Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка даслаў з СІЗА КДБ два лісты.
У лістах да жонкі Вольгі палітык піша, што захварэў.
«Прыхварэў тут крыху, але тры дні хапіла на выздараўленне. У нас нават некалькі дзён кварцавалі камеру. Са свежым паветрам тут парадак і дзяжурныя, калі нехта прастуджаны, мыюць камеру два разы на дзень. З лекамі таксама ок. Мне вельмі важная твая падтрымка. Згодзен, што эмацыйныя лісты вельмі патрэбныя ўсім і асабліва людзям сямейным.
Цяпер псіхалагічна лягчэй. Дзень прыбывае. Шмат марозных сонечных дзён, увечары чутны перазвон званоў з блізкіх храмаў. У камеры ёсць каталікі. Народ ад акрэсцінскага моцна адрозніваецца, хоць усюды трэба заставацца чалавекам і наладжваць адносіны з усімі», — напісаў Зміцер Бандарэнка.
У другім лісце, напісаным ўжо пасля падаўжэння тэрміну расследавання крымінальнай справы аб падзеях 19 снежня, палітвязень піша:
«Як мы чакалі, усе зацягваецца. Магчыма, для цябе гэта вельмі цяжкі этап, але я адчуваю, ты таксама гатовая да ўсяго і трымаешся, нягледзячы ні на што, малайчынай. Бог даў нам чарговае жыццёвае выпрабаванне. І ты ўсё робіш правільна, я ганаруся табой. Толькі беражы сябе, беражы дачку, хай яна цалкам сканцэнтруецца на навучанні. Сачы за здароўем, будзь асцярожная і разважлівая, і ўсё будзе нармальна. Я ў парадку дзякуючы тваім намаганням, малітвам і клопатам… Маё жыццё гранічна простае. Выконваю ўсталяваны распарадак, чытаю, разгадваю сканворды. Калі грошай зусім няма, эканом на мне…»
Каментары