Меркаванні2828

Новая польская камедыя «Падляшша» выклікала крытыку беларусаў Падляшша

У сваім водгуку на фільм у польскім выданні Krytyka polityczna Паўліна і Войцех Сегені ўзнімаюць шырэйшую праблему свядомага «сцірання слядоў» беларускасці і праваслаўя на Падляшшы.

Сцэна з фільма. Фота: filmweb.pl

Фільм «Падляшша» («Podlasie», рэж. Лукаш Касьміцкі Łukasz Kośmicki) выйшаў на платформе Netflix перад каталіцкім Вялікаднем, 1 красавіка. Стваральнікамі ён падаецца як «цёплая камедыя» пра сямейныя каштоўнасці. Аднак прагляд гэтай стужкі выклікаў зусім іншыя думкі ў Паўліны і Вайцеха Сегеняў (Войцех — радны гміны Дубічы Царкоўныя, Паўліна — журналістка і пісьменніца). Сваімі думкамі яны падзяліліся на старонках выдання «Krytyka Polityczna»

Рэжысёр стварыў твор, які эксплуатуе даўні польскі топас «райскага месца» (locus amoenus) — міфічнага краю гармоніі і шчасця, пішуць Сегені. 

«Глядач знаёміцца з дружнай супольнасцю, штодзённае жыццё якой арганізавана вакол працы і касцёла. Рухавіком сюжэта становіцца раптоўнае варожае ўмяшанне навакольнага свету, які пачынае пагражаць героям (галоўная гераіня набрала мікрапазык, каб купіць біткойны, і не можа тыя пазыкі павяртаць). Героі праяўляюць салідарнасць і, дзейнічаючы сярод прыгожай прыроды і культурнага ландшафту Падляшша, пераадольваюць жыццёвыя цяжкасці, аднаўляючы лакальны статус-кво», — коратка пераказваюць аўтары змест фільма і заўважаюць:

«Плоскі як мазавецкая раўніна сюжэт фільма і нясвежыя жарты прыводзяць да таго, што стужка застаецца да болю банальнай гісторыяй пра абарыгенаў, якія размаўляюць з дзіўным акцэнтам і выкарыстоўваюць архаічныя словы. Нягледзячы на намаганні сцэнарыстаў, пад убогімі кадрамі наіўнага свету выяўляецца яго супрацьлегласць — locus horridus — свет хаосу, страху, смерці.

Гаворка нават не пра тое, што каларытнасць мясцовай супольнасці ўвасабляюць два другарадныя героі-алкаголікі, якія няўмела хаваюць сваю залежнасць ад жонак. Відаць, такой была ідэя сцэнарыстаў — абыграць стэрэатып, што на ўсходзе ўсе гоняць самагонку і бухаюць. Сюжэт вырываецца з-пад кантролю аўтараў і пачынае жыць уласным жыццём — а яно дзіка зверскае».

Фота: filmpolski.pl

Асабліва востра аўтары крытыкуюць выдуманае тлумачэнне гісторыі руін касцёла Святога Антонія ў Ялоўцы (гміна Міхалова), размешчанай за кіламетр ад мяжы з Беларуссю. У фільме знішчэнне святыні тлумачыцца выпадкам: ксёндз нібыта ненаўмысна спаліў храм, калі гнаў самагон. Сегені нагадваюць, што гэтыя руіны — сведкі сапраўднай трагедыі:

«Гэтыя руіны — сведчанне сапраўднай бяды, якая разыгралася ў гэтым мястэчку. Касцёл спалілі падчас вайны ды так і не адбудавалі. Спалілі там тады і сінагогу. Сапраўдны жах, які вісіць над рэальным Падляшшам, — гэта гісторыя пагромаў, Халакосту, падчас якога згінулі габрэі, і пасляваенных этнічных чыстак, якія адбываліся ў ідылічных дэкарацыях вёсак, паказаных у фільме.

І менавіта ў тыя моманты, калі аб’екты з фону кадра пачынаюць гаварыць уласным голасам, у фільме адбываецца замена міфічнага свету шчасця на рэальны свет смерці».

А дзе беларусы? А няма беларусаў

У свам водгуку на фільм Паўліна і Войцех Сегені ўзнімаюць шырэйшую праблему свядомага «сцірання слядоў» беларусаў і праваслаўя на Падляшшы.

На іх думку, гэтую стужку варта супаставіць з эсэ-кнігай беларускі з Падляшша Анэты Прымякі-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Сціраная гісторыя Падляшша». У сваёй працы пісьменніца вакол справы аб забойстве свайго дзядулі ў 1945 годзе выбудавала эпічны рэпартаж пра польска-беларускае памежжа і пра тое, што прынята называць «доляй меншасці».

«Вока, знаёмае з мясцовым ландшафтам, заўважае кадр з каталіцкім ксяндзом, які прамаўляе да вернікаў пасярод вёскі, але робіць гэта побач з крыжамі з характэрнай для праваслаўя касой папярэчынай і надпісамі на кірыліцы. Заўважае традыцыйны вышываны ручнік у куце вясковай хаты, але кадр выстаўлены так, каб не было відаць абраза, які гэты ручнік упрыгожвае.

Фота: filmpolski.pl

Падляшскае вока выхоплівае кадры з праваслаўнай капліцай у Пятрашках, знятай так, каб дрэвы засланялі праваслаўны купал. Бачыць брук і хаты ў вёсках, якія ў рэальнасці нават не шматкультурныя, а проста праваслаўныя, дзе каталікі (калі не лічыць прыезджых) — рэдкасць. Бо ж рэгіён на паўднёвы ўсход ад Беластока, між Бельскам і Гайнаўкай, — гэта самае сэрца праваслаўнага Падляшша», — пішуць аўтары.

Крытыка закранае і моўнае пытанне. Аўтары пішуць у сувязі з гэтым пра «трыумф сімулякру над рэальнасцю». Усё гучыць так, нібыта адзіным моўным кансультантам аўтараў фільма быў беластоцкі блогер Калёрак — «самы вядомы інстаграм-прамоўтар фіктыўнай «падляшскай мовы», які з самавысмейвання і невуцтва (што агулам можна назваць маркетынгавай стратэгіяй, заснаванай на самаарыенталізацыі) зрабіў рэгіянальны прадукт».

«І бессэнсоўна тлумачыць Калёрку ды сцэнарыстам, што людзі ў вёсках, выкарыстаных у фільме, размаўляюць між сабой на падляшскім варыянце беларускай мовы. А калі часам гавораць па-польску, то выкарыстоўваюць формы тыпу «ja mówił», калі граматыка застаецца беларускай», — даводзяць Сегені.

Яшчэ адзін паказальны момант, на які звяртаюць увагу аўтары, — нетыповыя для Падляшша прозвішчы персанажаў — Мадэй ці Воляк. Тут такіх прозвішчаў няма.

«Гэта не выпадковасць, — пішуць Сегені. — Мэтай не было паказаць гэтую частку Падляшша такой, якая яна ёсць. Мэтай было захапіць яе, здзейсніць культурны рэйдарскі захоп, выкарыстаць прывабны культурны ландшафт, уяўны locus amoenus і ўпісаць яго ў знаёмыя рамкі польскага ўяўлення.

Але калі на гэтай карціне няма тутэйшых, то што з імі? Дзе яны падзеліся? Чаму ў іх хатах жывуць чужыя людзі? Што тут адбылося? Гэтыя пытанні справядліва выклікаюць мароз па скуры, а вычарпальныя адказы на іх можна знайсці ў кнігах Анэты Прымакі-Онішк», — пішуць Сегені.

Фота: filmpolski.pl

«Палякі любяць усходнюю нотку, але не любяць людзей, якія яе стварылі»

Як падкрэсліваюць аўтары, культурны ландшафт, у якім адбываецца дзеянне «Падляшша», быў створаны зусім не Мадэямі і Волякамі. «Яго стварылі людзі рускага (у сэнсе Русі — Беларусі і Украіны, а не Расіі) паходжання, аўтахтонныя жыхары гэтых тэрыторый, якія ў эпоху паспявання нацыянальнай і палітычнай свядомасці ідэнтыфікавалі сябе як беларусы.

У польскім культурным уяўленні, як відаць на прыкладзе фільма, для іх няма месца, — пішуць Паўліна і Войцех Сегені. — Падляшскія беларусы маглі б усклікнуць, як чорныя амерыканцы, калі тыя гавораць пра блюз: польская большасць любіць усходнюю нотку, але не любіць людзей, якія яе стварылі».

Аўтары з горыччу канстатуюць, што працэс сцірання свядомасці суправаджаецца практыкай самасцірання, калі мясцовыя жыхары выбіраюць бяспечную, але невыразную «тутэйшасць». Сегені горка заўважаюць: якія б патрыётамі Польшчы ні выстаўлялі сябе праваслаўныя жыхары рэгіёна, «з сямейнага польскага фота гэтых праваслаўных кузэнаў усё роўна выражуць».

«Там няма месца для Іванюкоў, Дзмітрукоў і Парфянюкоў. На калектыўным партрэце, нават калі фонам служыць драўляная падляшская хата, а касцюмамі — кашулі з беларускім народным арнаментам, месца хопіць толькі для Мадэяў, Волякаў і ксяндза-дабрадзея».

Аўтары называюць фільм «Падляшша» арыенталісцкай халтурай.

«Гэта рэгіён, які вабіць экзотыкай вясковых хат, але адначасова смяшыць сваёй адсталасцю. Пацешнае і лагоднае Падляшша, населенае постацямі высакародных дзікуноў, стала зручнай дэкарацыяй для праекцыі крэсовай міфалогіі», — даводзяць Сегені і заклікаюць мясцовых жыхароў задумацца.

Фота: filmpolski.pl

«Ці не спрыяе гэтаму мастацтва мімікрыі, пастаянная недагаворанасць, заблытанасць у дыскусіях пра ідэнтычнасць, якія ўсё часцей вядуць да рэгрэсу — адыходу ад нацыянальнай самасвядомасці з яе палітычнымі вынікамі да перадмадэрных ідэнтыфікацый, дзе застаецца «мы тутэйшыя» і «наша мова»?

Гэтае няўменне ці, можа, негатоўнасць гаварыць пра саміх сябе ў катэгорыях нацыі ці хаця б этнічнай групы не дазваляе выбудаваць пазіцыю ўпэўненых гаспадароў, якія маглі б без комплексаў гаварыць пра сябе і свой кавалак зямлі

са сваімі польскімі (і каталіцкімі) суграмадзянамі. Замест таго, каб весці іх на балоты», — падагульняюць Сегені.

Каментары28

  • Лёлік з-пад Лімасола
    09.04.2026
    браўністам зойдзе)
  • Choroszcz
    09.04.2026
    Чаму пішаце, што выклікала крытыку беларусаў Падляшша? Фільм выклікаў крытыку каментатараў ультралевай Krytyki Politycznej і іх падпісантаў.

    Хутчэй беларусаў Падляшша абурэнне выклікала б параўнанне іх да неграў.
  • Żubr z Podlasia
    09.04.2026
    Спасылацца на тое выданне ў такіх нацыянальных пытаннях як спасылацца не Савецкую Беларусь ці Мінскую Праўду.

Цяпер чытаюць

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны24

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску беларускія клубніцы прадаюцца ўжо ад 5 рублёў за кілаграм1

Сямейнай пары работнікаў дзіцячага садка далі за «здраду дзяржаве» і «кантрабанду зброі» 12 і 14 гадоў. Вось што кажуць сябры сям'і6

Упершыню за 23 гады на Краснай плошчы вырашылі не праводзіць святочны канцэрт да Дня Расіі9

21‑гадовы расійскі хакеіст выпадкова застрэліўся на вачах у дзеда. Пенсіянер не вытрымаў гора і забіў сябе5

«Зладзілі маленькі Кітай». Што вядома пра новую вытворчасць халадзільнікаў у Баранавічах3

«Галоўная крыніца выдаткаў — гэта часта адносіны». Айцішнік расказаў, як за тры гады купіў кватэру ў Тбілісі з заробку5

У Мінску на Партызанскім праспекце аўтамабіль збіў 21‑гадовага хлопца на самакаце4

Прызначаны новы міністр прыродных рэсурсаў3

Прызначана галоўная рэдактарка «СБ. Беларусь сегодня»7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны24

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць