Культура1818

Стужынская пра Сіліцкага: Мы назавем тваім імем універсітэт ці вуліцу ў Мінску

Я да апошняга дня верыла, што ён вылекуецца, і дужа злавалася на Віталікавы настрой і адчай…

Віталь адпакутаваў і сышоў пасля доўгіх месяцаў барацьбы з хваробай, што хутка прагрэсавала і не пакінула яму шанцу на выздараўленне. Ён быў выбітным палітолагам, амбітным кіраўніком свайго дзецішча, Беларускага інстытуту стратэгічных даследванняў (BISS), аўтарам кніг і артыкулаў. Для мяне ж ён, у першую чаргу, быў блізкім сябрам, з якім мы гутарылі кожны дзень у скайпе,
катораму я тэлефанавала адным з першых падчас кожнай паездкі ў Мінск, і мы суcтракаліся амаль кожны дзень, каб пагутарыць і пра справы, і пра ўсё на свеце…

Мы пазнаёміліся ў Стэнфардскім універсітэце пяць год таму. Вялікі, як плюшавы мішка, і заўсёды у добрым настроі, з гучным смехам і любоўю да футбола: такія мае першыя ўспаміны пра яго. Мы разам хадзілі па кампусе ўніверсітэта, сядзелі ў кавярнях і гутарылі па-беларуску пра Беларусь. Я ў той час была занятая развіццём «Офіса за дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі, Віталь заканчваў свой гадавы праект у Стэнфардзе і думаў над тым, што рабіць далей. Ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь, нягледзячы на тое, что мог зрабіць бліскучую кар’еру за мяжой.

Яго любоў да сінявокай Беларусі была непамернай, як і прага працаваць на яе карысць.

Інстытут стратэгічных даследаванняў, заснаваны Віталём з калегамі, стаў першай сапраўднай «фабрыкай думкі» ў Беларусі. Віталікава шыкоўная адукацыя і рэдкія аналітычныя здольнасці ўвялі новы для Беларусі стандарт у галіне аналітыкі. Матэрыялы BISS’у хутка сталі чытанымі ў еўраінстытутах, нацыянальных парламентах, міжнародных арганізацыях і амбасадах. Мы разам ладзілі шматлікія прэзентацыі і круглыя сталы ў Бруселі ды іншых гарадах, працавалі над артыкуламі і канферэнцыямі.

А паміж усёй гэтай працай мы па-сяброўску жартавалі пра наша BISS-ODB інстытуцыянальнае партнёрства, «жабілі» фотаздымкі адно аднаго, выдумлялі меню для рэстарацыі «Дажынкі», якую, казалі, калі-небудзь разам адчынім у Мінску.

У мінулым годзе, пасля таго як Віталю выдалілі адну нырку, ён быў такі шчаслівы, што метастазы не пайшлі па целе. Падавалася, хвароба сышла. Ён цудоўна выглядаў, часам раіўся наконт таго, які лепш купіць касцюм ці гальштук. Ён жыў з асалодай і адчуваннем шчасця.

Мы разам былі на плошчы 19 снежня. Разам беглі ад АМАПу і хаваліся ў гатэлі «Мінск». Разам не маглі паверыць у тое, што адбываецца, і пісалі супольную заяву па падзеях пасля выбараў. Плошча, я мяркую, дадала шмат да пагаршэння яго стану, пра які ён яшчэ і не ведаў, але, думаю, здагадваўся.

Праз некалькі тыдняў Віталік думаў, што загрыпаваў. Насамрэч гэта быў пачатак канца, бо метастазы знайшлі ў вялікай колькасці ў абодвух лёгкіх. Сябры і калегі з інстытута збіралі сродкі на лячэнне, даглядалі яго ў Мінску. Мы арганізавалі магчымасць кансультацый у Бельгіі. Ён шмат часу правёў тут, у Брусэлі: спачатку на незлічоных тэстах, потым на бальнічным ложку ў адной з найлепшых анкалагічных клінік Еўропы. Я да апошняга дня верыла, што ён вылекуецца, і дужа злавалася на Віталікавы настрой і адчай… Да апошняга дня, калі доктар сказаў «пагутарыць з сям’ёй» і забіраць яго ў Мінск, бо інакш ён не вернецца на радзіму жывым.

Мы з калегамі арганізавалі яго дарогу дадому. Паміраць. Наш Віталя вяртаўся да сваёй сінявокай Беларусі, каб назаўжды застацца з ёй. Ён так шмат яшчэ хацеў зрабіць для яе, ды не паспеў.

Пухам табе зямля, мой даражэнькі сябра. Калі-небудзь я прыйду да цябе на магілу, каб расказаць пра перамены, што адбыліся ў Беларусі, тыя перамены, у якія ты верыў і на якія працаваў. Мы назавем тваім імем універсітэт ці вуліцу ў Мінску. І за нас дваіх я адкрыю рэстарацыю «Дажынкі».

Каментары18

Цяпер чытаюць

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны15

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Усе навіны →
Усе навіны

Што адбываецца цяпер у Пішчалаўскім замку і як ён выглядае ФОТЫ4

Па Глыбокім гуляла медзведзяня4

Пасольства Польшчы ў Мінску змяняе правілы прыёму дакументаў на карту паляка2

Славенія заплаціць беларусу амаль 100 тысяч еўра за тое, што на яго навялі пісталет пры затрыманні, а пасля пратрымалі год за кратамі3

«Пагроза бяспецы калег». Зазулінская патлумачыла, чаму ў «Еўрапейскім выбары» перасталі давяраць Мамаевай6

Някляеў шукае, хто б мог сыграць Ягайлу і Ядзвігу ў тэатральнай сцэне2

Сілавікі накрылі сетку арганізацый «таемных пакупнікоў». Налічылі 40 тысяч пацярпелых работнікаў гандлю18

Следчы камітэт палохае ўзмацненнем кантролю за Threads і TikTok3

Спала 6 гадзін, працавала, вучылася ў выходныя, на курсы зарабіла сама: цана 100 балаў на ЦЭ для школьніцы з Беразіна3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны15

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць