Меркаванні3131

Кіраўніца Femen Ганна Гуцал: Лукашэнка неадэкватны

У Мінск ездзілі самыя правераныя байцы, расказала яна.

Радыё «Свабода» ўзяло інтэрв’ю ў лідаркі руху Femen Ганны Гуцал. Дзяўчаты даўно прыцягваюць увагу да розных праблем сваімі правакатыўнымі перформансамі. Але ўпершыню яны правялі сваю акцыю ў дыктатарскай краіне. І вынік — актывісткі зніклі. Спачатку ім удалося ўцячы з-пад КДБ, дзе яны правялі свой смелы хэпенінг. КДБісты найперш кінуліся затрымліваць журналістак з вялікімі камерамі, каб знішчыць фотаматэрыялы. Імаверна, Femen-істак высачылі пазней па мабільным тэлефоне, на які яны прынялі тэлефанаванне ад журналіста Еўрарадыё. Пакуль невядома, дзе яны. Начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч назваў акцыю «грубай спланаванай правакацыяй».

— Як у актывістак руху зьявілася думка правесьці акцыю ў Беларусі?

— Мы вельмі сябруем зь беларусамі-апазыцыянэрамі, якія жывуць у Кіеве, часта ходзім на іх пасяджэньні, прагляды фільмаў, і мы шчыра пранікліся ідэяй вызваленьня беларускага народу ад дыктатара, і ў нас нават сфармавалася асобная фракцыя Фэмэн — прыхільнікаў беларускага народу. Мы доўга спрачаліся і прынялі рашэньне, што павінны падтрымаць беларускі народ ня проста ў Кіеве, а павінны паехаць у Менск, каб паказаць народу Беларусі, што трэба змагацца, што нельга баяцца, што нават мы, дзяўчаты з Украіны гатовыя прыяжджаць да вас і пратэставаць супраць Лукашэнкі.

— Дзяўчаты, якія сёньня наладзілі акцыю каля будынку КГБ у Менску — Аляксандра Нямчынава, Аксана Шацько і Іна Шаўчэнка — наколькі яны ўсьведамлялі рызыку, да якой рэакцыі беларускіх уладаў яны былі гатовыя?

— Ехалі самыя правераныя байцы, дзяўчаты, якія ведалі, што могуць быць праблемы, што можна адсядзець суткі, могуць быць фізычныя калецтвы. Паехалі тыя, хто гатовыя былі пацярпець, калі б такое здарылася. Але людзі верылі, што сваёй акцыяй яны натхняць беларускі народ не баяцца, абараняць сваю волю.

— Часам на адрас руху Фэмэн можна пачуць крытыку, што ў яго няма ніякай ідэалёгіі, ніякага зьместу, а толькі формы-то бок прывабная форма пратэсту, але супраць чаго пратэставаць — ня так важна. Наколькі апраўданая такая крытыка?

— Гэта кажуць зласьліўцы, якія наогул супраць жаночых пратэстаў, а тым больш — топлес-пратэстаў. Наша галоўная ідэалёгія — што ў справе вызваленьня жанчыны ў патрыярхальным сьвеце трэба быць максымальна радыкальнымі, і толькі топлес-пратэст можа ўзбурыць гэты патрыярхальны сьвет, і таму мы лічым, што мы на слушным шляху. Жаночая рэвалюцыя павінна зьдзейсьніцца, і яна павінна праходзіць менавіта ў топлес-фармаце: чым больш радыкальна, тым больш эфэкту ад нашых дзеяньняў. У нас — ідэалёгія вызваленьня жанчыны, свабоды і дэмакратыі ва ўсіх краінах, мы гатовыя дапамагаць людзям ва ўсіх краінах. Нам пішуць людзі з Бразыліі, зь Беларусі. Фэмэн — дастаткова моцны ідэалягічны рух, у адрозьненьне ад тых жа украінскіх партыяў, у якіх адна ідэалёгія — выбіваньня «бабла» з украінскага народу.

— Тое, што вы выкарыстоўваецца аголенае цела — ці не спрыяе пашырэньню гэндэрных стэрэатыпаў, што жанчына гэта найперш сэксуальны аб’ект?

— Наадварот: гэндэрны стэрэатып — што жанчына сэксуальны аб’ект, які павінен быць схаваны пад вопраткай, і што жаночае цела належыць мужу, рэклямнаму бізнэсу, сэкс-індустрыі. Мы хочам паказаць што цела жанчыны перадусім належыць ёй і грамадзянскай барацьбе.

— Як вы дамаўляецеся пра нейкія акцыі — ці узгадняюць актывісткі свае ідэі з астатнімі, ці ёсьць у вас нейкі штаб?

Па-першае, мы заўсёды прымаем рашэньні калектыўна, у нас ёсьць асноўны склад арганізатараў, вядома, тут павінна быць добрая воля актывістаў, якія будуць удзельнічаць у акцыі. Ніхто недобраахвотна не ўдзельнічае. Прынцып адбору тэмы залежыць ад фінансавых магчымасьцяў — ці можам мы выехаць у нейкую краіну. Калі б у нас былі большыя магчымасьці, мы б прысутнічалі амаль у кожнай краіне сьвету.

— Ці ёсьць адчуваньне, што ў некаторых грамадзтвах такія пэрформансы, як у вас, могуць наадварот адштурхнуць больш людзей ад вашых ідэяў, чым прыцягнуць, прывабіць?

— Не, мы праводзілі акцыю ў абарону іранскіх жанчын, у абарону жанчыны, якую зьбіраліся забіць камянямі за здраду памерламу мужу, мы зрывалі дні іранскай культуры ў Кіеве, топлес, і мы атрымалі вялікую колькасьць лістоў удзячнасьці з Ірану: пісалі і званілі і мужчыны, і жанчыны. Чым больш паняволены народ, тым больш ён гатовы прымаць радыкальную падтрымку, і для яго ня мае значэньне, топлес ты выйшаў альбо не — ім важна, што ты іх падтрымліваеш. І калі ёсьць розгалас у прэсе, гэта мае для іх значэньне.

— Што б вы адказалі тым, хто кажа, што Фэмэн робіць сабе рэкляму, каб пасьля зарабляць на пратэстах грошы?

— Няхай знойдзецца хаця б нехта, хто пацьвердзіць, што Фэмэн за нейкія акцыі прасіў ці браў грошы. Мы — незалежны рух і не зарабляем на акцыях, мы грамадзянскі рух, зарабляем сваімі магчымасьцямі, сваёй крамай, дзякуючы дабрачынным унёскам.

— Якая рэакцыя на вашы акцыі здаецца вам найбольш прадуктыўнай? Пасьля сёньняшняй акцыі ў Менску — на які эфэкт вы разьлічвалі?

— Па-першае, у Кіеве нам выказваюць удзячнасьць вельмі шмат беларусаў, і людзі пішуць нам і ў сацыяльных сетках, і гэта той вынік, які мы хацелі пабачыць. Многія пішуць: «Дзякуй вам за сьмеласьць, і нам павінна быць сорамна за тое, што мы баімся». Хаця мы разумеем, што мы — грамадзян іншай краіны, і ў нас большая бясьпека, а са сваім народам Лукашэнка можа зрабіць усё што заўгодна.

— Ці можна чакаць ад вашага руху бліжэйшым часам яшчэ нейкіх акцый у падтрымку Беларусі?

— Думаю, так. Мы хочам і надалей працягваць змаганьне з рэжымам Лукашэнкі, мы будзем і надалей працягваць дэманстраваць ягоную блазенскую прыроду і казаць пра тое, што ягоныя неадэкватныя дзеяньні могуць прывесьці да катастрофы Беларусь — ад грамадзянскай вайны да захопу Расеяй. І таму мы будзем дапамагаць змагацца беларускаму народу за дэмакратыю.

Каментары31

Цяпер чытаюць

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна6

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна

Усе навіны →
Усе навіны

Маск стаў першым трыльянерам у гісторыі7

У другім матчы чэмпіянату свету Паўднёвая Карэя атрымала валявую перамогу над Чэхіяй1

Навукоўцы распрацавалі інструмент для прагназавання часу смерці1

У першым матчы мундыялю-2026 Мексіка перамагла ПАР

У Мексіцы прайшла першая цырымонія адкрыцця чэмпіянату свету па футболе1

«Абвінавачванні застаюцца галаслоўныя». Мамаева адказала Зазулінскай4

Пры ўзвядзенні дома ў Мінску будаўнікі замянілі керамзітабетон на «гіпсакардон». Людзі забілі трывогу2

Пад Докшыцамі навукоўцам наглядна паказалі, як усё было падчас вайны ФОТЫ9

Пад Мінскам жанчына стварыла на 45 сотках кветкавае каралеўства5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна6

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць