Канал, звязаны з Радай бяспекі Беларусі, пагражае ўдарамі па Еўропе, калі Украіна атакуе аб'екты ў Беларусі
Беларуская прапаганда адрэагавала на ўльтыматум Зяленскага пагрозамі ў бок Еўропы.

Тэлеграм-канал «Невальфовіч», які звязваюць з Радай бяспекі Беларусі, у адказ на ўльтыматум Уладзіміра Зяленскага пагражае ўдарамі па Еўропе.
Па версіі канала, калі Украіна атакуе аб'екты на тэрыторыі Беларусі, гэта перанясе вайну ў краіны НАТА.
«Беларусь ёсць часткай «саюзнай дзяржавы», а значыць, будзе мець права люстрана нанесці ўдары па інфраструктуры ЕС, якая выкарыстоўваецца для забеспячэння ўкраінскай арміі», — піша ананімны аўтар канала.
Ён дадае, што менавіта ў Еўропе размешчаны лагістычныя вузлы, заводы, склады і цэнтры падрыхтоўкі УСУ.
Канал таксама спаслаўся на спіс цэляў у Еўропе, апублікаваны Мінабароны Расіі. У ім адрасы вытворчасцей зброі ад Рыгі і Вільні да Мадрыда і нават Анкары. Канал, звязаны з беларускімі ўладамі, намякае на ўдары па гэтых цэлях «Арэшнікам».
Нагадаем, 19 чэрвеня Уладзімір Зяленскі выставіў ультыматум Аляксандру Лукашэнку. Прэзідэнт Украіны запатрабаваў дэмантаваць рэтранслятары для навігацыі расійскіх дронаў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. На гэта Зяленскі даў Мінску тыдзень, пасля чаго, паводле яго слоў, гэтыя рэтранслятары Украіна «дэмантуе» самастойна. Акрамя таго, украінскі прэзідэнт заклікаў Лукашэнку спыніць пастаўкі паліва для расійскай арміі.
Сам Лукашэнка пакуль ультыматуму не каментаваў.
Каментары
Перанясуць яны вайну ў Еўропу..))) Нічога больш смешнага я сення ня чуў.