Улада88

Міхалевіч: Тэкст, які потым зачытаў Раманчук, яны рыхтавалі для мяне, «хлопчыка ў акулярах»

Кандыдат у прэзыдэнты ў 2010 годзе Алесь Міхалевіч распавёў Віталю Цыганкову на Радыё «Свабода», чаму для яго быў поўным шокам ягоны арышт, што ён пісаў у падпісцы пра супрацоўніцтва з КДБ, як яму ўдалося ўцячы ў Чэхію і чаму ён не зьбіраецца займацца ў Беларусі бізнэсам.

11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць пятыя ў гісторыі краіны прэзыдэнцкія выбары. Свабода працягвае цыкль інтэрвію з былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Ва ўсіх калісьці зарэгістраваных кандыдатаў мы пытаемся, што яны цяпер кажуць пра свой удзел у выбарах, што думаюць пра сёлетнюю кампанію і што думаюць наконт таго, якім шляхам у Беларусь прыйдуць перамены. На выбарах 2010 году, паводле афіцыйных дадзеных, Алесь Міхалевіч набраў 1,02% галасоў.

«У мяне ўзьнікла клясычнае пытаньне ахвяраў сталінскага рэжыму — «А мяне за што?»»

— Чаму вы вырашылі браць удзел у выбарах 2010 году? На што спадзяваліся? Памятаю нашы размовы тады, і мяне зьдзівіла, што вы былі рэальна даволі аптымістычна настроены — наконт лібэралізацыі і працягу сваёй палітычнай кар’еры.

— На той момант у мяне была моцная каманда, у тым ліку каманда экспэртаў. Я ведаў, што я буду адзін зь нешматлікіх кандыдатаў, які прадставіць дэталёва распрацаваную праграму і які здолее паказаць пазытыўную альтэрнатыву, ня толькі крытыкуючы ўладу. Хачу заўважыць, што я падчас кампаніі хіба ніводнага кепскага слова пра дзейнага прэзыдэнта не сказаў.

Я сустракаўся з супрацоўнікамі выканкамаў, наведваў райаддзелы міліцыі, проста прыходзіў і хадзіў па кабінэтах, размаўляў з чыноўнікамі. Таму магу сказаць, што сваіх мэтаў я дасягнуў — паказаў, што ёсьць людзі, якія думаюць пра Беларусь, маюць праграму, і гэтая праграма можа быць адэкватнай і не папулісцкай.

— А што канкрэтна вы хацелі паказаць гэтымі сустрэчамі з чыноўнікамі?

— Я хацеў паказаць, што ня трэба баяцца тых зьменаў, якія прыйдуць. Гэтыя зьмены могуць быць мірнымі і на карысьць усім. Напрыклад, вядома, што і міліцыя, і войска фінансуецца з падаткаў і залежыць ад агульнага ўзроўню эканомікі. Я проста ім паказаў, што зьменіцца сытуацыя і яны ўсё роўна будуць запатрабаваныя, і ніхто зь імі ня будзе разьвітвацца.

— Нагадайце, ці вы сапраўды адзіны апазыцыйны кандыдат у 2010 годзе, які не заклікаў прыйсьці на Плошчу?

— Так, я не заклікаў на Плошчу ў сваім тэлевізійным выступе. Але на маім сайце з майго дазволу быў разьмешчаны тэкст, у якім грамадзянам прапаноўвалася самім прыняць рашэньне, калі яны захочуць на Плошчу прыйсьці. Гэта было зьвязана з тым, што бліжэй да даты галасаваньня я ўбачыў, што сыстэма фальсыфікацыяў не мяняецца.

— З улікам вашай даволі памяркоўнай выбарчай кампаніі ці было для вас шокам тое, што адбылося ў ноч на 20 сьнежня асабіста з вамі?

— Безумоўна, гэта было шокам, я гэтага не чакаў. Калі мне пачалі выломваць дзьверы, я быў проста да гэтага маральна не падрыхтаваны. Так, я толькі што вярнуўся з Плошчы і бачыў разьбітыя галовы, я завозіў актывістаў свайго штабу ў шпіталь. Але пры гэтым — я ня быў сярод тых кандыдатаў, якія выступалі на Плошчы, мяне не абралі ў Камітэт нацыянальнага выратаваньня, складзены з кандыдатаў. Таму натуральна, што ў мяне ўзьнікла клясычнае пытаньне ахвяраў сталінскага рэжыму — «А мяне за што?».

Але паколькі я на той момант ужо шмат разоў і затрымліваўся, і сядзеў на сутках, і праходзіў па розных справах — я быў псыхалягічна падрыхтаваны да арышту.

«Яны палічылі, што мая памяркоўная выбарчая кампанія — гэта праект нейкіх спэцслужбаў»

— Паводле некаторых зьвестак, вам «шылі» сувязі з замежнымі выведкамі, ледзь не рабілі замежным шпіёнам?

— Пачалося ўсё з таго, што мне далі тэкст, які я мусіў зачытаць для тэлебачаньня — і сказалі, што я адразу пасьля гэтага свабодны. Гэта быў тэкст, які пасьля зачытаў Яраслаў Раманчук. Як я разумею, пісаўся ён для мяне, памяркоўнага «хлопчыка ў акулярах», і яны былі абсалютна ўпэўненыя, што я гэты тэкст зачытаю. Калі я адмовіўся, мне сказалі — ну, тады вам давядзецца пасядзець. Ну, і аказалася, што КДБ даўно меў на мяне вялікую тэчку, яны адсочвалі маю грамадзкую і палітычную дзейнасьць, мае сувязі з замежнікамі. І паколькі я валодаю замежнымі мовамі, у тым ліку ангельскай, паколькі ў мяне шмат знаёмых і сяброў у ЗША ды іншых краінах — то фактычна ў нейкі момант мяне пачалі падазраваць у шпіянажы.

Яны палічылі, што мая памяркоўная выбарчая кампанія была працай на тое, каб забраць электарат у Лукашэнкі. Для іх гэта азначала, што гэта праект нейкіх спэцслужбаў, які створаны, каб не крытыкаваць Аляксандра Рыгоравіча, а адчапіць частку электарату ад яго. На іх думку, такі геніяльны праект мог нарадзіцца толькі ў нетрах спэцслужбаў. І мне нават назвалі, прызнаньня ў супрацы зь якімі спэцслужбамі ад мяне чакаюць. Мне назвалі амэрыканцаў, немцаў і палякаў. 

— Далей вы выйшлі пад падпіску аб нявыезьдзе і праз тыдзень зрабілі гучную заяву пра катаваньні, якія чыняцца над вязьнямі ізалятара Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Таксама вы заявілі, што былі адпушчаны толькі пасьля таго, як была дадзена падпіска пра супрацоўніцтва з КДБ, і публічна разарвалі гэтае супрацоўніцтва. Што было ў гэтай падпісцы? Чаго ад вас прасілі — можа, не ў самой расьпісцы, а ў нейкіх размовах? 

— Трэба сказаць, што ніякай канкрэтнай паперы я не разрываў. Я разарваў супрацоўніцтва. Ясна, няма ніякай дамовы з двух бакоў зь пячаткай ад КДБ. Ёсьць заява — «я, імя, прозьвішча, добраахвотна абавязваюся супрацоўнічаць, аказваць дапамогу і прымаю апэратыўны псэўданім». Я быў «агент Гаўрыла» і павінен быў менавіта ў такой якасьці пісаць свае даносы. Але паколькі я ніводнага даносу так і не напісаў, то ў гэтай тэчцы «агента Гаўрылы» нічога, акрамя той паперы, няма. 

«Падпісаць любую паперу, а потым выйсьці і ўсім распавесьці»

— Калі вы вырашылі за кратамі пайсьці на такі крок, то вы ўжо разьлічылі свае далейшыя дзеяньні — выходзіце на волю і паведамляеце ўсім пра гэта?

— Натуральна, бо я шмат разоў сустракаўся з былымі дысыдэнтамі з Чэхіі, Польшчы, Усходняй Нямеччыны. І мне былі вядомыя розныя спосабы адносінаў з спэцслужбамі. І адзін зь іх — падпісаць любую паперу, а потым выйсьці і ўсім распавесьці. Звычайна з такімі людзьмі супрацоўнікі органаў ужо не сустракаюцца, бо разумеюць, што пра любую наступную сустрэчу яны таксама ўсім распавядуць. Я лічу гэта вельмі эфэктыўным мэханізмам.

— Далей вам удалося ўцячы зь Менску ў Чэхію. Гледзячы на гэтыя падзеі з вышыні чатырох гадоў, якія прайшлі з таго часу, ці вы лічыце, што вы ўцяклі дзякуючы толькі вашым сябрам, ці КДБ «дазволіў» вам уцячы? Можа, як у свой час Віньнікавай, вам проста дазволілі зьнікнуць з краіны?

— Думаю, што КДБ ня ведаў, што я ўцякаю з краіны. І адзін, і другі свой мабільны тэлефон я пакінуў у Менску, і яны ведалі квадрат, у якім я знаходжуся. Гэты квадрат супадаў з кватэрай маёй сястры, і менавіта таму пасьля майго ад’езду яны прыйшлі туды, сказаўшы, што яна адзіны нармальны чалавек у маёй сям’і. На што сястра адказала, што нармальных у іхнім разуменьні ў нас у сям’і ніколі не было, і яна такой не зьяўляецца. Але, думаю, варта запытацца ў КДБ. Сказаць з упэўненасьцю, што тут згулялі толькі мае геніяльныя пляны і верныя сябры — я не магу. За мной не было ўвесь час вонкавага назіраньня — яны былі ўпэўненыя, што адсочваньня мабільнага тэлефона дастаткова.

— Калі казаць пра цяперашнюю выбарчую кампанію, то тое, як вы ў 2010-м спрабавалі заняць нейкую нішу памяркоўнай апазыцыі — гэта чымсьці нагадвае Тацяну Караткевіч у цяперашняй кампаніі. Як бы вы ацанілі дзеяньні яе і яе каманды?

— Вельмі шмат з таго, што сёньня робіць Тацяна Караткевіч, адпавядае таму, што рабілася мной у 2010 годзе. Увогуле, я лічу, што беларусам пасуе нерадыкальная падача інфармацыі. Беларусы як народ — вельмі інтэлігентныя людзі і ня прагнуць сварак. Калі недзе на поўдні ці ў Расеі ад палітыкаў чакаюць, каб яны палівалі вадой адзін аднаго, паказвалі нейкі канфлікт — то беларусы спрабуюць вырашаць усё бесканфліктна, праз дамовы і супольную працу.

«Займацца бізнэсам у Беларусі — справа больш небясьпечная, чым займацца палітыкай»

— Вы заявілі, што пакуль ня будзеце ў Беларусі браць актыўны ўдзел у палітычным жыцьці. Але, прызнаюся, многія вам ня вераць. Кажуць, Міхалевіч настолькі хітры і спрытны, што такога ня можа быць…

— Зразумела, амбіцыі ў мяне застаюцца. Але пытаньне, у якой галіне чалавек можа свае амбіцыі рэалізаваць. Напрыклад, мне ў Чэхіі вельмі падабалася, што я магу спакойна працаваць у бізнэс-структурах, і ніхто мяне адтуль не звальняе за тое, што я актывіст БНФ. Калі б у мяне была магчымасьць выяжджаць за мяжу — то зусім ня факт, што я б хацеў прысьвячаць сябе грамадзка-палітычнаму жыцьцю.

Але на сёньня я знаходжуся пад падпіскай аб нявыезьдзе. Займацца бізнэсам у Беларусі — справа больш небясьпечная, чым займацца палітыкай. Бо за бізнэс могуць пасадзіць на даўжэйшы тэрмін, і ніякія памілаваньні і гуманітарныя довады дзейнічаць ня будуць: скажуць, скраў — і ўсё тут. Таму ў Беларусі для мяне любая праца ў бізнэсе закрытая. Таму я б хацеў, каб была магчымасьць рэалізоўвацца ня толькі ў палітычнай сфэры.

— На вашу думку, як у Беларусь могуць прыйсьці перамены — у стратэгічным сэнсе?

— Скажу тое, што я казаў і падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі. Я за эвалюцыйную мадэрнізацыю і рэформы. І мне вельмі хочацца, каб большасьць гэтых рэформаў былі зробленыя яшчэ пры сёньняшняй уладзе. Калі не, дык каб гэтая ўлада мірна перадала ўладу наступным людзям, якія больш разумеюць і не баяцца рэформаў. Мне б вельмі хацелася, каб адбылося менавіта так — бо, як і большасьць беларусаў, я вельмі баюся ўкраінскага сцэнару.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска1

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска

Усе навіны →
Усе навіны

Беластоцкага актывіста Вайцяхоўскага, які вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні і інтэрв'ю БТ, абвясцілі яшчэ і тэрарыстам9

Манашкі разбурылі ў Навагрудку школу, якую пабудавалі святыя мучаніцы, і цяпер просяць грошы на навабуд19

У Кіраве быў атакаваны завод «Авітэк»

200 чалавек за дзень. Што вядома пра страты Расіі ва Украіне да канца ліпеня?8

Новы трэнд сярод падлеткаў — расшпіленыя джынсы27

Мазырскі НПЗ трапіў пад санкцыі ЕС8

Зяленскі сустрэнецца з Трампам на наступным тыдні

Латушка перадасць інфармацыю пра Мельнікаву польскай пракуратуры12

Чаму грэнландская акула жыве да 400 гадоў?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска1

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць