараў" з беларускай агучкай! Дарэчы, мо, хто ведае, што там з падтрымкай Кінакіпы? Можа, нейкі пастаянны збор зладзіць на Байсоле?

Цяпер чытаюць

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Усе навіны →
Усе навіны

Па Магілёве курсіраваў аўтобус з вялікай дзіркай у падлозе3

«Спадзяюся, але не факт, што паступлю»: абітурыентка, якая здала ўсе іспыты на 100 балаў16

Беларускі шахцёр пайшоў у IT. А пасля кінуў працу і стварае свой брэнд карамелі3

Такога дзіцячага садка вы яшчэ не бачылі. Яго спраектаваў лаўрэат «архітэктурнага Нобеля»9

Выйшаў зборнік турэмных эсэ Мікалая Статкевіча

Грунвальдскі музей адказаў на просьбу беларусаў паставіць на полі бел-чырвона-белы сцяг27

Парламент Францыі прыняў закон аб эўтаназіі, нягледзячы на супраціў многіх дэпутатаў3

Зяленскі прапанаваў Сяргея Карэцкага на пасаду прэм'ера Украіны2

Чаму кароткая праграма пральнай машыны не найлепшы выбар3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць