Свет99

Трагедыя, якой няма роўных: 5 гадоў, як разбіўся самалёт прэзідэнта Польшчы пад Смаленскам

10 красавіка 2010 г. пад Смаленскам разбіўся самалёт прэзідэнта Польшчы. Загінуў цвет польскай дзяржаўнай эліты.

10 красавіка — чарговыя ўгодкі авіякатастрофы пад Смаленскам. Пяць гадоў таму суседняя з Беларуссю дзяржава страціла частку палітычнай эліты на тэрыторыі другой нашай суседняй дзяржавы. 10 красавіка 2010, у 10.56 паводле мясцовага часу, самалёт Ту-154М ВПС Польшчы разбіўся на ўскраіне Смаленска. Загінулі прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, яго жонка Марыя, найвышэйшыя ўрадоўцы і вайсковая вярхушка — 96 чалавек.

Злавесна выглядала сімволіка: яны ляцелі на жалобныя ўрачыстасці з нагоды 70-годдзя катынскіх расстрэлаў.

Катынь, дзе ў 1939—1940 былі расстраляныя тысячы палякаў, беларусаў, украінцаў з «вызваленых» тэрыторый, — тут жа, недалёка ад Смаленска, у лесе на колішніх дачах НКВД.

Самалёт разбіўся, калі заходзіў на пасадку над смаленскім вайсковым аэрадромам «Паўночны». Паколькі аэрадром вайсковы, ён не быў абсталяваны дакладнымі навігацыйнымі сістэмамі, якія дазвалялі б сядаць на аўтапілоце. Пасадка самалёта такога класа там магчымая была толькі пры спраўных радыёмаяках, якія дапамагаюць пілотам саджаць машыну ўручную, і пры ясным надвор’і з добрай бачнасцю.

Прэзідэнт спазняўся на ўрачыстасць.

Польскі ЯК-40, на якім ляцела другая частка дэлегацыі — асобы з суправаджэння, журналісты, грамадскія дзеячы, — прызямліўся на «Паўночным» яшчэ ў 9.16, яшчэ пры добрым надвор’і. Прэзідэнцкі борт затрымаўся, і за гэты час над аэрадромам згусціўся туман. Бачнасць, паводле відавочцаў, складала каля 200 метраў. Гэта нішто пры вялізнай хуткасці самалёта і патрэбе сядаць, спадзеючыся на зрок.

Хто аддаў загад ісці на пасадку?

Яснасці ў гэтым пытанні няма. Расійскія эксперты, якія расшыфроўвалі «чорныя скрынкі» ТУ-154М, сцвярджаюць, што ў кабіне пілотаў маглі прысутнічаць пабочныя людзі.

Голас аднаго з іх, паводле неафіцыйных звестак, належаў камандуючаму польскімі ВПС Анджэю Бласіку, голас другога нібыта належаў кіраўніку дыпламатычнага пратаколу МЗС Польшчы Марыюшу Казану. Аднак польскія эксперты адзначалі, што галасы гэтыя настолькі ціхія, што не ўяўляецца магчымым вызначыць, хто дакладна быў у кабіне. Дый ніякіх пагроз або ціску ад іх не сыходзіла: гутарка вялася спакойным роўным тонам.

Праўда, Ту-154М быў вайсковым самалётам, і ўваход пабочных асоб, нават камандуючага, у кабіну да пілотаў забаронены правіламі. Эксперты сыходзяцца на тым, што фатальнае рашэнне сядаць «навобмацак» у тумане прынялі самі пілоты. І да апошніх секунд былі пэўныя, што знаходзяцца вышэй, чым былі насамрэч. Крык дыспетчараў «101 гарызонт!» (загад перастаць зніжацца) прагучаў ужо запознена: самалёт зачапіў верхавіны дрэваў. Ён меў у баках 19 тонаў паліва — з запасам, каб вярнуцца ў Варшаву. Пасля ўдару аб зямлю яны выбухнулі і разнеслі самалёт, дый усё, што ў ім было, на тысячы кавалкаў.

Расследаванне трагедыі вядзецца дагэтуль. У сакавіку 2015 года Галоўная вайсковая пракуратура Польшчы выставіла абвінавачванні двум дыспетчарам аэрапорта Смаленска ў ненаўмысным давядзенні да авіяцыйнага здарэння. Раней эксперты Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта (МАК) са штаб-кватэрай у Маскве ўсклалі адказнасць за трагедыю на непрафесійныя дзеянні польскага экіпажа.

У 2011 годзе польскі ўрад публікаваў даклад, згодна з якім за катастрофу нясуць адказнасць мала і дрэнна трэніраваныя польскія пілоты, кепскае надвор'е, а таксама няслушныя і запозненыя каманды, якія давалі экіпажу расійскія дыспетчары. Абсталяванне аэрадрома ў Смаленску прызнана неэфектыўным, неадэкватным, яно не забяспечвала ўмоў для бяспечнай пасадкі паветранага судна.

Многія палякі дагэтуль мяркуюць, што здарэнне было падстроена…

Глядзі таксама: У кабіне самалёта Качыньскага быў галоўнакамандуючы ВПС

Agencja Gazeta

***

Пачобут: Калі Расія не перадала рэшткі самалёта, то пра якія добрыя адносіны можна размаўляць?

Пра наступствы і ўспрыняцце гэтай катастрофы пад Смаленскам мы пагутарылі з актывістам Саюза палякаў Беларусі Андрэем Пачобутам.

«Наша Ніва»: Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, але ці маглі б Вы паразважаць, ці развіваліся б падзеі ў нашай частцы Еўропы іначай, каб катастрофы пад Смаленскам не было?

Андрэй Пачобут: Цяжка адказаць на гэтае пытанне… Не думаю, што ў гісторыі Усходняй Еўропы гадоў 2010—2015 нешта радыкальна змянілася б. Магчыма, стратэгічнае супрацоўніцтва ў галіне бяспекі паміж Польшчай, Грузіяй, Украінай, Літвой, Латвіяй і Эстоніяй было б больш інтэнсіўным. Пасля вайны у Грузіі менавіта на такое супрацоўніцтва краінаў, якія цвяроза ацэньваюць пагрозу з боку Расеі, ставіў Лех Качыньскі. Ягоныя словы, сказаныя ў 2008 годзе ў Тбілісі — «сёння Грузія, заўтра Украіна, паслязаўтра прыбалтыйскія краіны, а там, магчыма, прыйдзе чарга і на маю краіну», — шмат разоў узгадваліся ў кантэксце падзеяў апошняга года. Вайна ва Украіне, акупацыя Расеяй Крыма, а з іншага боку — кволая рэакцыя на гэта з боку Захаду паказалі, што ягоны дыягназ быў рэалістычны, а палітыка рэгіянальнага супрацоўніцтва — стварэнне кааліцыі дзяржаваў, гатовых супольна супрацьстаяць Расеі, — найбольш прагматычнай.

«НН»: Ці адбілася неяк, на Вашу думку, катастрофа пад Смаленскам на развіцці падзей у Беларусі?

АП: У 2010 годзе Беларусь была адзінай з суседак Польшчы, якая не абвесціла ў знак салідарнасці нацыянальную жалобу. Гэта, дарэчы, было ў часы так званай лібералізацыі адносінаў з Захадам, і, натуральна, такі жэст быў бы на карысць палітыкі, якую ў той момант праводзіў афіцыйны Мінск. І тут усё ўперлася ў Аляксандра Лукашэнку, які, скажам так, дастаткова эмацыйна ставіўся да Польшчы і да Леха Качыньскага і нават у выпадку такой трагедыі не здолеў пераступіць праз свае фобіі.

«НН»: З якой гістарычнай катастрофай з гісторыі Польшчы (сусветнай гісторыі) можна параўнаць катастрофу пад Смаленскам?

АП: Улічваючы кантэкст гэтай катастрофы — прэзідэнт Польшчы і дзяржаўная эліта краіны загінулі, калі ляцелі аддаць даніну памяці польскім афіцэрам, што былі расстраляныя ў Катыні, — то натуральнай падаецца параўнанне гэтых дзвюх трагедый. Але Катынь 1940 года і Смаленск 2010 года — гэта ўсё ж такі розныя рэчы.

«НН»: Як змянілася за гады, што мінулі ад трагедыі пад Смаленскам, яе ўспрыманне ў польскім грамадстве?

АП: Само ўспрыманне засталося нязменным. Для палякаў гэта вялікая трагедыя. Іншая справа, што ў польскім грамадстве існуе моцны падзел у справе ацэнкі прычынаў катастрофы. Паводле апошніх даследаванняў грамадскай думкі, 39% палякаў не выключае, што яе прычынай мог быць тэракт. І гэта нягледзячы на тое, што афіцыйнае расследаванне, якое праводзіла Польшча, такую магчымасць выключыла. Колькасць прыхільнікаў такой версіі з цягам часу павялічваецца.

«НН»: Ці пачатак расейска-ўкраінскай вайны штосьці змяніў у гэтым успрыманні?

АП: Думаю, што так. Расейская вайсковая агрэсія і асабліва хлуслівыя тлумачэнні Уладзіміра Пуціна з гэтай нагоды ўзмоцнілі недавер да Расеі. Бачна, што, нягледзячы на ўсе доказы, прэзідэнт Расеі можа нахабна глядзець у вочы, пасміхацца і хлусіць. Гэта ўплывае на ацэнкі ў тым ліку і смаленскай трагедыі.

«НН»: Як з адлегласці ў пяць гадоў успрымаецца роля прэзідэнта Леха Качыньскага ў гісторыі Польшчы?

АП: Гэта быў адзін з найлепшых прэзідэнтаў Польшчы. У Польшчы рэгулярна праводзяцца апытанні на гэты конт. Традыцыйна найлепшым больш за 50% палякаў лічаць Аляксандра Кваснеўскага, які быў прэзідэнтам две кадэнцыі, ад 1995 да 2005 года. Гэта паказвае, што палякі чакаюць ад прэзідэнта, каб ён быў па-над партыйнымі спрэчкамі і быў такім спакойным кіраўніком, які б казаў правільныя словы. Другое месца таксама традыцыйна займае Качыньскі. Яго найлепшым прэзідэнтам лічаць ад дваццаці да трыццаці працэнтаў. Гэтыя вынікі нязменныя ўжо шмат гадоў. Цікава, што Качыньскі і Кваснеўскі — гэта абсалютна супрацьлеглыя палітыкі з абсалютна супрацьлеглым стылем кіравання. Качыньскаму давялося кіраваць ва ўмовах вострага палітычнага канфлікту з урадам. І ўвогуле, ён быў цвёрдым палітыкам, часта бескампрамісным. Таму сёння ў грамадстве ёсць гарачыя ягоныя прыхільнікі і ёсць таксама гарачыя крытыкі. Але гэта перш за ўсё тычыцца ўнутранай палітыкі, ягоная замежная палітыка, ягоная ацэнка Расеі — яны сёння не выклікаюць дыскусіі, тут большасць грамадства прызнае яго рацыю.

 «НН»: Прагназавалася, што гэтая трагедыя паспрыяе прымірэнню Польшчы і Расіі. Але нацягнутасць у адносінах так і не была знятая.

АП: Мне і тады, у 2010 годзе, падаваўся наіўным разлік на тое, што гэта пачатак нейкага прымірэння. Расея выкарыстала смаленскую трагедыю, каб стварыць уражанне, умоўна можам назваць гэта «паказаць чалавечы твар». Але сёння зразумела, што смаленская трагедыя працягвае выкарыстоўвацца Расеяй, каб весці сваю гульню ў Польшчы. Чаго варты адзін толькі факт, што абломкі прэзідэнцкага самалёта і надалей застаюцца ў Расеі, яна іх так і не перадала Польшчы. Калі немагчыма забраць рэшткі самалёта, то пра якія добрыя адносіны ў прынцыпе можна размаўляць?

***

Жалобныя мерапрыемствы

З нагоды 5-й гадавіны катастрофы самалёта Ту-154М пройдуць у Расіі і Польшчы. У Смаленск, каб узяць удзел ва ўрачыстасці, прыбудзе ўрадавая дэлегацыя Польшчы на чале з шэфам Канцылярыі прэм’ер-міністра Яцкам Ціхоцкім. У яе складзе будуць міністр культуры, прадстаўнікі Канцылярыі прэзідэнта, Сейма і Сената, родныя ахвяраў катастрофы. Дэлегацыя аддасць таксама даніну памяці ахвярам Катынскіх расстрэлаў на Польскім вайсковым цвінтары ў Катыні. Цэнтральныя жалобныя ўрачыстасці з нагоды 5-х угодкаў катастрофы адбудуцца раніцай 10 красавіка на Паванзкоўскім цвінтары ў Варшаве. Жалобная імша будзе адпраўленая ў храме Боскага Провіду аб 11-й.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Усе навіны →
Усе навіны

Азаронак пра закрыццё беларускіх крам: Прыбралі таму, што вы гэта любілі. Мне не лянота сядзець і глядзець, дзе што прадаюць58

Ціханоўская: Калі мы не пазбавімся гэтага рэжыму, пагроза з тэрыторыі Беларусі будзе заставацца пастаяннай14

Намеснік камандуючага ўкраінскіх ВПС падаў у адстаўку праз звальненне міністра абароны2

Удзельніка «Армейскіх гульняў» з Бакштаў асудзілі па пяці палітычных артыкулах4

Клуб, з якім згуляе «МЛ Віцебск» у Лізе канферэнцый, названы ў гонар вялікай бітвы Другой сусветнай2

Па Магілёве курсіраваў аўтобус з вялікай дзіркай у падлозе3

«Спадзяюся, але не факт, што паступлю»: абітурыентка, якая здала ўсе іспыты на 100 балаў16

Беларускі шахцёр пайшоў у IT. А пасля кінуў працу і стварае свой брэнд карамелі3

Такога дзіцячага садка вы яшчэ не бачылі. Яго спраектаваў лаўрэат «архітэктурнага Нобеля»9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць