Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»66

Абарыгены зьелі Кука

Неабраньне Беларусі ў Раду правоў чалавека можа гукнуцца для кагосьці з МЗС. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

"Пралёт над гняздом зязюлі" — неабраньне Беларусі ў Раду правоў чалавека ААН — можа абярнуцца непрыемнасьцямі для каго-кольвек з дыпляматычнага ведамства. Але ж ці дыпляматы вінаватыя? Калі ў дзяржавы такі імідж, дык хоць у блін разьбіся — місія невыканальная!

Ня тое каб Рада правоў чалавека мела нейкія моцныя вагары. Яна паўстала толькі летась у выніку рэфармаваньня замест адпаведнага Камітэту ААН і пакуль што выглядае даволі аморфна. Дый у прынцыпе можа толькі нешта рэкамэндаваць. "А Васька слухае ды есьць".

Але аанаўскія рэзалюцыі пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ўспрымаліся ў Менску хваравіта. Калі, напрыклад, Брусэль ці Вашынтон крытыкуе, можна сказаць: а хто вы нам? Карацей, буржуяў з Эўразьвязу ды сусьветнага жандарма прасьцей паслаць куды падалей. А вось сяброўства сінявокай Беларусі-партызанкі ў ААН было прапагандовай фішкай яшчэ са сталінскіх часоў. І тут анучай па пысе атрымліваць асабліва крыўдна.

Зь іншага боку, уявеце, колькі было б звону, каб пашэнціла трапіць у тую Раду! Ну, хто плявузгаў пра ізаляцыю? Зачынеце свае паклёпніцкія ляпы! Якія ж мы, блін, ізгоі? Глядзеце, як займае росквітная Беларусь свой пачэсны пасад між народамі! Ну і гэтак далей у вытанчанай, узьнёслай манэры айчыннага агітпрапу.

Заходнія дэмакратыі ўспрынялі аанаўскія амбіцыі "апошняй дыктатуры Эўропы" як дзёрзкі выклік. І выявілі тактычны спрыт. У апошні момант канкурэнцыю Беларусі склала Босьнія, апрыёры сымпатычная братам-мусульманам.

Між іншым, вынікі галасаваньня, калі Менск пракінулі і многія краіны трэцяга сьвету, яскрава сьведчыць пра ўтапічнасьць надзеяў рабіць там палітычную пагоду, асядлаўшы Рух недалучэньня.

Некалі за ўплыў на трэці сьвет змагаўся Савецкі Саюз. Але ж у яго, па-першае, была прэтэнцыёзная глябальная ідэалёгія, а па-другое — шалёныя рэсурсы. Перлі мітычным ідэйным братам з Афрыкі, Азіі ды Лацінскай Амэрыкі харчаваньне, зброю, грошы — ўсё як у прорву.

У айчынных дзеячаў няма ні такой ідэалёгіі (туземцам не ўвапрэш лёзунгі Ўсебеларускага сходу:-), ні такіх рэсурсаў. Самі, можна сказаць, з шапкай па коле пайшлі. Мо шэйхі крэдытаў дадуць, а Чавэс з Ахмадынэжадам нафтай дапамогуць. Але ж ні Эміраты, ні Іран, ні Вэнэсуэла спансаваць нас не зьбіраюцца. Калі ласка, спачатку закапайце шмат мільёнаў у даліну Арынока — а потым пампуйце, што знойдзеце!

Карацей, трэці сьвет ставіцца да кантактаў зь Менскам прагматычна, і на адной рыторыцы тут многа пунктаў не набярэш. Там стае і сваіх майстроў бэсьціць з трыбуны глябальнага гегемона :-)

А чым цягнуць цяпер на дыбу небарак-дыпляматаў, варта было б пачухаць патыліцу. І зразумець, што ранейшая палітыка — шматгадовае паліваньне Захаду на тле здушэньня грамадзянскай супольнасьці ва ўласнай краіне — пачала гукацца па поўнай праграме. Тым болей што ўжо няма ранейшага хмельнага адчуваньня: нам мора па калена, бо Расея зь ядравым дручком заўжды прыкрые! Масква й сама точыць зубы, хай сабе зь іншымі мэтамі. Даскакаліся стратэгі.

P.S. Мілінкевіч сваім зваротам да замежжа таксама трохі паспрыяў таму, каб Менску ў ААН наладзілі паказальны ўрок. Дадайце заяву БХК ды інш. Зараз відавочна: для сусьветных цэнтраў прыманьня рашэньняў нешта значыць і голас беларускай грамадзянскай супольнасьці. І калі яе будуць душыць далей, то бумэранг абавязкова вернецца.

А пісаў жа Мілінкевіч і наверх: давайце паразумеемся! :-) Адмахнуліся: ды што ён можа? Ну-ну...

Каментары6

Цяпер чытаюць

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска1

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска

Усе навіны →
Усе навіны

Беластоцкага актывіста Вайцяхоўскага, які вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні і інтэрв'ю БТ, абвясцілі яшчэ і тэрарыстам9

Манашкі разбурылі ў Навагрудку школу, якую пабудавалі святыя мучаніцы, і цяпер просяць грошы на навабуд19

У Кіраве быў атакаваны завод «Авітэк»

200 чалавек за дзень. Што вядома пра страты Расіі ва Украіне да канца ліпеня?8

Новы трэнд сярод падлеткаў — расшпіленыя джынсы27

Мазырскі НПЗ трапіў пад санкцыі ЕС8

Зяленскі сустрэнецца з Трампам на наступным тыдні

Латушка перадасць інфармацыю пра Мельнікаву польскай пракуратуры12

Чаму грэнландская акула жыве да 400 гадоў?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска1

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць