Грамадства

«Еду а 4 раніцы, бо людзей вельмі шмат». У новым СІЗА ў Калядзічах — праблемы з перадачамі

Родныя падследных у новым СІЗА, куды перасялілі зняволеных з Валадаркі, вымушаныя прыязджаць туды а 4-5 раніцы, каб паспяваць аддаць перадачу. Чарга можа заняць палову дня. «Медыязона» знайшла некалькі родных зняволеных і даведалася, што адбываецца з адпраўкай перадач.

Фота: Realt.onliner.by

Супрацоўнікі стараюцца, але не спраўляюцца

Летам гэтага года ўсіх падследных з ізалятара на Валадарскага ў Мінску перамясцілі ў новы будынак СІЗА — у Калядзічы, а дакладней у вёску Пашковічы каля Калядзічаў, за 14 кіламетраў ад Мінска. Як піша тэлеграм-канал Mayday.team, сітуацыя з перадачамі пагаршаецца таксама з-за пачатку рамонту ў турме №8 у Жодзіне. Падследных, якія ўтрымліваюцца там, перапраўляюць у СІЗА ў Калядзічах.

Мінімум двое зняволеных, якія паспелі там пабываць, чулі, што частка супрацоўнікаў звольнілася пасля пераезду СІЗА. Родная аднаго з падследных расказала «Медыязоне», што ў ізалятары працуюць звычайна не ўсе акенцы для прыняцця перадач, а толькі два-тры.

«Супрацоўніцы там вельмі добрыя і хутка ўсё прымаюць. Але я на перадачу ўсё роўна еду а 4 раніцы, бо людзей вельмі шмат», — кажа яна.

У пачатку месяца і перад святамі, каб раніцай быць на месцы і заняць чаргу, тым, хто не з Мінска, трэба выязджаць ноччу.

«Я прыехала а 4.55 і была 50-я ў чарзе. У суботу нават не ведаю, што там будзе», — расказала жанчына, якая перадавала перадачу ў будні дзень.

У суботу горш за ўсё

У суботу ў ізалятар прыязджаюць тыя, хто з-за працы ці доўгай дарогі не можа прыехаць у будні.

«Я збіраюся ехаць у суботу, і мне сказалі, што чаргу трэба займаць з пятніцы. У мінулы раз мы выехалі ў тры ночы, там былі ў пяць, і ўжо былі трыццаць другія», — кажа родная зняволенага.

Іншая жанчына паведаміла, што, прыехаўшы ў суботу да сямі раніцы, апынулася ў чарзе амаль 150-й.

Чакаюць у машынах і на вуліцы, бяруць з сабой раскладныя крэслы

Адкрыццё ізалятара прыбыўшыя родныя чакаюць на вуліцы ці ў машынах. І летам, і цяпер. Памяшканне для прыняцця перадач адкрываецца ў 8 раніцы — з гэтага часу можна чакаць унутры. Там ёсць крэслы і дываны, але многія прыязджаюць з уласнымі раскладнымі крэсламі, бо месцаў усім не хапае.

Адна з родных расказала «Медыязоне», што такі «ажыятаж» ствараюць тыя, хто прыязджае сем’ямі, каб адправіць перадачу.

«Не адзін чалавек на перадачу, а цэлай сям’ёй — вось і атрымліваецца, што месца ў памяшканні мала. Самі ствараюць чэргі, а потым жаляцца. Штосьці можна адпраўляць поштай. І ніхто там, дарэчы, не галадае, іх жа кормяць. Можна грошы на рахунак пакласці, каб чалавек там мог купіць, што яму трэба ў краме», — сказала яна.

Іншагароднія едуць па некалькі гадзін у адзін бок

Родная аднаго з падследных з Магілёўскай вобласці расказала, што дарога ў адзін бок займае ў яе больш за тры гадзіны, таму перадачы яна возіць толькі адзін-два разы на месяц.

«Хацелася б часцей, але не атрымліваецца зусім», — кажа яна.

Жанчыны з Брэста пісалі ў чаце, што не могуць прывозіць прадукты часцей, чым раз-два на месяц, бо «дарога займае час і абыходзіцца не танна».

Дапамагае пошта — без свежых прадуктаў, але і без чэргаў

Каб пазбегнуць чэргаў, нехта з родных адпраўляе прадукты і рэчы па пошце. Але фрукты ці гародніна, якіх няма ў рацыёне зняволеных, такім чынам перадаць нельга, бо яны адносяцца да прадуктаў, якія хутка псуюцца.

«Я ўсё даведваюся праз адваката, яна кажа, што чэргі вельмі вялікія, і лепш па пошце. Па тым, што пішуць у чаце, чэргі дагэтуль вялікія. Лісты даходзяць, пасылкі таксама, таму мы справімся так», — расказала «Медыязоне» родная зняволенага.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу2

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Усе навіны →
Усе навіны

Каля берагоў Пуэрта-Рыка знайшлі самалёт, які разбіўся 74 гады таму1

У Тбілісі знясуць архітэктурны аб'ект, які павінен быў стаць адным з сімвалаў горада16

Wildberries пасля ўкраінскіх атак выдаліў раздзел «Усё для СВА»4

На Гродзеншчыне вайсковыя камісары адправіліся вучыць сялян збіраць ураджай12

«З Беларусі ў турму». Назву нашай краіны абыгралі на вясёлым шоу ў Вільні8

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі3

Многія рыбакі дагэтуль ловяць са свінцовым грузілам. Але свінец моцна шкодзіць прыродзе6

Пад Віцебскам спынілі кіроўцу, які ляцеў з хуткасцю 172 км/г3

На Слонімшчыне школьнікі знайшлі 500 артэфактаў і манету XVII стагоддзя

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу2

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць