Эканоміка1919

Амерыканскаму ўласніку парку «Сула», выхадцу з Беларусі, прадалі будынкі былога яўрэйскага гета ў Навагрудку

Рашэнне ўладаў не падабаецца Іўдзейскаму рэлігійнаму аб’яднанню, якое таксама хацела стаць сузаснавальнікам музея гета. Не падабаецца і Тамары Вяршыцкай, першай дырэктарцы музея. Але Андрэй Запольскі, уласнік «Сулы», і яго партнёр па бізнэсе і былы школьны сябар Яўген Мельцэр даказваюць: гэта не будзе парк забаў.

Помнік на месцы гета ў Наваградку. Архіўнае фота: Наша Ніва

Яшчэ ў 2025 годзе будучыня Музея яўрэйскага супраціву ў Навагрудку падавалася вызначанай. У ліпені таго года мясцовыя ўлады падпісалі з Фондам міру і Іўдзейскім рэлігійным аб’яднаннем у Беларусі (ІРА) трохбаковае пагадненне аб стварэнні Беларускага музея Халакосту і Супраціву. Гэты праект павінен быў стаць пераемнікам невялічкага музея, які дзейнічаў з 2007 года, і ператварыць яго ў больш маштабную навуковую і мемарыяльную пляцоўку.

Аднак у 2026 годзе сітуацыя кардынальна змянілася. Навагрудскі выканкам выставіў тэрыторыю на аўкцыён. ІРА пра гэта не апавяшчалі.

Таргі адбыліся 16 лютага і працягваліся менш за хвіліну. Адзіным прэтэндэнтам быў Андрэй Запольскі — прэзідэнт прыватнай кампаніі Wurtland Oil Works (WOW) з Кентукі (ЗША) і ўладальнік інтэрактыўнага парка «Вялікае княства Сула». Пры пачатковым кошце 544 тысячы рублёў за аб'ект бізнэсовец у выніку заплаціў больш 571 тысячу беларускіх рублёў — кошт першага кроку.

Іўдзейскае рэлігійнае аб’яднанне ў Беларусі сур'ёзна занепакоенае гэтым, піша выданне Jewish News. 

Аўтар артыкула звяртае ўвагу, што «Сула» рэкламуецца як прастора, «дзе гісторыя ажывае». Уваход каштуе 35 беларускіх рублёў для дарослых. Сярод забаў — пляжная зона з альтанкамі, рэстараны, дзіцячыя пляцоўкі, зона грылю, якая працуе па выхадных, і катанне на поні для малых. Крытыкі рашэння баяцца, каб камерцыйна паспяховы падыход «Сулы» не перанеслі і на месца памяці ў Навагрудку.

Старшыня Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Артур Ліўшыц хацеў бы, каб будынкамі на месцы былога гета апекавалася яго структура. Ён даводзіць, што ў 2025 годзе яны прэзентавалі ўладам Навагрудка сваю канцэпцыю стварэння Музея Халакосту. Ідэю тады падтрымаў і Фонд міру — падкантрольная ўладам псеўдаграмадская арганізацыя.

Падпісанне трохбаковага пагаднення ў ліпені 2025 года. Фота: jewishnews.co.uk

Гаворачы пра трохбаковае пагадненне 2025 года, Ліўшыц адзначыў, што тады былі ўзгоднены тэрміны паэтапнай рэалізацыі праекта і створана група экспертаў. Была праведзеная сумесная міжнародная канферэнцыя з удзелам навукоўцаў і спецыялістаў па Халакосце з Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраіля і Расіі. Па словах старшыні аб'яднання, «было надзвычай балюча даведацца, што пагадненне было скасавана без якіх-небудзь абмеркаванняў».

Галоўнае пытанне Ліўшыца гучыць так: «Як можна прадаваць памяць? Памяць пра тых, хто загінуў у той вайне, і памяць пра тых, хто выжыў? <…> Уявіце, што прадаюць Сабібор ці Хатынь? Сама думка аб продажы такога сакральнага месца, прасякнутага слязамі і крывёю невінаватых людзей, якія больш не могуць абараніць сваю праўду, проста невыносная — але для Навагрудка гэта стала рэальнасцю».

Бізнэс-партнёр і школьны сябар новага ўладальніка Яўген Мельцэр на пытанне Jewish News адказаў, што яны абодва «толькі-толькі даведаліся» пра папярэдні ўдзел Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання ў гэтым праекце. Паводле яго слоў, у іх разуменні пагадненне 2025 года наогул «не было дамовай».

«Быў нейкі ліст аб узаемаразуменні ці нешта падобнае. І паколькі з таго часу нічога не было зроблена, маёмасць выставілі на аўкцыён, мы паўдзельнічалі і выйгралі», — цытуе выданне словы Мельцэра.

У адказ на асцярогі, што іх праект двухпавярховага будынка будзе падобны да тэматычнага парка «Сула», Мельцэр даводзіць, што, у адрозненне ад «Сулы», у Навагрудку будзе рэалізаваны менавіта некамерцыйны праект.

Андрэй Запольскі, стваральнік парка «Сула». Фота Holiday.by

Як расказвае кіраўніца брытанскай арганізацыі The Together Plan і член Асацыяцыі захавання еўрапейскай яўрэйскай спадчыны Дэбра Брунэр, 26 мая яна сустрэлася з мэрам Навагрудка. Ёй паказалі ўчастак і азнаёмілі з планамі мемарыяльнага комплексу.

«Я выйшла адтуль глыбока занепакоенай пасля таго, як мэр пацвердзіў, што гэта будзе «імерсіўны вопыт гета», уключаючы манекены, апранутыя ў форму нацысцкіх ахоўнікаў, і яўрэйскіх вязняў, якія паўзуць праз тунэль», — дзеліцца Брунэр.

Тамара Вяршыцкая, стваральніца музея 2007 года і спецыяліст па гісторыі Навагрудскага гета, расказала выданню, што сустракалася з Запольскім, але катэгарычна адмовілася ад супрацоўніцтва.

«Я сказала яму, што не магу ўдзельнічаць з ім у гэтым праекце па некалькіх прычынах, у тым ліку з-за падпісанага раней пагаднення. Я шмат разоў казала яму: калі ён хоча калючы дрот і манекены, я не буду ў гэтым удзельнічаць. І кожны раз ён пацвярджаў, што будзе гэта выкарыстоўваць», — прыводзіць выданне словы Вяршыцкай.

Помнік удзельнікам уцёкаў з гета. Навагрудак. Фота: Наша Ніва

У сваю чаргу Андрэй Запольскі наконт выкарыстання манекенаў і калючага дроту заўважае: «Гэта канцэпцыя, якую мы вывучаем. Калі вакол лагера быў калючы дрот, то мы стараемся зрабіць усё максімальна гістарычна дакладна, і гэта можа ўключаць манекены, каб перадаць суадносіны нямецкіх салдат і яўрэяў». Па яго словах, манекены і вітрыны выкарыстоўваюцца ў кожным музеі свету для экспанавання гістарычных артэфактаў.

Аднак прадстаўнікі з Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання адзначаюць, што на самой тэрыторыі гета нямецкія салдаты не размяшчаліся пастаянна — яны наведваліся туды толькі зрэдку. Ахову ажыццяўлялі паліцаі.

Крытыкі продажу аб'екта новым уласнікам сцвярджаюць, што новыя ўладальнікі плануюць адкрыць гатэль у адным з будынкаў, дзе раней знаходзіліся працоўныя майстэрні гета.

Гэта выклікала хвалю пратэсту: больш за 100 нашчадкаў тых, хто ў 1943 годзе ўцёк праз тунэль з Навагрудскага гета, падпісалі петыцыю на імя Аляксандра Лукашэнкі супраць стварэння «інтэрактыўнага парка». У петыцыі сцвярджаецца, што плануецца будаўніцтва «пастаяннага інтэрактыўнага тэматычнага парка Халакосту, за ўваход у які будуць браць грошы».

Аўтары даводзяць, што з манекенамі, замоўленымі ў Кітаі, планамі па выкарыстанні сабак (жывых ці робатаў), якія брэшуць, будаўніцтвам вартавых вежаў і агароджаў з калючага дроту, трагедыя яўрэяў Навагрудка будзе ператворана ў атракцыён тэматычнага парка.

«Гэта стане абразай памяці ахвяр і нас, іх жывых нашчадкаў. Гэты ганебны працэс павінен быць спынены. Нельга дапусціць, каб трагедыя нашых сем’яў ператварылася ў забаву. Мы апелюем да вашай маралі, каб вы не дазволілі гэтаму здарыцца», — цытуе выданне петыцыю.

Аўтар артыкула сцвярджае, што ўлады Навагрудка ігнаруюць запыты аб каментарыях, а міжнародныя структуры, у тым ліку Інстытут Яд Вашэм, патрабуюць тлумачэнняў у тым ліку праз дыпламатычныя каналы.

Яўген Мельцэр, фота з Linkedin

У сваю чаргу, Яўген Мельцэр клянецца, што музей на месцы пакутніцтва не стане камерцыйным праектам і што ён і Андрэй удзельнічаюць у гэтым «з-за асабістай цікавасці да Другой сусветнай вайны і таму, што яны выраслі ў Мінску», дзе «хадзілі ў такія мясціны, каб раскопваць артэфакты».

Яго дзядуля, Айзік (Ісаак) Рафамлавіч Мельцэр, і сам у вайну ўратаваўся ў атрадзе 106 — другім па велічыні яўрэйскім партызанскім атрадзе, які стаяў лагерам за 7 км ад атрада Бельскіх у Налібоцкай пушчы.

Мельцэр кажа, што валоданне гэтым аб'ектам — гэта «ажыццяўленне мары» для яго і для Андрэя Запольскага. Ён дадае, што аўкцыён «быў праведзены ўладамі, улады выставілі яго на аўкцыён». І яны «не ведалі ні пра што, што нешта было падпісана, абяцана ці ўзгоднена».

Мардэхай і Фаня Дунцы, якія ўцяклі з гета ў Наваградку ў Налібоцкую пушчу. Пасля вызвалення Беларусі са сваім стрыечным братам Хаімам. Архіўнае фота

У сваю чаргу, захавальніца памяці пра гета і стваральніца музея Тамара Вяршыцкая сказала:

«Я не ведаю ніводнай іншай краіны, дзе тэрыторыю гета прадалі б прыватнай асобе, калі там практычна нічога не засталося, літаральна пара будынкаў. Гэта я стварыла той музей, а ўлады ніколі ім асабліва не цікавіліся. Калі мы стваралі музей у 2007 годзе, іх рэакцыя была: «А чаму вас так хвалююць яўрэі?»

«Раптам, — згадвае яна, ёй патэлефанаваў Запольскі і сказаў, — ён у Навагрудку і хоча сустрэцца, бо яму сказалі, што я — той чалавек, які ведае гэтую гісторыю».

Яна кажа, што сустракалася з Запольскім, а таксама з трыма іншымі людзьмі з яго прадпрыемства — парка «Сула», і яны размаўлялі гадзіну.

Тамара Вяршыцкая мае занепакоенасць адносна планаў Андрэя Запольскага: «Ён хоча, каб тысячы турыстаў прыязджалі і наведвалі гэтае месца, што добра, аднак ён паняцця не мае пра каштоўнасць гэтага месца. І ён не хоча чуць, што тое, што ён прапануе — гэта няправільны шлях», — кажа яна.

Фонд міру, які першапачаткова меў быць партнёрам у праекце, не пратэстуе. Рашэнне, прынятае ў ліпені 2025 года, «страціла сваю сілу праз змену пазіцыі Навагрудскага райвыканкаму і яго бачанне формы будучага праекта», сказаў выданню Jewish News Максім Місько, старшыня праўлення гэтай псеўдаграмадскай арганізацыі.

Каментары19

  • Парк імя Міндоўга
    01.06.2026
    Калі будзе скульптура Міндоўга, а? Не хачу ў старажытным Наваградку ісці плакаць па яўрэям. Хачу ганарыцца старажытным літоўскім сталічным горадам!
  • скульптура Міндоўга
    01.06.2026
    Парк імя Міндоўга, ў першай сталіцы ВКЛ хутка будзе усё, і скульптура Міндоўга БЕЗУМОЎНА, нічога благога ў помніка забітым немцамі (з дапамогай Бальшавікоў імперыялістаў) літвакам няма. Спадар, усім хопіць месца ў гэтым месцы
  • Мост
    01.06.2026
    Пусть напишут зятю Трампа Джареду Кушниру, чей дед и бабушка в свое время были узниками этого гетто и спасались через тоннель. Брат Джареда, Джошуа Кушнир (он есть в Инстаграме), несколько лет назад даже приезжал в Новогрудок навестить эти места - они трепетно относятся к своему прошлому.

Цяпер чытаюць

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу2

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Усе навіны →
Усе навіны

У Тбілісі знясуць архітэктурны аб'ект, які павінен быў стаць адным з сімвалаў горада16

Wildberries пасля ўкраінскіх атак выдаліў раздзел «Усё для СВА»4

На Гродзеншчыне вайсковыя камісары адправіліся вучыць сялян збіраць ураджай12

«З Беларусі ў турму». Назву нашай краіны абыгралі на вясёлым шоу ў Вільні8

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі3

Многія рыбакі дагэтуль ловяць са свінцовым грузілам. Але свінец моцна шкодзіць прыродзе6

Пад Віцебскам спынілі кіроўцу, які ляцеў з хуткасцю 172 км/г3

На Слонімшчыне школьнікі знайшлі 500 артэфактаў і манету XVII стагоддзя

«Намагаўся патлумачыць, што 30 літраў — мала». Беларускі айцішнік праехаўся па Расіі і падзяліўся ўражаннямі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу2

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць