Скандал у полацкай школе: маці сцвярджае, што яе сына збілі на трэніроўцы па дзюдо — так хлопца «выхоўваў» трэнер
Відэа маці траіх дзяцей і блогеркі Ганны Захаравай за суткі сабрала дзясяткі тысяч праглядаў і тысячы каментароў на розных пляцоўках. У ім жанчына са слязьмі на вачах расказвае, што ў Полацкай СДЮШАР яе сына Кліма збілі на трэніроўцы па дзюдо аднагрупнікі. Прычым — са згоды трэнера.
«Я не стаўлюся да сваіх сыноў як да «сыночек-корзіночек». Але такога стаўлення я дакладна не дазволю», — паабяцала Ганна.
Па словах маці, трэнер дазволіў іншым дзецям «павыхоўваць сына».
«У Кліма не атрымлівалася выканаць практыкаванне, і трэнер сказаў: «Пакуль у Кліма не атрымаецца, усе астатнія прысядаюць». Гэта цягнулася нейкі час, і ў канцы трэніроўкі трэнер сказаў: «Ну, я дазваляю вам яго за гэта пакараць».
Пра сітуацыю маці распавёў і Клім, і яшчэ адзін сын Марк, які таксама наведвае гэтыя ж трэніроўкі па дзюдо падчас канікул.
«Кліма збіваў натоўп аднагрупнікаў, Марк спрабаваў абараніць брата, але натоўп проста яго не пускаў. Гэта што, такія педагагічныя метады, калі дзіця вяртаецца дадому і ў яго нос сінню аддае? Я ведаю, што ў мяне Клім не ідэальны спартсмен, але чаму нельга было звязацца са мной і сказаць, што ў яго праблемы?, — задае адно пытанне за іншым жанчына. — Як бы ён сябе ні паводзіў, збіваць нельга».

Ганна не стала публічна называць імя трэнера СДЮШАР да сканчэння разбіральніцтва, але ўся сітуацыя была пераказаная міліцыі. Таксама маці прызначыла індывідуальную сустрэчу з трэнерам і звярнулася ў бальніцу для фіксацыі сінякоў. Да справы падключыліся мясцовыя чыноўнікі і СМІ, паабяцаўшы, што здарэнне «на кантролі».
«Адпаведныя службы, у тым ліку аддзел спорту Полацкага райвыканкама і кіраўніцтва спартыўнай установы, уключаныя ў працу і прымаюць патрэбныя меры. Мы імкнёмся да максімальнай адкрытасці — як толькі будзе атрыманая афіцыйная інфармацыя, мы абавязкова пра ўсё раскажам», — напісаў «Полацкі веснік».

У самой Полацкай СДЮШАР ад аператыўных каментароў журналістам адмовіліся.
Ролік блогеркі запусціў шырокую дыскусію пра дазволенасць метадаў выхавання ў спорце, асабліва калі той звязаны з барацьбой.
Большасць беларусаў у каментарах адназначна асуджае гвалт і выхаванне сілай:
«Жудасна, непедагагічна, жахліва паступіў трэнер. Як бы ні паводзіла сябе дзіця (а я магу ўявіць, што часам вырабляюць хлапчукі), але такое не дазволена!»;
«Збіваць натоўпам — гэта не пра спартыўныя паводзіны і не пра выхаванне, гэта 1000000% ненармальна. Трэнер паказвае, што, калі нехта нешта робіць не так, можна збіць натоўпам. Вырашаць пытанні кулакамі — гэта наўпрост дарога за краты»;
«Забраць тэрмінова дзяцей ад такога трэнера і звольніць!»;
«Я трэнер. Пісаць заяву, яго павінны звольніць. Гэта не педагагічна. Гэта цкаванне. Звольняць яго, і ніхто не возьме больш на працу».
Але знайшліся і тыя, хто апраўдвае падобныя метады:
«Аддайце дзіця на шахматы, можа, там яно будзе цэлае і здаровае. Калі вы аддалі яго ў гэты спорт, вы павінны разумець, што і як будзе адбывацца з вашым дзіцём на трэніроўках».
Частку каментароў з апраўданнем трэнера, як лічыць Ксенія, напісалі сябры мужчыны ці бацькі дзяцей, якія і збівалі яе Кліма.
«У вашага Кліма кожную трэніроўку нешта не атрымліваецца, можа, гэта не той спорт, у якім ён можа прагрэсаваць».
«Мой брат ходзіць з Клімам на трэніроўкі, яе сын увесь час зрывае іх, і ў гэты дзень трэба было проста прайсціся гужам, з чым яе дзіця не дало рады, і дзеці прысядалі 150 разоў, пакуль ён не зрабіў практыкаванне. Клім не хоча займацца, абзывае дзяцей, паказвае сярэдні палец і ляжыць пад батарэяй, ніхто яго не збіваў, далі падсрачнік адзін раз і ўсё».
«Калі ў яго аднаго не атрымліваецца, чаму іншыя павінны за яго адціскацца? Вы аддалі сына на баявыя мастацтвы. Так хай трэнер і вырашае ў такіх рэчах. А гладзіць сына па галоўцы і ў дупу яму дзьмуць… Навошта тады аддавалі ў спорт? Займіце яго вышываннем!».
Як бы ні развілася гісторыя далей, Ганна ўжо прыняла рашэнне, што больш яе дзеці да такога трэнера ні нагой.
Каментары