«Я для сябе вызначыўся і хачу аддаць голас за яго».
Ваўкавыскі прадпрымальнік Уладзімір Асіпенка мае намер на прэзідэнцкіх выбарах падтрымаць кандыдатуру лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава. Аб гэтым ён 10 лістапада.
«Мы з Саннікавым яшчэ не гаварылі, але абавязкова пагаворым. Спачатку я хачу сустрэцца з людзьмі, якія абаранялі мяне падчас усёй справы. Я яшчэ не цалкам уліўся ў сітуацыю. Мы з Андрэем гэта абмяркуем, і няхай ён мяне ўвядзе ў курс справы. Я яшчэ толькі прыйшоў. У мяне яшчэ абмежаванні па захаванні рэжыму, я не ведаю, што не магу парушаць і што магу рабіць. З іншага боку, я для сябе вызначыўся і хачу аддаць голас за яго», — заявіў Асіпенка.
Паводле слоў прадпрымальніка, паўнавартасна ўдзельнічаць у кампаніі ён наўрад ці зможа. «Мяне папярэдзілі, што калі будзе хоць адно адміністрацыйнае правапарушэнне, то да мяне будуць прыменены сур’ёзныя меры і сур’ёзныя санкцыі. Таму я павінен стрымліваць сябе і, магчыма, нават чакаць правакацый. Таму я буду максімальна асцярожны. Я маю намер выконваць усе патрабаванні заканадаўства. Я нармальны чалавек, і мне не хочацца зноў губляць свабоду,« — сказаў Асіпенка.
«Тры месяцы прыйдзецца чакаць усё роўна. Умоўная свабода — гэта яшчэ не свабода», — дадаў ён.
Прадпрымальнік паведаміў, што ў найбліжэйшы час збіраецца пабыць з сям’ёй. «Я вельмі даўно яе не бачыў, і буду завяршаць тыя справы, якія не завяршыў. Гэта рамонт у кватэры, які я пачынаў, але не скончыў. З’ездзіць у Кіеў, дзе за час майго зняволення памерла стрыечная сястра, якая вельмі мяне любіла і чакала майго вяртання, наведаць яе магілу. Хачу з’ездзіць да дачкі Вольгі, якая жыве на Кіпры, — яны з мужам даўно мяне запрашалі. І, вядома, буду браць удзел у перадвыбарнай кампаніі. Але самае галоўнае — я салідарны з Аўтуховічам і мы будзем спрабаваць прыцягнуць да адказнасці следчых, якія незаконнымі метадамі вялі нашу справу», — заявіў Асіпенка.
Праваабаронцы лічаць Асіпенку і іншых асуджаных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў палітвязнямі, указваючы на сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суда.
Каментары