Архіў

Уладзімер Содаль.  Лісты з таго сьвету

№ 52 (209), 26 сьнежня 2000 г. — 3 студзеня 2001 г.


 Лісты з таго сьвету

Паштовы дэтэктыў

Што ў мяне здарылася гэтымі днямі, а дакладна, 29-га лістапада 2000-га — такога, мабыць, ні ў кога не здаралася. Дзесь а дзясятай раніцы зазваніў званок. Расчыняю дзьверы, а перад мною Таня Царук з шаснаццатага паверху. У яе ў руках два канвэрты. “Гэта ж я была ў суседнім доме, да сяброўкі хадзіла. Бачу: ляжаць на вакенцы два пісьмы. Адно зь іх ужо добра замурзанае. Зірнула — аж там Ваша прозьвішча. Вось я і прынесла іх вам...” — “Дзякую, — кажу, — Таня... Ужо ня раз такое здаралася, што лісты для нашага дому траплялі ў суседні і, наадварот, — з суседняга ў наш...”

Узяў я тыя капэрты ад Тані, зірнуў на іх — і жахнуўся. Адзін зь іх быў ад дзядзькі Міхала Ляпехі з Багушэвічавых Кушлянаў, другі ад Станіслава Адамовіча, славутага івянецкага кераміста з Старынкаў. Але Божа літасьцівы! Іх жа даўно ўжо няма на сьвеце. Дзядзька Міхал Ляпеха, першы даглядчык Багушэвічавай сядзібы, памёр у 1992 г. І пра Станіслава Адамовіча казалі, што яго даўно ўжо няма. А я вось атрымаў іхнія лісты. Як жа так? Што за дзіва! Таропка нажнічкамі абразаю краі капэртаў і гляджу на даты. Ліст ад дзядзькі Міхала Ляпехі датаваны, Бог ты мой, 25 кастрычніка 1983 г., а Станіславаў аж з 1977 г.!

Дзіва дзіўнае! Ну хіба ня дзіва: 23 гады ляжалі мае лісты на вакенцы ў суседнім доме, і ніхто іх не зглуміў, ня выкінуў, не скамечыў, не спаліў, не парваў! Ляжалі і чакалі, што ўсё ж яны калі-небудзь патрапяць да адрасата. Як жа ім праз гэтулькі гадоў пашчасьціла ацалець?! Клара, жонка мая, выказала меркаваньне: можа, ранейшыя гаспадары прадалі кватэру, а новыя знайшлі іх у якімсьці закутку, выклалі на падваконьні?

Так ужо мяне зачапіў гэты паштовы дэтэктыў, што я наважыўся завітаць у суседні дом — Каліноўскага 82, корпус 1 — якраз туды і былі адрасаваныя лісты. Я ж жыву ў другім корпусе. У 1977 г. гэты адрас быў новы для ўсіх маіх знаёмых. Таму яны, мусіць, не зусім дакладна пазначылі на капэртах нумар корпусу, і тым самым стварылі гістарычны інцыдэнт, пра які я й распавядаю. Такім чынам лісты, пісаныя да мяне, і патрапілі ў 54-ю кватэру суседняга дому. Узрушаны такой падзеяй, я завітаў у згаданую пяцьдзясят чацьвертую кватэру: можа, яе гаспадары што-кольвек прасьветляць?

І вось я цісну на кнопку-гузік пяцьдзясят чацьвертай кватэры суседняга дому. Дзьверы адчыніў сам гаспадар. Тлумачу, чаго я, незнаёмы, завітаў да яго. Гаспадар зь цікавасьцю выслухаў мой дэтэктыў, але дапамагчы нічым ня змог. У іхняй кватэры гэтых лістоў ніколі не было, і як яны гэтымі днямі апынуліся на падваконьні іхняга дому, ён ня мае ніякага паняцьця. А ў кватэры 54 жыве з 1974 г. Гэтак я ні з чым пакінуў суседні дом.

Але думка пра тое, дзе ж гэтак доўга вандравалі знойдзеныя праз дваццаць тры гады лісты, не пакідала мяне. Прыкідваў я і так, і гэтак — і ўсё намарна. На сыходзе дня зноў зьвязаўся з Тацянай Царук, папрасіў яе ўдакладніць яшчэ раз, дзе ўсё ж яна ўгледзела гэтыя дзьве капэрты, адрасаваныя мне.

— На падваконьні, — паўтарыла яна, — на першым паверсе, дзе спрэс паштовымі скрынямі аблеплены сьцены.

— Дык што! — усклікаю я. — Гэтак усе 23 гады яны ляжалі на падваконьніку?!

— Ды не! — запярэчыла Тацяна. — Я досыць часта бываю ў гэтым доме. Але лістоў гэтых ніколі ня бачыла, а сёньня зірнула — ляжаць. Прачытала — Уладзімеру Содалю. А хто ж у нашым доме Содаля ня ведае. Я і забрала іх…

Ну проста містыка якаясь? Містыка містыкай, але павінна быць і якаясь лёгіка.

І тут мне прыгадалася: калі я заходзіў у першы корпус, мне кінуўся на вочы цэлы блёк зрынутых на падлогу паштовых скрыняў. Яны й падказалі мне ўсю разьвязку...

А было з маімі пісьмамі так. Калі яны патрапілі ў паштовую скрыню першага корпусу, гаспадары гэтай скрыні паглядзелі, што лісты не для іх, узялі і, як гэта мы ўсе робім, выставілі іх уверсе на край паштовых блёкаў: маўляў, глядзі, паштарка, гэтыя лісты не да нас! Але аднойчы зь нейкага рэзкага зруху гэтыя лісты і ссунуліся з краёчку паштовай скрынкі, заваліліся за яе і гэтак праляжалі там усе 23 гады, пакуль якісь наўмысьнік ня зьдзёр увесь той паштовы блёк. Як зьдзёр — дык і мае лісты з-пад яго вываліліся. А хтось руплівы падняў ды на акенца паклаў. А тут Бог Таню з нашага дому паслаў у суседні.

Вось і ўся разьвязка гэтага паштовага дэтэктыву. Але ж чытачам, мусіць, хоць трошкі цікава, а пра што ж у тых двух пакутных лістах пісалася?

Дзядзька Міхал паведамляў, што ў 1983 г. 22 кастрычніка Кушляны наведаў мастак Мікола Купава, але, як падалося кушлянскаму рупліўцу, ён не зусім па-людзку прывеціў мастака. Праз гэта ў яго моцна разгуляліся нэрвы, ён ня можа сабе гэтага дараваць, ня можа прыйсьці сам да сябе. “Праз работу ўпусьціў аб людзях заботу!” — рэзюмаваў стан свае душы кушлянскі Дон Кіхот і вельмі прасіў, каб я патэлефанаваў таму Купаву і ад яго імя папрасіў у яго прабачэньня, дараваньня.

Ліст ад Станіслава Адамовіча, нагадваю — ён датаваны аж 1977 годам, напісаны па-польску. У ім вядомы івянецкі кераміст і кнігалюб паведамляў мне некаторыя дадатковыя зьвесткі пра Антона Лойку, уладальніка рукапіснага альбому з 1913 г., які Станіслаў ахвяраваў мне пры нашай зь ім сустрэчы ў Старынках. І вось толькі праз дваццаць тры гады я атрымаў патрэбныя мне зьвесткі пра старынкаўскага ўладальніка рукапіснага альбому — песеньніка Антона Лойку. Зьвесткі гэтыя, хоць і моцна запозьненыя, калі-небудзь мне абавязкова прыдадуцца. А сам гэты паштовы дэтэктыў, безумоўна, неверагодны. Ён, не сумняваюся, будзе запісаны ў аналы нашай пошты як зьява рэдкая і выключная.

Уладзімер Содаль


Каментары

Цяпер чытаюць

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу2

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Усе навіны →
Усе навіны

У Тбілісі знясуць архітэктурны аб'ект, які павінен быў стаць адным з сімвалаў горада16

Wildberries пасля ўкраінскіх атак выдаліў раздзел «Усё для СВА»4

На Гродзеншчыне вайсковыя камісары адправіліся вучыць сялян збіраць ураджай12

«З Беларусі ў турму». Назву нашай краіны абыгралі на вясёлым шоу ў Вільні8

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі3

Многія рыбакі дагэтуль ловяць са свінцовым грузілам. Але свінец моцна шкодзіць прыродзе6

Пад Віцебскам спынілі кіроўцу, які ляцеў з хуткасцю 172 км/г3

На Слонімшчыне школьнікі знайшлі 500 артэфактаў і манету XVII стагоддзя

«Намагаўся патлумачыць, што 30 літраў — мала». Беларускі айцішнік праехаўся па Расіі і падзяліўся ўражаннямі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу2

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць