Міру ва Украіне не дабіцца без ціску на РФ, заявілі еўрапейскія лідары напярэдадні перамоў Пуціна і Трампа. Яны таксама патрабуюць перад перамовамі спыніць агонь і гарантый Украіне ў будучым.

Намаганні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа «па спыненні забойстваў ва Украіне» і развязанай РФ вайны вітаюць у Еўропе, але толькі спалучэнне дыпламатыі, вайсковай падтрымкі Кіева і ціску на Маскву дазволіць дасягнуць трывалага і справядлівага міру. Пра гэта сказана ў сумеснай заяве лідараў краін Еўропы, распаўсюджанай у нядзелю, 10 жніўня, піша DW.
Свае подпісы пад заявай паставілі прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, яго калегі з Італіі і Польшчы Джорджа Мелоні і Дональд Туск, прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб і кіраўніца ЕК Урсула фон дэр Ляен. Яны выказалі гатоўнасць падтрымаць працу па дасягненні міру ва Украіне, але пры гэтым паўтарылі — рашэнне павінна абараняць інтарэсы бяспекі Украіны і Еўропы.
«Мы згодныя з тым, што гэтыя жыццёва важныя інтарэсы ўключаюць неабходнасць трывалых і надзейных гарантый бяспекі, якія дазволяць Украіне эфектыўна абараняць свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць. Украіна павінна свабодна выбіраць свой лёс. Канструктыўныя перамовы могуць праводзіцца толькі ва ўмовах спынення агню або скарачэння баявых дзеянняў», — заявілі партнёры Кіева.
Аўтары звароту таксама нагадалі, што поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну парушае Статут ААН і шэраг іншых міжнародных дамоўленасцяў.
Лідары Еўропы паўтарылі — перамовы пра мір ва Украіне не могуць весціся без самой Украіны. «Мы па-ранейшаму прыхільныя прынцыпу недапушчальнасці змянення міжнародных межаў сілай», — падкрэсліваецца ў заяве.
NBC: Белы дом можа запрасіць Зяленскага на сустрэчу Пуціна і Трампа ў Алясцы
Заклік да абавязковага ўдзелу Украіны ў перамовах пра мір гучыць на фоне таго, як ЗША зноў вядуць з Масквой дыялог пра заканчэнне вайны.
На 15 жніўня ў Чынвінгу на Алясцы запланаваны саміт прэзідэнтаў ЗША і РФ Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна. Пра яго стала вядома па выніках візіту спецпасланніка Трампа Сціва Уіткафа ў Маскву 6 жніўня. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо заявіў, што «дарыць» сваю зямлю РФ украінцы не будуць.
Амерыканскі тэлеканал NBC са спасылкай на неназваныя крыніцы паведаміў, што Белы дом разглядае пытанне пра магчымы ўдзел Зяленскага ў сустрэчы на Алясцы, аднак рашэнне з гэтай нагоды яшчэ не прынята.
Трамп раней заяўляў, што Кіеў і Масква павінны весці прамыя перамовы, але Пуцін ад сустрэчы з Зяленскім ухіляецца, заяўляючы, што для гэтага патрэбныя «пэўныя ўмовы».
Зяленскі: Пуцін баіцца санкцый, але хоча прадаць паўзу ў забойствах даражэй
На фоне абмеркавання запланаванай сустрэчы Пуціна і Трампа прэзідэнт Украіны закрануў тэму перамоў з РФ у чарговым сваім відэазвароце. Паводле слоў Зяленскага, вопыт адносін з Масквой паказвае, што яе патрабаванні выконваць нельга — гэта толькі распальвае Пуціна.
«Яму дазволілі ўзяць Крым, і гэта прывяло да акупацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях. Ён не атрымаў папераджальнага пакарання, калі сабраў кантынгент на нашых межах — гэта прывяло да поўнамаштабнай вайны і акупацыі іншых частак Украіны», — заявіў Зяленскі.
У той жа час, адзначыў украінскі лідар, Пуцін «баіцца санкцый і робіць усё, каб сысці з іх». Аднак кіраўнік Крамля «спрабуе прадаць спыненне смерцяў максімальна дорага», патрабуючы ўзамен легалізаваць акупацыю захопленых рэгіёнаў Украіны. Кіеў не дапусціць чарговай спробы РФ падзяліць краіну, указаў прэзідэнт Украіны.
Каментары
Украине достаточно разменять украинские территории на украинские территории, а, Россия, за это, получит отмену санкции, отмену репарации, отмену уголовного преследования военных преступников России, гарантии невступления Украины в НАТО, сокращение украинской армии, её разоружение.
Ну и скромный бонус, для миротворца из США, - долгожданная и желаемая премия мира от Нобеля.
А на конт гарантый бяспекі іх можа быць толькі две: моцная ўласная армія( + асабістая вайсковая вытворчасць) і твяроўая знешняя палітыка ў бок Масквы.