Архіў

Віктар Шніп. А ў полі...

№ 29 (186), 17 — 24 ліпеня 2000 г.


 

Віктар Шніп

А ў полі...

 

Мне гадоў пяць. Яшчэ месцамі ляжыць сьнег, а ўжо гусенічны трактар, які, відаць, адзіны ў калгасе, арэ поле. Трактарыст, заўважыўшы мяне, спыняецца і кліча ў кабіну. Трактар раве і трасецца, як шалёны, а я сяджу ў хлопца на каленях і гляджу на дарогу, па якой ідуць дзяўчаты і крычаць: «Пракаці нас, Пятруша, на трактары!..»

З бабуляй Ганнай хадзіў на могілкі ў Крывічы, дзе пахаваны дзед Міхась. Калі ішлі дахаты, нас у полі дагнала навальніца. Я хацеў бегчы, але бабуля сказала: «Унучак, не бяжы па полі. Бог ведае, куды мы хадзілі з табой, таму ідзі спакойна...»

Мама з бабуляй Параскай сярпамі жнуць калгаснае жыта, бацька косіць, мой малодшы гадавалы брат сьпіць сярод снапоў, а я спрабую ўсім дапамагаць. Побач жнуць суседзі. Поле вялікае, і на ім у некалькіх месцах сярод збожжа віднеюцца яблыні, ігрушы і сьлівы. Бацька расказвае, што яны засталіся ад хутароў, і паказвае, дзе быў сад майго дзеда. І я іду па жыце ў сад сярод жыта, і ніхто ня бачыць мяне...

Прыйшоўшы са школы, вечарам сяджу зь дзедам на лаўцы. Распытваюся, дзе што было раней. Пытаюся, што там за полем і лесам. «Там Польшча...» — адказвае дзед, і я ўжо не магу доўга заснуць, баючыся, што палякі пяройдуць мяжу і пачнецца вайна.

Ганяць у поле каровы са сваімі аднагодкамі я не любіў. Трэба рана прачынацца, а пасьля цэлы дзень сядзець у полі, паглядаць на гадзіньнік і ўвесь час быць гатовым абараніць сябе ад хлопцаў, якія абавязкова паспрабуюць камандаваць табой, як сабакам. Цяпер у вёсцы кароваў няма, і ў поле асабліва няма каму і куды ганяць. Да ўсяго праз поле, дзе я пасьвіў каровы, ужо некалькі гадоў як пракапаная глыбокая канава — зьбіраліся правесьці газ у суседнюю вёску і не правялі. І канава ў полі, як трэшчына на тым жыцьці, у якім мне ніколі ўжо ня жыць...

Кожны год у вёску з гораду прысылаюць студэнтаў на бульбу. І кожны раз у нас нехта кватаруе. Неяк жылі два выкладчыкі. І захацелі яны, каб я з братам звадзіў іх у грыбное месца. Пайшлі. Ідучы праз поле, натрапілі на вялікі куст з чорнымі ягадамі. Адзін з выкладчыкаў, рыжы і ўвесь у рабаціньні, пацікавіўся: «Што гэта такое расьце ў полі?» «Гэта жыды. У нас іх раней у вёсцы было шмат. Нядаўна амаль усіх павыразалі...» Другі выкладчык закашляўся і перавёў размову на грыбы...

Прачнуўся сярод ночы ад гулу матораў і лязгату гусеніц. Гляджу, мама ў цемнаце стаіць перад вакном, а бацька наагул выйшаў на ганак. «Вайна?» — пытаюся і буджу малодшых брата і сястру. Яны прачынаюцца, плачуць. Вяртаецца бацька і кажа: «Манэўры...» Раніцай выходжу на двор і бачу — усё поле застаўлена танкамі.

Жыў у нас кот Мурзік. Хоць і стары ён быў, але мы, дзеці, яго вельмі любілі, і бацькі не праганялі яго з хаты. І неяк восеньню падсяліў нам старшыня калгасу кватарантаў з ружжом. Не ўпаляваўшы на возеры качак, ідучы праз поле дахаты, напаткалі дзядзькі Мурзіка і дзеля забавы застрэлілі. Я амаль паўдня шукаў ката і, знайшоўшы яго забітага, паплакаўшы, пахаваў тут жа ў полі. І вырасла ў полі трава, сярод якой ужо больш як дваццаць пяць гадоў ходзіць хлапчук і шукае Мурзіка.

Зіма. Еду з бацькам на санях у поле, дзе стаіць засьнежаны стог саломы. Навокал ні сьледу. Бацька расказвае, як ён, будучы хлапчуком, са сваім бацькам ехаў у Гарадок, і ўсю дарогу праз поле за імі бег воўк. А за намі — толькі вецер...

На другім курсе архітэктурна-будаўнічага тэхнікуму трапіў з аднакурсьнікамі на практыку ў Нясьвіскі раён. І калі засталося да вяртаньня ў Менск некалькі дзён, вырашылі ўзяць па сто грам. Гранзбэрг, Гальперын і Гурэвіч разьведалі хутар, на якім можна купіць самагонкі, але з намі, калі сьцямнела, пайшоў толькі Гальперын. Самагонкі мы не купілі, бо мясцовыя хлопцы, даведаўшыся пра нашыя намеры, прыехалі на грузавой машыне і матацыклах на хутар. «Мы вас чапаць ня будзем, аддайце нам толькі самагонку і жыдоў!» — крычалі, едучы за намі з уключанымі фарамі, мясцовыя. А мы, як авечкі, зьбіўшыся ў кучу, адыходзілі па полі да лесу. І дайшоўшы да першых кустоў, наш стараста скамандаваў: «На пяту!» І беглі мы па цёмным лесе, як зайцы па чыстым полі...

Іду на электрычку ў Дубравы. За Доўгай гарой — дымнае поле. Нехта падпаліў іржышча. Праяжджаюць машыны і не спыняюцца. І я іду па дарозе праз поле і прыгадваю дзеда, які ў пачатку пяцідзясятых атрымаў пяць гадоў турмы за некалькі каласкоў жыта, што падабраў на калгасным полі і прынёс дамоў...

У часе вучобы ў Літінстытуце нас вазілі на экскурсіі па Расеі. Павезьлі і на Барадзінскае поле. Хадзілі амаль паўдня, разглядаючы сярод кустоў і някошанай травы валуны і табліцы з надпісамі. Фатаграфаваліся каля помнікаў, на якіх чарнеліся арлы. Едучы назад, вечна маўклівы паляк Войцэх, гледзячы ў вакно на зарослыя быльнягом калгасныя палеткі, сказаў: «Барадзінскае поле...»

У Ракуцёўшчыне кожны год у пачатку чэрвеня праходзіць сьвята паэзіі. Госьці зь Менску, пад’яжджаючы да сялібы, дзе нейкі час жыў Максім Багдановіч, звычайна ўглядаюцца ў поле, на якім стаіць вышка. Глядзелі і сёлета, спадзеючыся ўбачыць пад аблокамі бел-чырвона-белы сьцяг. Сьцяга не было. На гэты раз мясцовыя міліцыянты цэлую ноч прасядзелі ў полі пад вышкай і не дапусьцілі да яе мясцовага Мірона.

«А ў полі крынічанька...» — сьпяваюць жанчыны. І я слухаю іх, і я ведаю тое поле, дзе пакуль яшчэ ёсьць крынічанька...


Каментары

Цяпер чытаюць

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі3

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Усе навіны →
Усе навіны

Слава Камісаранка расказаў, як жыве, калі застаўся без расійскага грамадзянства17

Айцішніка з вялікім досведам асудзілі за «фінансаванне экстрэмізму» і зброю6

«Частка пацярпелых стагнала ад болю, некаторыя самастойна выбраліся з машыны». Відавочцы — пра жудасную аварыю з вайскоўцамі пад Асіповічамі6

У расійскім Энгельсе гарыць вайсковая часць пасля начной украінскай атакі1

Замест металадахоўкі — дубовая драніца. У цэнтры Віцебска на месцы міліцыі адкрылася кавярня ў бездакорна адноўленым 200‑гадовым будынку10

«Людзі дамовіліся ў адзін час выйсці ў лакальныя ўчасткі і біць усіх актывістаў». Ігар Лосік расказаў пра бунт у Наваполацкай калоніі9

Турэцкага губернатара звольнілі за веласіпедныя легінсы ў абліпку14

Галкіпер Каба-Вэрдэ Вазінья, што стаў легендай чэмпіянату свету, знайшоў сабе новы клуб

Ратавальнікі патушылі пажар на «Інтэграле»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі3

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць