Архіў

Максымальны суб'ектывізм

Минск: путеводитель по городy. Укл. Зьміцер Вайцяховіч: Пуцяводнік, напісаны ў клясычных традыцыях Сыракомлі й Шпілеўскага.

Менск можа пахваліцца двума клясычнымі праваднікамі – Шпілеўскага й Сыракомлі. Напісаныя зь піетэтам да старажытнага гораду, яны данесьлі да нас ягоны калярыт і водар пазамінулага стагодзьдзя. У стагодзьдзі мінулым найлепшыя кнігі пра Менск уклалі Каляда, Дзянісаў, Пазьняк, Целеш, Шыбека і Чарняўская зь Пятросавай. Але то былі гістарычныя выданьні, там ня ставілася мэта стварыць адаптаваны, цікавы для шырокага чытача тэкст пра сёньняшні горад і яго цікавосткі. Такая кніжка зьявілася толькі ў ХХІ ст.

Зьміцер Вайцяховіч прапануе чытачу нібы пашпацыраваць беларускай сталіцай, каб спраўдзіць, што яшчэ з памятак мінуўшчыны яшчэ захавалася. У кнігу ўжо ня трапілі зруйнаваныя за апошнія гады вуліцы Замкавая й Дзімітрава, дамы №19 і 21 на пляцы Волі ды многае іншае, што яшчэ было ў “Зборы помнікаў” 1988 г. Затое можна пабачыць, як непазнавальна зьмяніліся пасьля рэстаўрацый і рэканструкцый апошніх гадоў некаторыя бажніцы й старасьвецкія дамы, падзівіцца на новыя мэмарыялы й помнікі.

Суб’ектывізм укладальніка робіць праваднік самакаштоўным. Вайцяховіч можа згадаць пра комплекс НКУС на Грушаўцы альбо зьвярнуць увагу на вальер для вавёрак у двары ўнівэрсытэту, парэкамэндаваць, дзе лепей адпачыць (у сквэры ў дварах каля плошчы Незалежнасьці), альбо куды ня варта нават і сунуцца (у Сувораўскую вучэльню, бо “ўсё адно ня пусьцяць.”), урэшце ўвесьці ў новы ўжытак старыя назвы вуліцаў і сквэраў. Аўтар піша вольным, амаль размоўным стылем, нібыта вядзе экскурсію. Ён жартуе зь цяперашняга статусу Пішчалаўскага замку, нагадвае байку пра старасьвецкую прыбіральню ў Аляксандраўскім сквэры, але часам “перабірае”. Напрыклад, піша пра Купалаўскі тэатар, што ягоны будынак “быў любімым месцам правядзеньня савецкімі партызанамі тэрактаў, асабліва ў часе, калі ў тэатры ставіліся беларускія спэктаклі”. Альбо, што сучасная архітэктура Менску, сьведама ня ўключаная ў гэты праваднік, бо “за вельмі рэдкімі выключэньнямі гэта вартае жалю відовішча”.

Ня меншы суб’ектывізм выяўляе аўтар і ў дачыненьні да самой гісторыі гораду, якую ён сьцісла распавядае ў кантэксьце гісторыі ўсёй Беларусі. Ёсьць у гістарычным нарысе багата рэчаў, пра якія той, хто чытае толькі па-расейску даведаецца ўпершыню. Чытач дазнаецца, чым розьнілася беларуская праваслаўная царква ад расейскай, уведае, што напалеонаўскую Вялікую армію “выйшлі сустракаць усе месьцічы” альбо што Юзаф Пілсудзкі, як быў у 1920 г. у Менску, паабяцаў “стварыць усе ўмовы для разьвіцьця беларускай культуры й дзяржаўнасьці”.

Нават пры вялікай любові да свайго гораду й памкненьні паказаць максымальна ўсе помнікі, аўтару гэта не ўдалося. Не згаданымі засталіся дамы пачатку ХХ ст. у стылі “мадэрн” на вул.Гарадзкі Вал, у адным зь якіх месьціцца музэй міліцыі — хоць у кнізе пішацца й пра былую электрастанцыю ля цырку, і пра “тралейбусны” дом. Цалкам праігнараваная паваенная архітэктура 40—50-х, хоць менавіта яна вызначае воблік цэнтру сталіцы й пра яе можна было б распавесьці нямала цікавага. Або гадзіньнік над гастраномам, насупраць КДБ, што быў зьняты са званіцы ў Кёнігсбэргу. А як можна ігнараваць ансамблі плошчаў Перамогі, Якуба Коласа... Але гэткая ўжо аўтарская канцэпцыя.

Аўтар не растлумачыў, калі касьцёл Сьвятоха Роха быў новаасьвечаны пад найменьнем Сьвятое Тройцы -- у выніку складаецца ўражаньне, што гутарка вядзецца пра розныя сьвятыні. Палацык ХVIII ст. па Ракаўскай, 17, дзе й насамрэч была танцавальная заля, а затым кінатэатар, сынагогай ня быў. Яна месьцілася ў будынку №20/15 на другім баку вуліцы, а юдэйскай грамадзе належаў дом №24. Карэмэліцкі ж кляштар месьціўся не на рагу Ўваскрасенскай, а пры самым пачатку Ракаўскай, дзе яна рабіла першы паварот, каля Петрапаўлаўскай царквы на Нямізе. На месцы таго кляштару цяпер часткова пустка, а часткова праезд у падземныя гаражы.

Аднак гэтыя недакладнасьці не зьмяншаюць каштоўнасьці выданьня. Немаведама, ці добрае ўражаньне застанецца ў госьцей беларускае сталіцы, якія пазнаёмяцца зь ёю з дапамогай кніжкі Зьмітра Вайцяховіча, але тое, што яно будзе незабыўным, то пэўна. Пуцяводнік, напісаны ў клясычных традыцыях Сыракомлі й Шпілеўскага, змусіць іх па-іншаму бачыць гісторыю Менску і ўсяе Беларусі.

Сяргей Харэўскi

Каментары

Цяпер чытаюць

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Усе навіны →
Усе навіны

12‑гадовую іспанскую дзяўчынку згвалцілі пяць аднакласнікаў на дні нараджэння. Ім за гэта нічога не будзе28

Двухмесячнае дзіця выпадкова атруцілася лімоннай кіслатой з чайніка

На «Беларуськаліі» загінуў рабочы, яшчэ двое атрымалі траўмы

Памерла тайская прынцэса Баджракіціябха — старэйшая дачка караля і абаронца правоў вязняў. Тры гады яна была ў коме

Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў здзеклівае віншаванне з Днём Расіі36

«Большая частка сядзіць сумленна, але ціха». Павел Вінаградаў пра палітвязняў, чые прозвішчы невядомыя6

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў46

Як замяніць старыя сапсаваныя аўтамабільныя нумары на новыя5

Шакіра — першая спявачка, якая выступіла на чатырох чэмпіянатах свету1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць