Фонд запусціў збор у падтрымку дзяцей беларускіх палітвязняў, прымеркаваны да Дня абароны дзяцей і пачатку летніх вакацыяў.

Першапачатковая мэта збору складае 10 тысячаў еўра, але можа змяняцца з увагі на тое, колькі заявак на дапамогу будзе атрымана.
На кожнае дзіця да 16 гадоў будзе выплачана па 100 еўра. Заяўкі на атрыманне дапамогі будуць прымацца да 31 мая ўключна. Заяўкі прымаюцца ад бацькоў, якія знаходзяцца як у Беларусі, так і за мяжой.
Зазвычай гэтыя грошы ідуць на пакупку летняй вопраткі, аплату дадатковых заняткаў, псіхалагічную дапамогу і арганізацыю адпачынку. Летась нам удалося сабраць сродкі для 252 дзяцей.
Хто можа падаць заяўку на атрыманне дапамогі?
— Сем’і палітвязняў з дзецьмі, у якіх адзін з бацькоў або абодва знаходзяцца ў зняволенні не менш за тры месяцы (у тым ліку, на «хіміі» з накіраваннем або без);
— былыя палітвязні з дзецьмі, якія вызваліліся пасля 1 студзеня 2024 года;
— бацькі, якія адбываюць «хатнюю хімію» — пры гэтым маюць інваліднасць, альбо з’яўляюцца пенсіянерамі, альбо выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.
Падтрымліваючы гэты збор, мы паказваем, што адказнасць і салідарнасць мацнейшыя за страх і абыякавасць. Лета павінна заставацца часам дзяцінства — і разам мы можам зрабіць так, каб у гэтых дзяцей яно было больш радасным.
Каментары