Архіў

Тацяна ды іншыя

№ 36 (298), 27 верасьня 2002 г.

адкрыцьцё сэзону ў Опэры

Тацяна ды іншыя

Апошнім часам “Яўген Анегін” ператварыўся ў нас у спэктакль для школьнікаў. З гэтай прычыны дэбют Тацяны Трацяк у ролі пушкінскай Тацяны прайшоў 23 верасьня незаўважна.

Тацяна Трацяк — артыстка зь незвычайнай біяграфіяй. Перш чым зрабіцца салісткай Опэры, яна скончыла фартэпіянны факультэт Кансэрваторыі і на працягу некалькіх гадоў працавала канцэртмайстаркай у опэрным тэатры. Сваёй прафэсіяй яна валодала дасканала. Найлепшыя вакалісты імкнуліся да супрацоўніцтва зь ёю. Аднак Тацяна марыла пра кар’еру опэрнай сьпявачкі.

Нягледзячы на адміністрацыйныя перашкоды, яна ў 1992 г. здолела паступіць на вакальнае аддзяленьне Акадэміі музыкі. У траўні 1993-га яна дэбютавала на опэрнай сцэне ў невялічкай ролі Брыгіты ў прэм’ерным спэктаклі “Іяланта”. А потым для яе распачалася эпоха буйных роляў: у 1996 г. — Сюзана ў “Вясельлі Фігара”, потым Віялета ў “Травіяце”, Разіна ў “Сэвільскім цырульніку”, Лючыя дэ Лямэрмур у аднайменнай опэры, Мікаэла ў “Кармэн”, Мюзэта ў “Багеме”. У 1997 г. сьпявачка здабыла трэцюю прэмію на фэстывалі “Бэльвэдэр” у Вене.

Пры ўсіх Тацяніных дасягненьнях, многія опэрныя сьпевакі дагэтуль ставяцца да яе скептычна, чаго ня скажаш пра публіку. Спн.Трацяк набыла рэпутацыю адзінай беларускай вакалісткі, якая ўмее сьпяваць па-эўрапейску — інтэлігентна і вытанчана. У гэтым ёсьць доля праўды, хоць ёсьць і відавочнае перабольшаньне.

Кожная прэм’ера, кожны дэбют — цяжкі экзамен. Трацяк з чарговым экзаменам справілася амаль “на выдатна”. За выключэньнем першай карціны, дзе ейны голас крыху дрыжаў, амаль уся партыя гучала дасканала. Асабліва ўдаўся ёй славуты “ліст Тацяны”. Удачным аказаўся ня толькі вакал, але й сцэнічны вобраз Ларынай, поўны чысьціні і паэзіі.

Выдатна падтрымаў Тацяну і Сяргей Драбышэўскі (Ленскі), якога апошнім часам рэдка бачылі на беларускай сцэне: ён сьпяваў у Санкт-Пецярбурзе, Будапэшце і Маскве. Падобна, Драбышэўскі мае намер часьцей выступаць на роднай сцэне. Гэта быў бы вялікі набытак для тэатру, у якім лірычнага тэнара гэткае якасьці не было даўно. Цяпер Драбышэўскі з энтузіязмам развучвае партыю Калафа ў “Турандот”.

Менш уразіла 23-гадовая студэнтка Аксана Бондарава ў ролі Вольгі. У яе ёсьць відавочны акторскі талент, але прыгожы голас яшчэ не дасьпеў. А вось Андрэй Марозаў у ролі Анегіна выступіў няўдачна — асабліва ў параўнаньні з травеньскім “Трубадурам”. Засмуцілі й выканаўцы маленькіх партыяў. Затое аркестар пад кіраўніцтвам маэстра Анісімава іграў даволі добра, за выключэньнем сола габою, якое разбурыла ўвесь настрой у сцэне дуэлі.

Спадар Анісімаў актыўна ўдзельнічаў у абнаўленьні сцэнічнага вобліку спэктаклю. У 1995 г. маэстра ў якасьці дырыжора ўдзельнічаў у пастаноўцы “Яўгена Анегіна” ў Парыжы, у “Опэра Бастый”. Цяпер ён спрабаваў перадаць акторам свой досьвед ад кантактаў з эўрапейскай рэжысурай. У выніку кардынальна зьмяніўся сам дух спэктаклю — ён перастаў быць мёртвай ілюстрацыяй да школьнага падручніка расейскай літаратуры. А значыцца, на яго зноў пойдуць людзі дарослыя.

Ю.А.


Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: Пры цяперашнім цячэнні вайны Беларусь з Расіяй не змаглі б абараніць беларускай мяжы ад Украіны20

Лукашэнка: Пры цяперашнім цячэнні вайны Беларусь з Расіяй не змаглі б абараніць беларускай мяжы ад Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска зрабіла гарод у варшаўскай кватэры10

Максім Знак рэанімаваў свой тэлеграм-канал

У Мазыры матацыкліст на хуткасці збіў 25‑гадовую маці, якая ішла з каляскай па пешаходным пераходзе8

Севярынец расказаў, як улетку 2020 года на Акрэсціна супрацоўнікі ізалятара перадавалі яму сала і ваду3

Трох палякаў з прымежжа асудзілі за кантрабанду беларускіх цыгарэт. Аднаму турму, астатнім — штрафы

«Хутка». Джон Коўл адказаў на пытанне, калі прыедзе ў Мінск3

Пуцін звольніў галоўнага захавальніка крамлёўскіх таямніц. Ён нарадзіўся ў Асіповічах19

Падчас паўторнага ўдару расіян па Харкаве загінулі пяцёра ратавальнікаў4

Беларускі выкладчык гандляваў адзнакамі ў расійскім авіяцыйным каледжы. Пяцёрка — 75 беларускіх рублёў4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Пры цяперашнім цячэнні вайны Беларусь з Расіяй не змаглі б абараніць беларускай мяжы ад Украіны20

Лукашэнка: Пры цяперашнім цячэнні вайны Беларусь з Расіяй не змаглі б абараніць беларускай мяжы ад Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць