У Навагрудку абновяць музей Халакосту і яўрэйскага супраціву. Возьме ўдзел і Марзалюк
У Навагрудку зарэгістравалі некамерцыйную арганізацыю «Мемарыяльны музей Халакосту і яўрэйскага супраціву». Новая ўстанова стане працягам дзейнасці Музея яўрэйскага супраціву, размешчанага на тэрыторыі былога навагрудскага гета. Праект прадугледжвае стварэнне міжнароднага мемарыяльнага, адукацыйнага і даследчага цэнтра, піша «Радыё Свабода».

Музей будзе расказваць пра адну з найбольш значных старонак гісторыі Другой сусветнай вайны — уцёкі вязняў Навагрудскага гета праз падземны тунэль 26 верасня 1943 года. Гэтая аперацыя лічыцца самым масавым і адным з найбольш паспяховых актаў яўрэйскага супраціву ў акупаванай Еўропе.

Асобнае месца ў экспазіцыі адвядуць гісторыі партызанскага атрада братоў Бельскіх, які дзейнічаў у ваколіцах Навагрудка. Атрад выратаваў каля 1 200 яўрэяў, прымаючы не толькі ўзброеных байцоў, але і дзяцей, жанчын, старых і ўсіх, хто шукаў ратунку.
Абноўлены музей будзе працаваць у фармаце дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Памяшканне ўжо выкупіў беларускі інвестар («Наша Ніва» пісала пра гэтую задуму, якая выклікала спрэчкі), а рэалізацыя праекта разлічаная на тры гады. Навуковым кіраўніком праекта стане праўладны гісторык-дэпутат Ігар Марзалюк, які адзначыў, што галоўная задача музея — захаваць памяць пра трагедыю Халакосту і ўнёсак беларускіх яўрэяў у гісторыю краіны без замоўчванняў і скажэнняў.
Шэдэўр Марка Шагала «Над горадам» упершыню прыедзе ў Беларусь
У Ружанскім палацы ўладкуюць гатэль
У Белавежскай пушчы будуць рабіць канцэртную пляцоўку
Рэстаўратары аднаўляюць знакаміты жыровіцкі іканастас. Але ў гістарычным колеры ў манастыры яго наўрад ці пабачаць
У Віцебску прадаюць будынак былога хедэра, дзе вучыўся Марк Шагал
Каментары