Еўрапейскі саюз плануе адмяніць мыты на каля 80 працэнтаў прадукцыі, якая імпартуецца з Арменіі. Пра гэта пасля сустрэчы ў Ерэване з прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам паведаміла старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен, піша Bloomberg.

Паводле гэтых планаў, без мытных плацяжоў у краіны ЕС можна будзе пастаўляць свежую гародніну і садавіну, а таксама алкагольныя і безалкагольныя напоі армянскай вытворчасці.
Акрамя таго, Еўрасаюз мае намер выдзеліць Арменіі 52 мільёны еўра і накіраваць у краіну экспертаў, якія дапамогуць пашырыць экспарт армянскай прадукцыі на еўрапейскі рынак.
Праўда, перад тым, як гэтыя меры ўступяць у сілу, іх павінны ўхваліць усе краіны — члены Еўрапейскага саюза і Еўрапейскі парламент.
Эксперты адзначаюць, што Арменія можа сутыкнуцца з цяжкасцямі пры пастаўках у Еўропу прадукцыі, якая хутка псуецца, паколькі краіна не мае прамога выхаду да мора. Таксама не выключаецца, што адмена мытаў на армянскія спіртныя напоі выкліча незадаволенасць вінаробаў у некаторых краінах ЕС, найперш у Францыі.
Раней Расія ўвяла шэраг абмежаванняў на ўвоз армянскай прадукцыі, у тым ліку кветак, мінеральнай вады, гародніны і садавіны. Пасля парламенцкіх выбараў у Арменіі, дзе прарасійскія сілы пацярпелі паразу, забарона была пашыраная на ўсю падкаранцінную прадукцыю.
Каментары