Свет11

На конкурсе ў Італіі перамог малюнак крэйдай у гонар абраза ў беларускім Будславе. Аўтарка — мексіканка

У італьянскім мястэчку Грацые-дзі-Куртатонэ ў правінцыі Мантуя на традыцыйным конкурсе малюнкаў крэйдай на асфальце ў 2025 годзе прызёрам стала праца, прысвечаная Будслаўскай іконе Божай Маці, піша сайт «Беларусь и мир».

Мексіканка Альба Роса Амерскуа са сваёй працай. Фота: арганізатары

У спаборніцтвах прынялі ўдзел 118 вулічных мастакоў, у асноўным італьянцаў, але 28 з іх былі гасцямі з іншых краін — ЗША, Мексікі, Канады, Японіі, Эквадора, Парагвая, Сербіі, Германіі, Нідэрландаў і іншых.

Яны павінны былі за паўтара дня, з 07.00 чацвярга 14 жніўня да 16.00 пятніцы 15 жніўня стварыць каляровымі крэйдамі на асфальтавым пакрыцці двара мясцовай базілікі Найсвяцейшай Панны Марыі малюнкі на тэму «Мадонны з усяго свету».

У той жа вечар пятніцы, улічваючы ў тым ліку недаўгавечнасць работ, журы — мастацтвазнаўцы, святары, журналісты і іншыя эксперты на чале з гісторыкам Джардана Бруна Гуэры — выбралі пераможцаў у трох катэгорыях.

На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу. Фота: арганізатары

У катэгорыі Maestri Madonnari найлепшай прызналі крэйдавую карціну «Мадонна Аахаки (Мексіка)» італьянкі Джуліі Мандзані, у катэгорыі Madonnari Qualificati — «Мадонна з базілікі ў Тындары (Італія)» яе сястры Алічэ Мандзані.

І нарэшце, у катэгорыі Madonnari Semplici першае месца прысудзілі працы пад назвай «Укаранаваная Мадонна з Будслаўскага касцёла (Беларусь)». Яе аўтаркай стала мексіканка Альба Роса Амерскуа.

Як растлумачылі ў журы, «малюнак, прысвечаны абразу, шанаванаму ў славянскіх краінах, паспяхова спалучае пяшчоту Боскага мацярынства з пачуццёвасцю, характэрнай для лацінаамерыканскай мастацкай традыцыі».

Пры гэтым праца мексіканкі не з'яўляецца копіяй вядомай беларускай святыні — адной з найбольш важных для каталікоў нашай краіны вобразаў Багародзіцы. Яна хутчэй створаная па матывах Будслаўскага абраза.

Работа, якая перамагла ў катэгорыі Maestri Madonnari. Фота: арганізатары

Выявы Панны Марыі і Ісуса аздобленыя радкамі са славянскіх літар, якія не складваюцца ў словы і якія маюць асаблівасці, характэрныя для твораў штучнага інтэлекту. Магчыма, мастачка звярталася да яго дапамогі.

Што за конкурс

У Грацые-дзі-Куртатонэ штогод адзначаецца старадаўняе свята Fiera delle Grazie, назву якога можна перакласці як «Кірмаш у Грацые» ці як «Кірмаш Божай ласкі». Часам яго заснавання лічыцца 1425 год. Гэта значыць, сёлета адзначалася 600-годдзе.

Неад'емнай часткай кірмашу ў наш час стаў Нацыянальны форум маданары, які праходзіў цяпер ужо ў 51-ы раз. Маданары — так называюцца мастакі, якія малююць на асфальце. Гэты від народнага стрыт-арта ў Італіі мае глыбокую гісторыю

Работа, якая перамагла ў катэгорыі Madonnari Qualificati. Фота: арганізатары

З XVI стагоддзя падчас святаў жывапісцы стваралі на вуліцах малюнкі на рэлігійныя матывы, у асноўным — Мадонну з маленькім Ісусам на руках. Малявалі пілавіннем, рознакаляровым пяском і пялёсткамі кветак. Цяпер гэта робяць у асноўным крэйдай.

На форуме маданары ў Грацые-дзі-Куртатонэ мастакам кожны раз звычайна даецца нейкая тэма, і за суткі з лішкам яны ператвараюць двор мясцовай царквы Найсвяцейшай Панны Марыі ў дзівосную выставу пад адкрытым небам.

Напрыклад, у 2024 годзе майстры вулічнага жывапісу стваралі галерэю работ, прысвечаную «Боскай камедыі» Дантэ Аліг'еры. А ў 2023 годзе асноўнай тэмай быў рух да міру і сяброўства паміж народамі.

Так выглядае двор царквы ў Грацые-дзі-Куртатонэ падчас конкурсу. Фота: арганізатары

Усё адбываецца вельмі сур'ёзна. Напрыклад, мерапрыемства пачынаецца з абраду асвячэння крэйдаў і блаславення удзельнікаў біскупам Мантуі. А паглядзець на творчасць з'язджаюцца тысячы турыстаў і паломнікаў.

Карціны, што зразумела, пражываюць вельмі нядоўгае жыццё — бачыць іх можна фактычна толькі да першага вялікага дажджу. Аднак творы фатаграфуюць, захоўваючы для нашчадкаў. Рэпрадукцыі захоўваюць у мясцовым музеі маданары і часта выстаўляюць на вуліцах.

Каментары1

  • .
    21.08.2025
    Штучны Інтэлект настолькі вялікі, што нават яго трызненне перамагае творчасць простых людзей :)

    Псеўдаславянскі подпіс сапраўды шызафрэнічны.

Цяпер чытаюць

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Усе навіны →
Усе навіны

Па Магілёве курсіраваў аўтобус з вялікай дзіркай у падлозе3

«Спадзяюся, але не факт, што паступлю»: абітурыентка, якая здала ўсе іспыты на 100 балаў16

Беларускі шахцёр пайшоў у IT. А пасля кінуў працу і стварае свой брэнд карамелі3

Такога дзіцячага садка вы яшчэ не бачылі. Яго спраектаваў лаўрэат «архітэктурнага Нобеля»9

Выйшаў зборнік турэмных эсэ Мікалая Статкевіча

Грунвальдскі музей адказаў на просьбу беларусаў паставіць на полі бел-чырвона-белы сцяг27

Парламент Францыі прыняў закон аб эўтаназіі, нягледзячы на супраціў многіх дэпутатаў3

Зяленскі прапанаваў Сяргея Карэцкага на пасаду прэм'ера Украіны2

Чаму кароткая праграма пральнай машыны не найлепшы выбар3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць