Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»2121

З дуляй у кішэні ды сініцай у руцэ

Сьвежыя табліцы НІСЭПД: рэйтынг афіцыйнага кіраўніка трымаецца, але вырасла і колькасьць прыхільнікаў беларусізацыі і дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Ведаю, што ў сьвежых табліцах НІСЭПД многія найперш шукаюць рэйтынг афіцыйнага кіраўніка. Ну і што вы думаеце? За цёплую зіму гэты паказчык нават трохі падрос. А таксама — заўважна дадалося тых, хто лічыць, што па вялікім рахунку ў нашай беларускай хатачцы "парадак ідзець".

© Георгі Талкачоў

Шмат хто з апанэнтаў рэжыму меркаваў: скасаваньне льготаў, скачок інфляцыі, прэсінг супраць дробных прадпрымальнікаў падагрэюць пратэставыя настроі ды, адпаведна, падсякуць давер да вярхоў. Але ў сакавіку электаральны рэйтынг Лукашэнкі склаў 42,5% —на 2,6 пункту болей, чым у сьнежні летась.

Паболела — ад 41,2% да 50,2% — суайчыньнікаў, перакананых, што "стан рэчаў у нашай краіне разьвіваецца ў правільным кірунку" (даруйце, гэта традыцыйная дубовая фармулёўка анкеты). Увогуле з надыходам вясны, як адзначаюць сацыёлягі, дадалося сацыяльнага аптымізму. "Прайшла зіма, настала лета, дык дзякуй партыі за гэта" :)

Карацей, беларусы зноў праглынулі нягоды, прыцярпеліся і нават павесялелі, калі прыгрэла сонейка. Як у тым старым анэкдоце пра цьвік у крэсьле: а мо' так і трэба? Ну проста ідэальная нацыя для рознага кшталту сацыяльных экспэрымэнтаў!

І вось што цікава. З аднаго боку, паспаліты люд у значнай ступені падзяляе погляды палітычнай апазыцыі ў тых ці іншых асобна ўзятых пытаньнях. Іншым разам гэтая ступень нават нечакана значная. Хто б мог падумаць: нягледзячы на шматгадовае замбаваньне, 46,4% мяркуюць, што 90-я ўгодкі БНР ёсьць "вялікай падзеяй, якую варта адзначыць", і толькі 28,6% лічаць яе нязначнай. Дадамо: апытаньне ладзілася 3—13 сакавіка, яшчэ да таго, як тэму БНР дастаткова ўзважана падалі некаторыя дзяржаўныя мэдыі.

А вось вам, наадварот, чаканая лічба: 75,9% не ухваляюць скарачэньне льготаў. Далей: праціўнікаў пабудовы АЭС болей, чым прыхільнікаў. Львіная доля рэспандэнтаў (80,3%) перакананыя, што мэдыі мусяць выказваць інтарэсы грамадзтва, а не дзяржавы. Значнай выглядае доля прыхільнікаў тога ці іншага варыянту беларусізацыі. 51,2% упэўненыя, што на выбарах маюць месца фальсыфікацыі. Бальшыня падтрымлівае меркаваньне, што ўлучэньне ў склад выбаркамаў прадстаўнікоў палітычных партый ды кандыдатаў, дазвол назіральнікам пералічваць бюлетэні, скарыстаньне празрыстых скрыняў і г.д. — карацей, калі казаць наўпрост, рэалізацыя прапаноў АДС ды Захаду зробіць выбары болей справядлівымі.

Здавалася б, такая ўдзячная глеба дзеля шчыраваньня палітычнай апазыцыі! Але… Ідэю вулічнага шэсьця 25 сакавіка ўхваляе толькі траціна рэспандэнтаў. Рэйтынгі ўсіх апазыцыйных палітыкаў ніжэйшыя за 10% (Мілінкевіч — 8,8%, Казулін — 5,2%, астатнія — у межах статыстычнай памылкі). Электарат болей ахвотна прагаласуе на выбарах у парлямэнт за кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства ці нават цяперашняга дэпутата, чым за лідэра апазыцыйнай партыі (такі абстрактны лідэр набірае ў апытаньні толькі 11,1%). Да вулічнага пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў гатовыя 6,5% (гэта на словах, на практыцы не набярэцца й аднаго адсотку). У той жа час 38,4% нічога ня сталі б рабіць, а 35,6% выбралі варыянт "абавязкова распавёў бы сваім знаёмым пра фальсыфікацыю".

Карацей, стары фэномэн кухоннай апазыцыі, ці дулі ў кішэні. Прычым дулю шмат хто паказвае як уладзе, так і яе тытульным апанэнтам. З сацыялягічных табліцаў вынікае: ня тое што нашы суайчыньнікі ідэалізуюць кіроўную вярхоўку (напрыклад, ацэнкі яе эканамічнага шчыраваньня вельмі стрыманыя), але ж надта высока ставяць славутую стабільнасьць. Гары яны гарам, любыя пэртурбацыі! Беларусы па-ранейшаму аддаюць перавагу сініцы ў руцэ перад жоравам у небе.

ЗЫ. Зыходзячы з досьведу абмеркаваньняў сацыялягічнае тэмы, адразу раблю рэмарку, што не лічу апытаньні ды камэнтары НІСЭПД нейкай апрыёрнай ісьцінай. Аднак гэта адзіная незалежная сацыялягічная інстытуцыя, якая штоквартальна дае вынікі нацыянальных апытаньняў у адкрытым доступе.

Каментары21

Цяпер чытаюць

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Усе навіны →
Усе навіны

Замест металадахоўкі — дубовая драніца. У цэнтры Віцебска на месцы міліцыі адкрылася кавярня ў бездакорна адноўленым 200‑гадовым будынку10

«Людзі дамовіліся ў адзін час выйсці ў лакальныя ўчасткі і біць усіх актывістаў». Ігар Лосік расказаў пра бунт у Наваполацкай калоніі8

Турэцкага губернатара звольнілі за веласіпедныя легінсы ў абліпку13

Галкіпер Каба-Вэрдэ Вазінья, што стаў легендай чэмпіянату свету, знайшоў сабе новы клуб

Ратавальнікі патушылі пажар на «Інтэграле»

Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан адхілены ад пасады праз абвінавачанні ў сэксуальных дамаганнях3

З букіністычных крам па ўсёй Германіі масава скупляюць кнігі. У чым прычына?11

У Польшчы праз адчыненае акно ў дом залез спалоханы лось ФОТА6

Пажары каля Мадрыда выйшлі з-пад кантролю

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць