«Мне пофіг. Штрафуйце мяне, я багаты». Турыст на Гаваях кінуў камень у рэдкага цюленя — мясцовыя жыхары не даравалі
У Гаваях 37‑гадовы турыст шпурнуў велізарны камень у гавайскага цюленя-манаха, што знаходзіцца пад пагрозай знікнення, і хваліўся, што яму чхаць на наступствы, бо ён «багаты».

Камень ледзь не трапіў жывёліне ў галаву.
«Мы сказалі яму [турысту], што выклікалі паліцыю, а ён адказаў: «Мне пофіг. Штрафуйце мяне, я багаты». Ён так і сказаў і пайшоў далей», — расказала жанчына, якая зняла на відэа гэты момант, піша The Independent.
Цюлень па мянушцы Лані, у якую цэліў турыст, — любіміца многіх мясцовых жыхароў. Яна вярнулася ў горад Лахайна пасля маштабных лясных пажараў 2023 года.
Штраф за прычыненне шкоды цюленям-манахам можа складаць больш за 35 тысяч даляраў.
Аддзяленне аховы прыродных рэсурсаў затрымала мужчыну. Дэпартамент зямельных і прыродных рэсурсаў Гаваяў не называў яго імя. Паведаміў толькі, што гэта 37‑гадовы жыхар Сіэтла, штат Вашынгтон.
Але жыхары вырашылі вылічыць турыста самі і праславіць яго за такі ўчынак. Як пішуць розныя паблікі, мужчыну апазналі як Ігара Літвінчука, уладальніка Вашынгтонскай суднаходнай кампаніі.
Каментары