«Прашу не секчы галаву»: медыкі Ласіцкі і Краўчонак выступілі з апошнім словам
1 лютага ў Мінскім гарадскім судзе з апошнім словам па «справе медыкаў» выступілі экс-намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі і былы галоўны доктар гарадской стаматалагічнай паліклінікі №12 Уладзімір Краўчонак. Абодвух судзілі за хабар, які яны бралі ад кіраўнікоў фірмаў, што пастаўляюць медабсталяванне, піша Еўрарадыё.

У сваім апошнім слове Уладзімір Краўчонак папрасіў не адпраўляць яго ў калонію. Ён сказаў, што раскайваецца «ва ўсіх эпізодах сваіх супрацьпраўных дзеянняў, пра якія паведаміў дабравольна».

«Прашу высокі суд прызначыць мне больш мяккі прысуд, чым прадугледжае маё злачынства, па якім мяне абвінавачваюць… Так, я згодны несці крымінальную адказанасць за свае дзеянні. Але прашу прызначыць мне іншае пакаранне замест пазбаўлення волі. Прашу ўлічыць яўку з павіннай, чыстасардэчнае прызнанне.., маю сумленную працу ў сферы аховы здароўя, наяўнасць дачкі-студэнткі, бацькоў у сталым узросце, якім патрэбны догляд. У маці ўчора здарыўся інсульт. Мая праца прынясе людзям больш карысці, чым маё знаходжанне за кратамі…Ёсць пагаворка: «Павінную галаву меч не сячэ». Прашу не сячы маю галаву».
Ігар Ласіцкі ў сваім апошнім слове заявіў, што прызнае віну і «не збіраецца аспрэчваць ніводны эпізод». «Выбачаюся перад судом за жаль да сябе. Складаныя жыццёвыя абставіны аслабілі кантроль, таму я здзейсніў злачынства. Хачу, каб суд улічыў стан майго здароўя і заслугі перад айчынай».
Пракурор Юрый Шарснёў папрасіў пакараць Ігара Ласіцкага 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзіміра Краўчонка — 5 гадамі зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Шарснёў адзначыў, што абодва абвінавачаныя прызналі сваю віну, напісалі яўкі з павіннай ды супрацоўнічалі са следствам, кампенсавалі нанесеныя дзяржаве страты.
Прысуд па справе Ігара Ласіцкага і Уладзіміра Краўчонка агучаць 8 лютага.
Згодна з агучанымі матэрыяламі справы, сумы «ўзнагароджанняў», якія бралі Ласіцкі і Краўчонак, вар'іраваліся ад 300 рублёў да €15 000.
Былому намесніку міністра Ласіцкаму ставяць у віну ч. 3 арт. 430 КК РБ (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду).
У абвінавачанні фігуруе эпізод перадачы яму хабару ў $2000 ад Краўчонка — нібыта за дапамогу ва ўрэгуляванні пытання, звязанага з клінічнымі выпрабаваннямі новых зубных імплантатаў.
Ласіцкі прызнаўся, што ён выдаткоўваў атрыманыя грошы на лячэнне некрозу галоўкі тазасцегнавага сустава і аплаты вучобы сына ў БДМУ. Ад ліпеня 2018 года экс-намеснік мінсітра знаходзіцца пад вартай.
Былога галоўнага доктара Краўчонка абвінавачваюць па двух артыкулах: чч. 2 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна, у асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) КК.
Краўчонак правёў у СІЗА 4 месяцы, а з кастрычніка 2018 года пераведзены пад хатні арышт, працуе стаматолагам у 7-й стаматалагічнай паліклініцы. У пачатку студзеня стала вядома, што Краўчонак заключыў дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве. Ён прызнаўся, што на атрыманыя грошы адпачываў з жонкай у санаторыі і за мяжой, а таксама аплачваў навучанне дачкі ў медуніверсітэце.
Цяпер чытаюць
«Надзея Сцяпанаўна». Мікіта Найдзёнаў апублікаваў паэму, якая нарадзілася ў Жодзінскай турме. Такога паэтычнага эпасу ў беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя яшчэ не было
Каментары