Грамадства2424

Інтэрпол пацьвердзіў аўтэнтычнасьць дадзеных з ноўтбукаў ФАРК

Гаворка пра захопленыя на партызанскай базе кампутары, у якіх захавалася перапіска тэрарыстаў з прадстаўнікамі Чавэса і, у прыватнасьці, інфармацыя пра магчымыя пастаўкі ім зброі зь Беларусі. Павялічваецца імавернасьць таго, што Вэнэсуэлу, а заадно зь ёй і Беларусь зьвінавацяць у падтрымцы міжнароднага тэрарызму.

Гаворка пра захопленыя на партызанскай базе кампутары, у якіх захавалася перапіска тэрарыстаў з прадстаўнікамі Чавэса і, у прыватнасьці, інфармацыя пра магчымыя пастаўкі ім зброі зь Беларусі. Павялічваецца імавернасьць таго, што Вэнэсуэлу, а заадно зь ёй і Беларусь зьвінавацяць у падтрымцы міжнароднага тэрарызму.

Інтэрпол пацьвердзіў аўтэнтычнасьць інфармацыі, знойдзенай у трох ноўтбуках, двух цьвёрдых дысках і трох флэшках, захопленых калюмбійскімі камандас у часе рэйду на базу партызанаў з Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калюмбіі (ФАРК), што разьмяшчалася на тэрыторыі саюзнага з Вэнэсуэлай Эквадору.

Генэральны сакратар Інтэрполу Рональд Нобл паведаміў пра вынікі экспэртызы, праведзенай арганізацыяй. Яна ня выявіла ніякіх маніпуляцый са зьмесьцівам лэптопаў: экспэрты не знайшлі ніякай «мадыфікацыі, зьмены, дабаўленьня або выдаленьня» файлаў з дадзенымі на кампутарах і носьбітах інфармацыі. Адпаведны рапарт Інтэрполу на 102 старонках можна прачытаць тутака.

Вынік экспэртызы Інтэрполу — гэта сур'ёзны ўдар па рэпутацыі Чавэса, але таксама і Беларусі.

Зь перапіскі тэрарыстаў з Чавэсам вынікае, што Вэнэсуэла фінансавала герылью. Сума фінансаваньня магла скласьці нават 300 мільёнаў даляраў.

Эквадор удзельнічаў у гэтых таемных апэрацыях — дзіўна ўжо тое, што база партызанаў, якія на сёньня ўтрымліваюць у закладніках 700 чалавек, свабодна існавала на ягонай тэрыторыі.

Беларусь жа фігуруе ў матэрыялах лэптопаў як крыніца паставак зброі, прычым у лісьце да Рэеса гаварылася пра асабістую сустрэчу беларускага прадстаўніка з пасланцам тэрарыстаў.

Гішпанская газэта «Эль Паіс» першай працытавала э-мэйл Івана Маркеса, лідэра Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калюмбіі, датаваны 8 лютага: «Беларускі сябар прапанаваў рэалізаваць пакет на чорным рынку, каб пазьбегчы праблемаў. 17-га гэтага месяца у Каракас прыедзе высокі прадстаўнік гэтага сябра, каб удакладніць сьпіс. Анёл папрасіў нас прысутнічаць, каб мы асабіста сустрэліся з дэлегатам. Гэта вельмі важна».

«Анёла» газэта расшыфроўвае як Чавэса. «Прадстаўніком сябра» жа лічыць Віктара Шэймана. «Шэйман быў адным з тых, хто прабіваў падпісаныя летась кантракты на пастаўку зброі ў Вэнэсуэлу на 720 млн эўра», — піша газэта.

Нагадаем, што 15—19 лютага адбыўся афіцыйны візыт у Вэнэсуэлу беларускай дэлегацыі на чале зь дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Віктарам Шэйманам.

Пацьверджаньне сувязяў Чавэса з ФАРК можа зашкодзіць ягоным пазыцыям як унутры краіны, так і за межамі. Паводле апытаньняў, 90 % вэнэсуэльцаў асуджаюць дзейнасьць ФАРК. Калюмбійская герылья ўнесеная ў амэрыканскі і эўрапейскі сьпісы міжнародных тэрарыстычных арганізацый.

ФАРК вядзе партызанку ўжо 40 гадоў. Напачатку за ФАРК стаяла баявое крыло Кампартыі, але з часам, калі стала відавочна, што ФАРК скацілася да наркагандлю і бандытызму, камуністы разарвалі з крывавай групоўкай.

Прэзыдэнты Вэнэсуэлы і Эквадору, што прыйшлі да ўлады на хвалі антыамэрыканскага папулізму, здаўна ненавідзяць прэзыдэнта Калюмбіі — вернага саюзьніка ЗША, які абапіраецца на дапамогу Вашынгтону ў барацьбе супраць наркамафіі і партызанкі.

Вэнэсуэла настойвае, што файлы, здабытыя Калюмбіяй пасьля таго, як яна атакавала паўстанцкі лягер у Эквадоры, фальшывыя.

Дзяржаўны сакратарыят бясьпекі Беларусі назваў публікацыю ў «El Pais» «домысламі». Прадстаўнікі Рады бясьпекі спаслаліся на папярэджаньні Чавэса, які казаў, што Злучаныя Штаты арганізуюць укіданьне ў СМІ такога кампрамату, каб дыскрэдытаваць кіраўніцтва Вэнэсуэлы.

Вынікі экспэртызы Інтэрполу ставяць пад сумнеў абвяржэньні Чавэса і беларускага боку, і Беларусь можа трапіць у няпростае становішча на міжнароднай арэне, бо разам з Вэнэсуэлай наша краіна можа трапіць у сьпіс дзяржаваў-спонсараў тэрарызму.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс ужо назваў заяву Інтэрполу «клаўнадай». Ён так пракамэнтаваў гэтую інфармацыю: «Доказы? Ды кожны юрыст-першакурсьнік ведае, што ніякія гэта ня доказы. Гэта нічога не даказвае!»

Каментары24

Цяпер чытаюць

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол2

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам мужчына наступіў на асу і памёр3

Беларускі прараб вырашыў дапамагчы падначаленаму таджыку — і выпадкова наткнуўся на расійскага паліцэйскага, які не ўзяў хабар1

«17 стабальнікаў у аднаго настаўніка». Віцебская гімназія пабіла рэкорд Ліды3

Амерыканскі экіпаж збітага верталёта Apache упершыню ў гісторыі выратавалі з дапамогай беспілотнага катара

Ціханоўская сустракаецца з прэзідэнтам Чэхіі3

Алесь Бяляцкі стварыў уласны фонд9

Дачніка на прабежцы суправаджаў мядзведзь

У Брэсце з'явіліся незвычайныя дарожныя арыенціры для турыстаў3

Мазаічныя вітражы, унікальныя люстры. Як рэстаўруюць галоўны ЗАГС Мінска

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол2

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць