Архіў

Сяргей Астраўцоў. Часовае зьнікненьне

№ 49 (206), 4 — 11 сьнежня 2000 г.


Часовае зьнікненьне

29 лістапада ўначы ў Горадні паставілі крыж на месцы, дзе калісьці была Фара Вітаўта. Крыж прастаяў два дні. 30 лістапада ўвечары ён зьнік.

 

Сьведкаў зьнікненьня крыжа не знайшлося, як і сьведкаў яго ўсталяваньня. Драўляны крыж даўжынёю чатыры мэтры прынесьлі і ўкапалі пасярод касьцёльных падмуркаў. Гэта адбылося якраз у тую ноч, калі споўнілася 39 гадоў ад зруйнаваньня храма. Раніцай гараджане сталі спыняцца побач, чыталі шыльдачку на крыжы. У ёй паведамлялася, што «варварства было зьдзейсьнена камуністычным рэжымам» у 1961 г. Некаторыя фатаграфавалі крыж, некаторыя хуценька беглі далей. Беларуская мова тэксту несла прысмак крамолы. Тым болей што на крыжы як быццам распнулі беларускі сьцяг — у выглядзе скрыжаваных пасаў адпаведных колераў. Адзін з чыноўнікаў гарвыканкаму адразу назваў падзею «палітычнай акцыяй», паколькі невядомыя дазволу ў гарадзкога начальства не пыталіся. Навіна хутка разыйшлася. Увечары вернікі сабраліся пад вольным небам на малітву, а крыж быў асьвячаны. Праз суткі ён зьнік.

Гэтае зьнікненьне нагадвае лёс самога касьцёла. Ён быў самым старым у горадзе — позьнегатычным. Старэйшая за яго — толькі праваслаўная Каложа, якая захавался напалову. Падчас расейскай акупацыі, на пачатку ХІХ ст., царскія ўлады па-варварску перарабілі касьцёл, насадзіўшы на позьнегатычны «карак» вялізныя «цыбуліны». Толькі за польскім часам храм зноў набыў свой сапраўдны выгляд. Гэта, напэўна, разьюшвала савецкую ўладу, якой напляваць было нават на сваю праваслаўную царкву. Касьцёл зьнішчылі, проста каб зьнішчыць. Ніякай нават уяўнай патрэбы не было — каб, напрыклад, пабудаваць замест яго хрушчоўку. Месца яго, у самым цэнтры гораду, на Савецкай плошчы, дагэтуль пустуе. Зрэшты, на пачатку 90-х гэтая акалічнасьць якраз натхняла. Загаварылі пра тое, што некалі магчыма будзе нават адбудаваць сьвятыню, хоць тады з-за інфляцыі і крызысу гэта здавалася нерэальным. Была тады і спроба паставіць крыж. Аднак улады адказалі, што на падмурках будуць праводзіцца раскопкі. Сапраўды, іх раскапалі і кінулі. Пра задуму з крыжам больш ніхто ня ўспомніў. Бязьдзейнічалі чамусьці нават касьцёльныя ўлады, хоць ім гэта зрабіць было няцяжка.

А потым была прэзыдэнцкая кампанія. Пасьля яе стала зразумела, што новая ўлада ніколі не дазволіць аднавіць гэткі вялікі касьцёл.

Сёлета вернікі-беларусы, для якіх набажэнства на беларускай мове адбываецца звычайна раз на тыдзень у Фарным касьцёле, вырашылі ініцыяваць аднаўленьне разбуранай сьвятыні. Было б сымбалічным адбудаваць храм і зрабіць беларускім, — вырашылі яны. Бо ў сваім родным горадзе беларусы ня маюць свайго касьцёла. Усе касьцёлы тут лічацца польскімі і, за рэдкім выняткам, набажэнства ў іх вядзецца толькі на польскай мове.

Пра задуму стала вядома палякам, і яны пачалі пераймаць рэй. Высьветлілі, што за мяжой яшчэ жывуць былыя гарадзенцы, якіх хрысьцілі ў Фары Вітаўта. Што ёсьць магчымасьць пачаць кампанію збору ахвяраваньняў. Паколькі сёньня на Гарадзеншчыне будуюцца гэткія ж вялікія касьцёлы, рэальны шанец знайсьці грошы на аднаўленьне зруйнаванага храма існуе. На думку аднаго зь сяброў Саюзу палякаў, касьцёл варта і трэба адбудаваць, бо ў цэнтры места былі тры касьцёлы-дамінанты: Вітаўта, Фарны (езуіцкі) і Бэрнардынскі. Першай якраз і бракуе.

Што да крыжа, дык завадатарамі ў гэтай справе сталі лідчукі. Некалькі гадоў таму яны паставілі, а потым шматкроць узнаўлялі крыж на месцы пакараньня сьмерцю ксяндза А.Фалькоўскага. Гэты сьвятар заплаціў жыцьцём за тое, што ў 1863 г. зачытаў вернікам маніфэст паўстанцкага ўраду. Лідзкія ўлады раз за разам нішчылі крыж, і пакуль што перамога засталася за імі. Часова.

Сяргей Астраўцоў

 

Каментары

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны41

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Усе навіны →
Усе навіны

Вы таксама часта чуеце гул у вушах, якога іншыя не чуюць? Навукоўцы знайшлі тлумачэнне3

Зяленскі: На жаль, расійскі бок зноў выбірае вайну1

50 чалавек ехалі на грузавіку праз пустыню Сахара. Грузавік зламаўся, і амаль усе памерлі ад смагі1

У Бразіліі 37‑гадовая жанчына выдавала сябе за 12‑гадовую і трапляла ў прыёмныя сем'і, дзе жыла за чужы кошт7

Кіроўца, які ўляцеў на шалёнай хуткасці ў падземны пераход у Кіеве, перад тым справакаваў чатыры ДТЗ1

Лукашэнка ў Гродне згадаў пра Ціханоўскую ва Украіне і расказаў пра цяжкую долю беларускіх дактароў на Захадзе29

Магілёўскія студэнты зрабілі адкрыццё, разбіраючы даўнюю археалагічную калекцыю1

Загінуў калмыцкі Герой Расіі, які летась праславіўся, дакладваючы Пуціну пра поспехі13

«Выглядае як жарт». У беларускі спісалі 3740 BYN за 6 хвілін у роўмінгу4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны41

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць