Дзяржстандарт выдаў прадпісанне аб канфіскацыі з гандлёвай сеткі імпартных халадзільнікаў «Індэзіт».
Гэта з'явілася вынікам праверкі, праведзенай інспекцыяй Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і Мінску ў філіяле ТАА «Тытунь Інвест» «Гандлёвы цэнтр «Карона» ў сталіцы, паведамляе прэс-служба камітэта.
Чатыры найменні халадзільнікаў гандлёвай маркі «Індэзіт» — BIA 18NF, BIA 20, BIA 20Х і IB 201S (вытворчасць ЗАТ «Індэзіт Інтэрнэшнл», Ліпецк, Расія) — рэалізоўваліся «з парушэннямі патрабаванняў бяспекі, устаноўленых у дзяржаўным стандарце на гэтую прадукцыю».
У ходзе выпрабаванняў высветлілася, што прылада мацавання сеткавага шнура не была зафіксавана належным чынам: яго пашкоджанне адбылося «ўжо пасля трохразовага прыкладання цягнучага намагання замест 25-разовага, прадугледжанага стандартам».
Мантаж і мацаванне сеткавага шнура не забяспечвалі надзейнасць зазямлення халадзільніка, тым самым «не была выключана магчымасць паражэння электрычным токам пры выкарыстанні прыбора».
Акрамя таго, заправачныя трубкі матор-кампрэсараў мелі вострыя канты, якія ствараюць небяспеку для спажыўца пры эксплуатацыі і абслугоўванні ім вырабаў.
Між тым на ўсе названыя халадзільнікі ёсць сертыфікаты адпаведнасці Мытнага саюза, выдадзеныя ў Расіі.
«Кароне» выдадзена прадпісанне «аб арганізацыі вяртання спажыўцамі і зняцця з абарачэння праверанай прадукцыі». Матэрыялы аб выяўленых адміністрацыйных правапарушэннях і прымяненні штрафных санкцый перададзены ў судовыя органы.
Акрамя таго, афіцыйная інфармацыя аб выніках праверкі будзе накіравана ў Федэральную службу па акрэдытацыі «Расакрэдытацыя» для ацэнкі дзейнасці органа па сертыфікацыі, які выдаў сертыфікат адпаведнасці.
Каментары